Павел Шарамет загінуў у Кіеве ў выніку выбуху


У машыне, за стырном якой быў Павел Шарамет, была закладзеная выбуховая прылада.

Аўта належала кіраўніцы выдання «Украінская праўда» Алёне Прытуле, аднак яе ў аўтамабілі не было. Павел Шарамет вёў у гэтай газеце блог. Адзін з апошніх допісаў – «Рэкетиры Лукашенко на дорогах» – быў прысвечаны сістэме аплаты беларускіх дарогаў «BelToll» і штрафу 200 еўраў, які Шарамет мусіў заплаціць месяц таму.

Аўтамабіль выбухнуў а 7:45 раніцы па мясцовым часе пасля таго, як Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.

6c9e8a0-3

Машына, у якой знаходзіўся Павал Шарамет. Фота pravda.com.ua

Паводле ўкраінскіх праваахоўнікаў, здарэнне адбылося ў выніку дэтанацыі выбуховай прылады. Шарамет – заснавальнік выдання «Белорусский партизан». У 2010-м яго пазбавілі беларускага грамадзянства з фармулёўкай «у сувязі з атрыманнем Шараметам расейскага грамадзянства». Паводле інфармацыі «Белорусского партизана», рашэнне зацвердзіў Савет бяспекі, а журналіст расцаніў гэта як помсту ўладаў за яго прафесійную дзейнасць.

У 1997 годзе Шарамет быў затрыманы праваахоўнымі органамі Беларусі, калі здымаў рэпартаж пра празрыстасць на беларуска-літоўскай мяжы. Журналіста абвінавацілі ў парушэнні рэжыму мяжы, незаконнай журналісцкай дзейнасці, а таксама супрацы з замежнымі спецслужбамі. Ён атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна і адзін год выпрабавальнага тэрміну (Завадскі – паўтара года ўмоўна).

З кастрычніку 1999 году па травень 2000-га Шарамет працаваў з Завадскім у Чачэніі, дзе яны здымалі для ОРТ фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 года Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў менскі аэрапорт. Па выніках уласнага следства Шарамет зняў дакументальны фільм «Дзікае паляванне».

Апошнія журналісцкія матэрыялы Шарамета«У закрытым расейскім горадзе паставілі помнік… пропуску» пра Жалезнагорск на беразе Енісею, а таксама рэйтынг «10 няўдалых пераваротаў» для выдання «Гістарычная праўда», які Шарамет напісаў па слядах турэцкага путчу.

Шарамету было 44 гады, у яго засталіся двое дзяцей, сын Мікалай і дачка Лізавета.

Маці Паўла Шарамета паведаміла, што ён будзе пахаваны ў Менску.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў