Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава: «Асабіста мяне ніхто не вербаваў»


Галоўная рэдактарка буйнога парталу выказалася пра допыты ў межах «справы БелТА».

Адпаведны допіс Марына Золатава змясціла ў сваім «Facebook»:

«7 жніўня ў маім жыцці і ў жыцці маіх калегаў шмат змянілася. Вучымся жыць, працаваць і мець зносіны ў новым статусе – статусе падазраваных. А зараз раптам нечакана дадаецца статус «завербаваных». Таму што калі ты не прызнаўся, што завербаваны, значыць, ты завербаваны.

Цалкам сапраўды магу сказаць: асабіста мяне ніхто не вербаваў. І не спрабаваў, дарэчы. Тое ж кажуць і ўсе мае калегі ў рэдакцыі. Дзіма выступіў. Ён зрабіў усё правільна.

І яшчэ. Шмат хто чамусьці лічыць, што «справа БелТА» ужо скончаная. А яна яшчэ толькі пачалася. І чым і калі скончыцца – зусім незразумела.

Мы, як і раней, пішам навіны і артыкулы, усміхаемся і жартуем… І па чарзе ходзім на допыты. Ідзе следства».

25 верасня рэдактар старонкі Finance.tut.by Дзмітрый Бобрык прызнаўся ў Фэйсбуку, што пасля трохгадзіннага допыту ў Следчым камітэце па «справе БелТА» 7 жніўня ён падпісаў дамову аб супрацы. Бобрык паведаміў, што ў ягоны адрас і адрас ягоных блізкіх паступалі прамыя пагрозы. Паводле рэдактара, ён адразу зразумеў, што супрацоўнічаць не зможа.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў