Фільмы – толькі са згодай уладаў. Не толькі паказваць, але і здымаць


Беларускае Міністэрства культуры бярэ пад кантроль кінаіндустрыю. Рыкашэтам адаб’ецца і на журналістах.

Здымкі з пасведчаннем

Беларускае Міністэрства бярэ пад кантроль кінаіндустрыю. Гэта ўдарыць і па журналістах.

«Вытворчасць фільмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь <…> здзяйсняецца пры наяўнасці пасведчання, якое выдае Міністэрства культуры або ўпаўнаважаная ім арганізацыя (арганізацыі) у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністратыўных працэдурах паводле формы, усталяванай Міністэрствам культуры», – напісана ў праекце дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі.

Дакумент, які мае уступіць у сілу 1 студзеня 2016 года, трапіў да рэжысёра Андрэя Курэйчыка, які і апублікаваў яго ў інтэрнэце.

[vc_single_image image=”368440″ img_size=”large”]

Андрэй Курэйчык

Без дазволу толькі… калі не для паказу

Ад атрымання пасведчання ад Міністэрства (і, такім чынам, дазволу) будуць вызваленыя толькі стужкі, якія ствараюцца пры дзяржпадтрыманні або з удзелам дзяржаўных арганізацыяў ці тэлеканалаў. Выключэннем таксама маюць стаць аматарскія фільмы, але толькі тыя, аўтары якіх не плануюць паказваць свае працы публічна або публікаваць у інтэрнэце.

Усе іншыя мусяць прайсці ўсе ўзроўні беларускай бюракратыі. Пасведчанне будзе патрабавацца для ўсіх іншых фільмаў – незалежна ад хранаметражу і колькасці серыяў. Адсутнасць дазволу азначае забарону на вытворчасць кіно. Здымаць ці не здымаць кіно, вырашыць Мінкульт.

Тры месяцы на рашэнне

Як? Спачатку трэба будзе занесці ці выслаць сцэнар або апісанне будучага фільму. Некалькі экспертных камісіяў тады правераць, ці няма там элементаў парнаграфіі, прапаганды гвалту і жорсткасці, заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і г.д. І толькі пасля 3-ох месяцаў (!) будзе вядома: можна здымаць ці не. А, ведаючы ўзровень беларускай дзяржаўнай ідэалогіі ды пільнасць чыноўнікаў, можна чакаць, што прасейваць праз сіта будуць вельмі старанна…

І калі, усё ж, вам дазволяць здымаць, то трэба будзе заплаціць – і яшчэ перад першым дублем. Спачатку  давядзецца заплаціць адмысловае дзяржаўнае мыта памерам ад адной да дваццаці базавых велічыняў, то бок ад Br 180 тыс. да Br 3 млн. 600 тыс. Толькі тады вы атрымаеце жаданае пасведчанне законнасці сваіх дзеянняў.

Рэжысёр як злачынца

А калі дазволу не будзе, то «юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія здзяйсняюць вытворчасць фільмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без дазволу <…>, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі», – папярэджвае дакумент.

Што гэта за адказнасць, аўтары праекту пакуль не хочуць гаварыць. Прадстаўнікі Упраўлення кінавідэамастацтва Мінкульту пакуль што «адмаўляюцца абмяркоўваць дакумент, які не існуе». Пра гэта даведаліся журналісты рэсурсу tut.by.

Стымуляцыя як экзекуцыя?

Адмысловая камісія мусіць разгледзець праект указу пад красамоўнай назвай «Аб некаторых пытаннях вытворчасці фільмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і стымуляванні развіцця кінематографу» на наступным тыдні. Тым не менш, рэжысёр Андрэй Курэйчык б’е трывогу ўжо сёння:

«Пасля гэтага дэкрэту больш незалежнага кіно ў гэтай краіне не будзе», – так ён бачыць будучыню галіны, за «стымуляванне» якой узялася дзяржава.

[vc_single_image image=”368441″ img_size=”large”]

Януш Гаўрылюк

Іншага пункту гледжання прытрымліваецца Януш Гаўрылюк – рэжысёр, аператар і заснавальнік Варшаўскага фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie», які штогод збірае ўсё больш і больш незалежных кінамастакоў з іхнымі стужкамі.

«Раней быў адзін незалежны, нелегальны фільм «Акупацыя містэрыі». З новага года ўсе незалежныя беларускія фільмы атрымаюць статус нелегальных, бо, на маё меркаванне, нікога не абміне абсурднае рашэнне. З пункту гледжання пі-ару – сітуацыя выдатная. Беларускія фільмы ўсё часцей на міжнародных фестывалях. У інфармацыі пра фільм заўсёды можна будзе дапісаць, што акрамя таго, што гэта цудоўны фільм, ён нелегальны ў Беларусі, – мяркуе Гаўрылюк. – Другім карысным вынікам можа стаць узнікненне ў Беларусі большай колькасці нелегальных паказаў беларускіх фільмаў. Узнікне трэнд – новае нелегальнае беларускае кіно. Людзі пачнуць цікавіцца і хадзіць на айчынныя фільмы маладых беларускіх рэжысёраў».

Сапраўды гэта магчыма. Аднак спачатку маладымі незалежнымі творцамі, хутчэй за ўсё, зацікавяцца праваахоўныя органы, службы бяспекі і рознага роду ахоўнікі парадку. Любы міліцыянт, пабачыўшы чалавека з камерай, зможа ў поўнай адпаведнасці з законам патрабаваць у яго адпаведнае пасведчанне. Гэтаксама, як цяпер зараз сілавікі і тайныя агенты патрабуюць падобныя дакументы (акрэдытацыю і рэгістрацыю), пераследуючы незалежных журналістаў – у тым ліку і журналістаў «Белсату». Натуральна, атрыманне такіх дакументаў мяжуе з цудам, а працаваць без іх нельга. Пакуль яшчэ ўмоўны чалавек з камерай у руцэ можа паспрабаваць патлумачыць, што здымае не рэпартаж (бо для гэтага яму патрэбная акрэдытацыя), а фільм. Калі ж новы дэкрэт уступіць у сілу, то другой рукой ён будзе вымушаны шукаць пасведчанне, што гэты фільм яму дазволілі здымаць.

І, карыстаючыся гэтай фільма-журналісцкай аналогіяй, можна яшчэ раз толькі параіць беларускімі чыноўнікам, каб яны ішлі гэтым шляхам паступова. Наступным крокам магло б быць «стымуляванне пісьменніцтва» пры дапамозе выдання ліцэнзіі на напісанне кніг. Так, каб без зацверджання праекту публікацыі і атрымання дазволу нельга было б нават сабраць матэрыялы – напрыклад, збіраць інфармацыю ў архівах і сустракацца з персанажамі.

Акурат бы навялі парадак з нахабнымі пісакамі, якія часта выкручваюцца, што, маўляў, яны не рыхтуюць рэпартаж для іншадумнай рэдакцыі, а толькі пішуць кніжкі… Дастаткова было б толькі запытацца пра наяўнасць адпаведнага пасведчання і ўсё б высветлілася.

Абсурд? А пасведчанне, што дае права здымаць фільмы, – не?

cez, belsat.eu

Стужка навінаў