Доналд Трамп назваў афёрай пералік галасоў у ЗША


Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў афёрай запыт Партыі зялёных на пералік галасоў, аддадзеных на выбарах кіраўніка дзяржавы ў штаце Вісконсін.

«Гэта афёра Партыі зялёных у адносінах да выбараў, на якіх пераможаныя ўжо прызналі сваю паразу. Трэба паважаць вынікі гэтых выбараў, а не паддаваць іх сумневу», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве Трампа.

Таксама палітык раскрытыкаваў кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі зялёных Джыл Стайн, заявіўшы, што яна «набрала менш за 1 % галасоў і ў некаторых штатах ейнага імені нават не было ў выбарчым бюлетэні».

Раней выбарчая камісія штата Вісконсін пагадзілася правесці поўны пералік галасоў, аддадзеных на выбарах прэзідэнта ЗША.

Запыт быў адпраўлены кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі зялёных Джыл Стайн. На выбарах яна набрала 1 % галасоў. Стайн таксама патрабуе пераліку ў штатах Мічыган і Пенсільванія.

Каб пачаць пералічваць галасы, ініцыятар гэтай працэдуры павінен сам аплаціць выдаткі на яе – некалькі мільёнаў долараў. Цяпер ужо сабрана каля 5,3 млн долараў – гэтай сумы павінна хапіць на пералік у Вісконсіне і Пенсільваніі.

Чакаецца, што пералік пачнецца ў канцы наступнага тыдня. Згодна з федэральным законам, усе працэдуры пераліку галасоў мусяць быць завершаныя да 13 снежня.

Штаб кандыдаткі ад дэмакратаў Гілары Клінтан заявіў, што прыме ўдзел у пераліку вынікаў галасавання. Там, аднак, не чакаюць, што ён зменіць вынік выбараў.

Выбарчая сістэма ЗША ўладкаваная такім чынам, што прэзідэнта выбірае не ўся краіна ў цэлым, а кожны штат паасобку. Прычым электаральная «вага» ва ўсіх штатаў розная – яна залежыць ад колькасці так званых «электараў».

У выніку сістэма спрыяе тым кандыдатам, якія перамагаюць, хай і са сціплай перавагай, у большай колькасці штатаў, але не на руку тым, хто атрымлівае вялікую перамогу, але толькі ў некалькіх густанаселеных штатах.

На прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп.

Аднак кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан апярэджвае Трампа ў прамым падтрыманні выбарцаў на агульнанацыянальным узроўні.

Паводле звестак Cook Political Report, за Трампа аддалі 62,2 млн галасоў, а за Клінтан – 64,2 млн.

У Вісконсіне, Мічыгане і Пенсільваніі кандыдаты ў прэзідэнты змагаюцца сумарна за 46 электараў. Гэтай колькасці Гілары Клінтан хопіць для таго, каб вынікі выбараў былі перагледжаны і прэзідэнтам ЗША стала яна.

Ініцыятары пераліку галасоў выбралі гэтыя тры штата, бо ў іх вынікі галасавання разышліся з дадзенымі апытанняў.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў