Ярмошына заявіла, што Трамп і Лукашэнка ў чымсьці падобныя


Старшыня ЦВК заўважыла падабенства паміж кіраўніком Беларусі і новаабраным прэзідэнтам ЗША «у манеры паводзінаў, канкрэтнасці і адназначнасці».

Таксама яна адзначыла, што яны «маглі б спадабацца адзін аднаму як персоны».

«Як пра палітыка казаць пра Трампа пакуль не магу, але як асоба ён, вядома, яскравы. Быць можа, гэтая яскравасць і не заўсёды станоўчая, але ўсё роўна гэта яскравасць. Трамп канкрэтны. Пры гэтым канкрэтыка заўсёды мае на ўвазе нейкую рэзкасць, паколькі немагчыма быць прамым і не закрануць нечыя інтарэсы. У грамадстве ў апошні час зʼявіўся попыт на канкрэтных палітыкаў і людзей агулам. Тых, каго ва ўжытку мы называем сапраўднымі мужыкамі», – сказала Ярмошына ў інтэрвʼю БелаПАН.

Кіраўніца ЦВК заявіла, што не ведае, ці пойдзе на пенсію пасля снежня 2016 году, калі ў яе сканчаецца цяперашні тэрмін паўнамоцтваў. Яна кажа, што яе планы залежаць ад планаў «наймальніка», і дадае, што не прыстасавана жыць без працы.

Паводле Ярмошынай, ніякіх прапаноў па працы з іншых сфер ёй не паступала, але яна ўпэўненая, што магла б працаваць дэпутатам.

Яна таксама дадала, што ў выпадку выхаду на пенсію на сваё месца нікога рэкамендаваць не будзе.

«Гэта месца звязана з даверам у першую чаргу з боку кіраўніка дзяржавы, таму ён сам павінен вызначацца з гэтым чалавекам», – сказала старшыня ЦВК.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў