Беларусь і Расея абмяркоўваюць «аналаг шэнгенскай візы»


Раней у МЗС абвяргалі магчымасць увядзення агульнай візы для Беларусі і Расеі.

Масква і Менск разглядаюць магчымасць увядзення адзінай уязной візы, паведамляецца ў каментары расейскага МЗС.

«Дадзенае пытанне сапраўды абмяркоўваецца паміж Масквой і Менскам, хаця перамовы па канкрэтным праекце пакуль не пачыналіся. Ва ўмовах адсутнасці памежнага кантролю ўвядзенне адзінай візы бачыцца цалкам лагічным крокам», – распавялі «РИА Новости» ў расейскім знешнепалітычным ведамстве.

У расейскім МЗС дадалі, што «штучна фарсаваць» падрыхтоўку дакумента аб адзінай візе ні ў Расеі, ні ў Беларусі не настроены. Бо трэба выразна акрэсліць фармулёўкі пагаднення, каб гэта не стварала праблемаў турыстам, а таксама трэба вылічыць затраты, што ўзнікнуць пасля фармавання адзінай візваай прасторы.

Пра магчымае ўвядзенне «аналага шэнгенскай візы» для Беларусі і Расеі 10 верасня распавёў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота. Аднак 11 верасня прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык паведаміў, што Беларусь і Расея не вядуць перамоваў наконт адзінай візы.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў