Алег Трусаў вырашыў пакінуць пасаду кіраўніка ТБМ


Новае кіраўніцтва «Таварыства беларускай мовы» абяруць у кастрычніку 2017 года. Алег Трусаў, які ўзначальвае арганізацыю з 1999 года, пераабірацца не будзе. Ён плануе скласці свае паўнамоцтвы і выбраць новую каманду.

Ён заявіў, што не будзе самастойна вылучаць кандыдатуры на пасаду старшыні абʼяднання і нароўні з усімі «падтрымае таго, хто больш спадабаецца». Спіс кандыдатаў зʼявіцца на пачатку наступнага года.

«Разам са мной сыходзіць цэлае пакаленне. Сёння ў нашай радзе – заслужаныя людзі, якім па 80, а некаторым пад 90 гадоў. Таму трэба, каб у кіраўніцтва прыйшлі людзі, якія маладзейшыя за нас мінімум гадоў на 20-30. Я бачу ў радзе тых, каму сёння 35-50 гадоў», – сказаў старшыня ТБМ.

Некалькі дзён таму Belsat.eu «натхніў» расейскі Першы канал пакрычаць пра беларускі падручнік па гісторыі. 21 лістапада на нашай старонцы быў апублікаваны рэпартаж з прэзентацыі новай кнігі Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV ст.ст.».  Падчас прэзентацыі старшыня Таварыства беларускай мовы заявіў, што беларусы як нацыя з’явіліся на 200 гадоў раней за расейцаў. Гэтыя словы глыбока закранулі аўтараў ток-шоу, на якое Алег Трусаў прыяжджаць адмовіўся. Беларусь у студыі прадстаўляла гісторык Ніна Стужынская і Кацярына Кібальчыч – журналістка Першага канала, якая нарадзілася ў Беларусі.

ДР belsat.eu, БелаПАН

Стужка навінаў