Belsat.eu «натхніў» расейскі Першы канал пакрычаць пра беларускі падручнік па гісторыі

video

У эфіры расейскага Першага канала з’явілася ток-шоу «Час пакажа» пад назвай «Суседзі». Першая частка праграмы традыцыйна прысвечаная Украіне, другая – Беларусі.

21 лістапада belsat.eu апублікаваў рэпартаж з прэзентацыі новай кнігі Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV ст.ст.».  Падчас прэзентацыі старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заявіў, што беларусы як нацыя з’явіліся на 200 гадоў раней за расейцаў.

«Трэба ведаць, што мы гістарычны народ. І ўсе гэтыя казкі, што мы нейкія запаволеныя, сялянская нацыя – гэта ўсё прыдумкі нашых ворагаў. Мы складаліся адначасова з французамі і немцамі. Многія народы разам з расейцамі спазніліся ад нас гадоў на 300. Мы нацыя старэйшая за расейцаў на 200 гадоў. А ўкраінцы старэйшыя за нас на 50 гадоў. Я нідзе не пішу ў падручніку італьянцы, бо ніякіх італьянцаў у Сярэднявеччы не было. Былі венецыянцы, генуэзцы, яны стануць італьянцамі толькі ў XIX стагоддзі. А мы як народ, як нацыя, склаліся акурат у Сярэднявеччы. Мы стварылі масу дзяржаў славянскіх, а потым стварылі Балта-славянскую дзяржаву, дзе славянаў было 80-90 %. І менавіта мы – сапраўдныя рускія, а не нейкія там на ўсходзе. Наша дзяржава слова «руская» мае ў назве: Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і пазней ужо Жамойцкае. А тыя жамойты, якія былі трэцімі і апошнімі, сталі першымі ў сваіх падручніках. Гэта іх права. Але мы сапраўдныя рускія, а не тыя, што сталіся рускімі ў 1497-м годзе. Яны былі татарамі», – сказаў гісторык Алег Трусаў.

Гэтыя словы глыбока закранулі аўтараў ток-шоу, на якое Алег Трусаў прыяжджаць адмовіўся. Беларусь у студыі прадстаўляла гісторык Ніна Стужынская і Кацярына Кібальчыч – журналістка Першага канала, якая нарадзілася ў Беларусі.

Вядоўца Арцём Шэйнін назваў аўтара падручніка «фрыкам», які хоча сапсаваць братэрскія адносіны паміж Расеяй і Беларуссю.

Абмеркаванне кнігі было палкім і Ніна Стужынская прапаноўвала супакоіцца, бо нагоды для хвалявання няма і што гэта наша гісторыя.

«Ад такога недахвалявання загінула 10 тысяч украінцаў», – заўважыў вядоўца праграмы, намякаючы, што такія кнігі прывялі да ўкраінскага Еўрамайдану і вайны ва Украіне.

zrzut-ekranu-2016-11-24-o-22-16-13

У якасці доказу сваёй пазіцыі вядоўца паказаў відэа з Дня Волі, дзе маладзёны скакалі пад крыкі «хто не скача, той маскаль». Расейскія эксперты назвалі такую маніпуляцыю прапагандаю.

Праз момант студыя пачала нагадваць курнік – крычалі ўсе.

Вядоўца паабяцаў, што прыедзе да аўтара кнігі ў Менск.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары