ТБМ прапануе Мінадукацыі стварыць беларускамоўныя гімназіі ў кожным раёне


Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прапануе Міністэрству адукацыі стварыць гімназіі з беларускай мовай навучання ў кожным раёне Беларусі. Адпаведны зварот на імя міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова быў прыняты 27 лістапада на пасяджэнні рады ТБМ.

«На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік нашай краіны заявіў аб неабходнасці паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай у галіне адукацыі, – гаворыцца ў звароце. – У сувязі з гэтым прапануем вам прыняць рашэнне аб стварэнні гімназіяў з беларускай мовай навучання ў кожным раёне нашай краіны. Гэта здыме пытанне аб навучанні дзяцей на беларускай мове ў сувязі з закрыццём малакамплектных школ у вёсках, а таксама падвысіць узровень адукацыі вучняў».

Як лічаць у ТБМ, пачаць стварэнне сеткі беларускіх гімназіяў можна з цэнтральных раёнаў Менскай вобласці, да прыкладу, Стаўбцоўскага, які звязаны з жыццём і дзейнасцю класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, і Нясвіжскага, «дзе на высокім міжнародным узроўні папулярызуецца нашая славутая гісторыка-культурная спадчына».

7 кастрычніка, выступаючы са зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі варта не адмаўляцца ад рускай культуры, але і памятаць пра тое, «што мы беларусы і ў нас ёсць свая мова».

20 кастрычніка ТБМ звярнулася да старшыні Палаты прадстаўнікоў з прапановай актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў нашым парламенце.

«Было б добра, каб дэпутаты шостага склікання, якія па словах Марзалюка І.А. добра ведаюць дзяржаўную беларускую мову, але часам гэтага саромеюцца (бо так склалася на працягу апошніх 300-сот гадоў, што беларус размаўляе на мове начальства), атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і прымалі іх адначасова. Такім чынам мы ўмацуем аўтарытэт нашага парламента, што паспрыяе падвышэнню яго іміджу як у нашай краіне, так і за мяжой», – гаварылася ў звароце.

Вось, што адказала ТБМ парламенцкая пастаянная камісія па заканадаўстве.[/vc_column_text][vc_single_image image=”400337″ img_size=”large”][vc_single_image image=”400333″ img_size=”large”][vc_single_image image=”400329″ img_size=”large”][vc_column_text]ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by, tbm-mova.by

Стужка навінаў