Кранальныя і балючыя. Фотаздымкі, якімі запомніцца 2023 год


Ад землятрусу ў Турцыі і Марока ды вывяржэння вулкану ў Ісландыі да вайны ва Украіне і Ізраілі. Паглядзелі, якімі здымкамі фатографаў міжнародных фотаагенцтваў нам запомніўся 2023 год.

Людзі ў чарзе ў Ватыкане, каб аддаць даніну павагі нябожчыку Папу Бэнэдыкту XVI. 95-гадовы пантыфік памёр 31 снежня 2022 года. На працягу некалькіх дзён у базіліцы Святога Пятра адбывалася развітанне з целам першага ў гісторыі Касцёлу Папы-эмэрыта. Пахавалі яго ў гротах пад базілікай, у склепе, дзе да бэатыфікацыі ляжалі целы святога Яна XXIII і святога Яна Паўла II.
Фота: Antonio Calanni / AP Photo / East News
Супрацоўнік паліцыі Французскага рэспубліканскага корпусу бяспекі (CRS) адштурхвае жанчыну падчас масавых акцыяў пратэсту супраць павышэння пенсійнага веку з 62 да 64 гадоў. Адпаведны закон Эманюэль Макрон прыняў без галасавання ў Нацыянальнай асамблеі, пасля чаго пачаўся агульнанацыянальны страйк. Парыж, Францыя.
Фота: Gaizka Iroz / AFP / East News
Жанчына з папугаямі ў клетцы чакае мінання мяжы, выязджаючы з Нагорнага Карабаху ў Арменію, на КПП у Лачыне. 19 верасня 2023 года Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху (самаабвешчаная і непрызнаная рэспубліка Арцах на тэрыторыі Азербайджану, населеная армянамі), на наступны дзень улады Карабаху пагадзіліся раззброіць і расфармаваць войска ды зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну сталі масава эміграваць у Арменію.
Фота: Emmanuel Dunand / AFP / East News
Украінскія парамедыкі эвакуююць параненага салдата з лініі фронту каля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News
Затопленыя вуліцы Херсону пасля падрыву расейскімі войскамі грэблі Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. У выніку разбурэння пад вадой апынуліся 17 мясцовасцяў з правага берагу Дняпра, кантроль над якімі трымае Украіна, і 17 мясцовасцяў з левага, акупаванага Расеяй. Херсон, Украіна.
Фота: Libkos / AP Photo / East News
Жыхарка Херсону спадарыня Таццяна вярнулася ў дом, затоплены ўначы пасля падрыву гр.блі на Кахоўскай ГЭС, каб забраць сваіх сабакаў. У Херсоне найбольш пацярпеў ад вады мікрараён Карабэл, дзе людзі чакалі дапамогі, седзячы на дахах будынкаў разам з жывёлінамі. Херсон, Украіна.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Палестынскія баевікі вяртаюцца ў сектар Газа з Шані Люк, грамадзянкай Нямеччыны і Ізраілю, якая ляжыць у непрытомным стане ў кодаўбе пікапа. Шані Люк выкралі баевікі «Хамасу» 7 кастрычніка з музычнага фестывалю ля кібуцу Рэ’ім. Праз некалькі тыдняў пасля нападу хамасаўцаў на Ізраіль стала вядома, што дзяўчына памерла.
Фота: Ali Mahmud / AP Photo / East News
Украінскія сапёры бяруць удзел у вучэннях у Чарнігаўскай вобласці Украіны. На гэты час Украіна – самая замінаваная краіна ў свеце. Паводле прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, каля 30 % тэрыторыі краіны патэнцыйна замінаваныя (174 тыс. км²), што адпавядае амаль тром плошчам Харватыі і васьмі – Ізраілю. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum
Турак Мэсут Хансэр трымае за руку 15-гадовую дачку Ірмак, якая загінула ў выніку моцнага землятрусу магнітудаю 6,7, які абрынуўся на Турцыю і Сірыю, у горадзе Кахраманмараш. Ахвярамі катастрофы ў Турцыі сталія больш за 50 тысячаў чалавек, у Сірыі – 8476, яшчэ дзясяткі тысячаў пацярпелі. Землятрус прызналі самым магутным у Турцыі пасля землятрусу 1939 года ў Эрзінджане. Кахраманмараш, Турцыя.
Фота: Adem Altan / AFP / East News
Ратаўнік заклікае ўсіх супакоіцца падчас чарговага штуршка ў вёсцы Імі-Н’Таля, пацярпелай ад моцнага землятрусу магнітудаю 6,8 у Марока. У выніку катастрофы загінулі больш за 2900 чалавек. Праца ратаўнікоў ускладняецца лакалізацыяй землятрусу: большасць загінулых і пацярпелых застаюцца ў аддаленых вёсках Атласкіх гораў, на паўднёвы захад ад турыстычнага цэнтру Маракеш, Марока.
Фота: Fadel Senna / AFP / East News
Ратавальнік трымае ката і двух трусоў, якіх вызваліў з агню на грэцкім востраве Родас. З 17 ліпеня ў Грэцыі трываюць лясныя пажары, якія вымусілі больш як 30 тысячаў чалавек пакінуць свае дамы. Родас, Грэцыя.
Фота: Spyros Bakalis / AFP / East News
Ізраільскія танкі рухаюцца да мяжы з сектарам Газа. Увечары 14 кастрычніка Армія абароны Ізраілю заявіла, што скончыла рыхтавацца да маштабнай наступальнай аперацыі з прыцягненнем паветраных, марскіх і сухаземных сілаў у сектары Газа для пошуку выкрадзеных ізраільцянаў.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / East News
Белы мядзведзь трымае ў роце стары чаравік на архіпелагу Свальбар, больш вядомы як Шпіцбэрген. Паводле фатографа, мядзведзь, «нібы сабака, гуляў з цацкаю», пакуль чаравік выпадкова не ўпаў у ваду. Шпіцбэрген, Нарвегія.
Фота: DR Manish Nagpal / Caters News / Forum
Афганскія ўцекачы чакаюць рэгістрацыі ў лагеры каля пакістанска-афганскай мяжы. Улады Пакістану распачалі дэпартацыю афганскіх мігрантаў, якія не маюць легальных падставаў заставацца ў краіне. Пасля прыходу да ўлады талібаў у 2021 годзе каля 600 тысяч грамадзянаў Афганістану ўцяклі ў Пакістан. Таркхам, Пакістан.
Фота: Ebrahim Noroozi / AP Photo / East News
Прадстаўнікі народу рахінґя (мусульманская меншасць у штаце Ракхайн у М’янме) высаджваюцца з чоўна ў мястэчку Уле-Мадон, Інданезія. Рахінґя сталіся аб’ектам міжнароднай увагі праз канфлікт з урадам М’янмы ў выніку міжрэлігійных сутыкненняў 2012 года і нападу на памежныя пункты ў кастрычніку 2016-га неапазнаных баевікоў. Улады Мʼянмы не прызнаюць мусульманаў-рахінґя як адну з афіцыйных этнічных групаў і адмаўляюць ім у наданні грамадзянства, разглядаючы іх як нелегальных мігрантаў. З 2016 года эскалацыя гвалту ў Ракхайне прывяла да масавых уцёкаў рахінґя ў суседні Бангладэш, дзе яны – адна з самых буйных групаў уцекачоў у свеце.
Фота: Rahmat Mirza / AP Photo / East News
Лава цячэ праз шчыліну вулкану Рэйк’янэс, вывяржэнне якога пачалося пасля чаргі землятрусаў непадалёк ад рыбацкага мястэчка Грындавік на паўвостраве Рэйк’янэс на паўднёвым захадзе Ісландыі.
Фота: Marco Di Marco / AP Photo / East News
Ізраільцяне Доран і Тамі аплакваюць сына Амры Ёсэфа Давіда падчас пахавання салдата ў Кармі’элі на поўначы Ізраілю. 27-гадовы Давід быў забіты падчас наземнай аперацыі Цагалю ў сектары Газа. Кармі’эль, Ізраіль.
Фота: Ariel Schalit / AP Photo / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў