Беларускія хакеры адзначылі Новы год узломам сайту медцэнтру Лукашэнкі


На сайце Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі з’явіўся заклік выпіць за Новую Беларусь а 23:34.

Зварот хакераў на сайце медцэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. 31 снежня 2022 года. Скрыншот: vip-clinic.by

Хакеры з групоўкі «Аб’яднаны штаб супраціву» замянілі сваім паведамленнем сайт «прэзідэнцкай паліклінікі» – медцэнтру для чыноўнікаў у Ждановічах. На момант публікацыі зварот хакераў можна прачытаць на сайце медцэнтру, але калі сайт адновяць, зварот усё яшчэ можна будзе прачытаць на захаванай старонцы ў Archive.is.

Аляксандр Лукашэнка пяць гадоў таму заяўляў, што ў гэтым медцэнтры мусяць абслугоўваць не толькі чыноўнікаў, але і простых беларусаў. А хакеры заяўляюць, што галоўная задача цэнтру – абслугоўванне менавіта кіраўніцтва дзяржавы і чальцоў сем’яў кіраўнікоў. Галоўная лекарка гэтага медцэнтру – Ірына Абельская, якую называюць маці Мікалая Лукашэнкі, малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі.

Аб’яднаны штаб супраціву можа быць звязаны з актывісткай Вольгай Карач, але наўрад ці звязаны з найбольш вядомай беларускай хакерскай групоўкай – «Кіберпартызанамі». Раней Аб’яднаны штаб супраціву падобным чынам узломваў сайты «Беларуськалію», «БелАЗу», «Бабруйскагра», Менаблвыканкаму ды інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў