Сямейная традыцыя: дзе б мог служыць Коля Лукашэнка


31 жніўня 2022 года малодшаму сыну Аляксандра Лукашэнкі, Мікалаю, спаўняецца 18 гадоў. У гэтым узросце грамадзянаў Беларусі могуць прызваць на тэрміновую службу ва Узброеныя сілы, але Коля, імаверна, атрымае адтэрмінаванне праз навуку. Belsat.eu распавядае пра стаўленне да вайсковай службы ў сям’і Лукашэнкі і тое, дзе Мікалай мог бы служыць.

На плошчы Незалежнасці ў Менску прайшоў праўладны мітынг. На здымку – Мікалай Лукашэнка стаіць убаку з аховаю падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле інфармацыі незалежных медыяў, сёлета Мікалай Лукашэнка падаў дакументы на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Афіцыйна ў спісах першакурснікаў малодшага сына Лукашэнкі няма. Але, паводле інфармацыі Zerkalo.io, паралельна з традыцыйным паступленнем сёлета на біялагічным факультэце сабралі яшчэ і асобную групу таленавітых абітурыентаў, дзе, імаверна, і будзе вучыцца Мікалай.

Праўда, гэта не значыць, што Коля Лукашэнка зусім не будзе служыць у арміі – ён можа туды пайсці пасля сканчэння ВНУ. Менавіта так раней было са старэйшымі сынамі Лукашэнкі, якія, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, адслужылі ў памежных войсках.

Сам Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што Коля «павінен следам за старэйшымі пайсці», і той нібыта не супраць.

«Малодшы рыхтуецца быць памежнікам, калі яму спадабаецца служба ў памежных войсках. Але я, вядома, хацеў бы», – адзначыў Лукашэнка падчас наведання памежнай заставы «Дзівін» у Кобрынскім раёне ў 2018 годзе, калі Коля яшчэ быў падлеткам.

Аляксандр Лукашэнка заўсёды падкрэсліваў сваё асаблівае стаўленне да памежных войскаў.

«Я былы памежнік. І гэтым шмат што сказана. На гэтым грунтуецца маё асабістае стаўленне да памежнай службы і да вайскоўцаў у зялёных фуражках», – адзначаў ён у 2013 годзе.

Гісторыі
Лёс дзяцей дыктатараў пасля іхнай смерці: ад збору бутэлек да мільярдаў на рахунках
2022.08.31 19:04

«Калі б я не трапіў у памежныя войскі, я б не быў прэзідэнтам»

Служба ў памежных войсках фактычна ёсць сямейнаю традыцыяй Лукашэнкаў. Ён прызнаваўся, што «ўсе стрыечныя браты былі памежнікамі», вярталіся дадому ў ардэнах і медалях, і таму сам ён таксама імкнуўся там служыць. У афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі паведамляецца, што ў 1975 годзе пасля сканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту ён быў прызваны ў армію, у памежныя войскі, якія тады падпарадкоўваліся КДБ.

Фота са стэнду, прысвечанага Лукашэнку, на заставе «Казімірава».
Фота: brestcity.com

Службу ён праходзіў у Берасцейскім памежным атрадзе імя Дзяржынскага (в/ч 2187) з 1975 да 1977 года. Пасля «вучэбкі» дзесяць дзён паслужыў шарагоўцам на памежнай заставе № 4 «Казімірава», а потым адразу стаўся інструктарам палітаддзелу ў камсамольскай працы. Трапіў на камсамольскую працу Лукашэнка вельмі проста: як пазней прызнаваўся журналістам тагачасны начальнік палітычнага аддзелу заставы Мікалай Мельнік, той быў адзіным чалавекам з вышэйшай адукацыяй сярод 350 навабранцаў. Паводле таго ж Мельніка, пасля завяршэння тэрміновай службы ў 1977 годзе ён прапаноўваў Лукашэнку застацца ў памежных войсках, але той не захацеў.

Фота са стэнду, прысвечанага Лукашэнку, на заставе «Казімірава».
Фота: brestcity.com

Сваю службу ў памежных войсках Лукашэнка ўспамінае вельмі часта, праз што гэты эпізод ягонай біяграфіі стаў абрастаць рознымі легендамі. Нібыта, прызваўшыся ў войска, ён як савецкі патрыёт настойваў на тым, каб яго накіравалі на небяспечны кірунак – на востраў Даманскі, дзе ў 1969-м адбыўся крывавы памежны канфлікт паміж Кітаем і СССР. Але маёр КДБ, як сцвярджаў Лукашэнка, яму адмовіў, нагадаўшы, што ў яго неўзабаве народзіцца сын. Праўда, у 1975-м небяспекі на тым участку мяжы не назіралася, дый савецкія вайскоўцы ўжо не кантралявалі Даманскага. Таксама Лукашэнка распавядаў, што падчас службы праехаў «ад краінаў Балтыі ўсю Заходнюю Украіну» і нават «з аўтаматам наперавес» абараняў межы СССР у Малдове. Фармальна ў Заходнюю памежную акругу тады сапраўды ўваходзіла і Заходняя Украіна, і Малдова, але да в/ч 2187 гэтыя рэгіёны дачынення не мелі, а пра службу Лукашэнкі ў іншых памежных атрадах няма ніякіх звестак. Імаверна, гаворка хіба што пра непрацяглую камандзіроўку паводле лініі палітаддзелу.

Лукашэнка прызнаваўся, што без службы ў памежных войсках, магчыма, і не стаў бы палітыкам.

«Я так падумваю часта, што калі б я не трапіў у памежныя войскі і не служыў у іх, я б не быў прэзідэнтам. У маім жыцці было некалькі такіх момантаў, што, калі б я іх на сваім шляху не прайшоў, я б не быў тым, кім ёсць цяпер», – казаў ён у 2018 годзе.

Сапраўды, менавіта пасля палітычнай працы ў войску ён пайшоў у кіраўнікі. Спачатку пасля вяртання з арміі ўзначаліў камітэт камсамолу харчовага гандлю ў Магілёве, потым працаваў інструктарам райвыканкаму і г. д. У 1980–1982 гадах Лукашэнка зноў служыў у войску – быў намеснікам камандзіра танкавай роты ў палітычнай працы ў вайсковай частцы на Магілёўшчыне. Але пра гэты вайсковы досвед Лукашэнкі амаль нічога невядома, і сам ён пра яго публічна не распавядаў.

Браты Колі служылі ў памежным спецназе

У памежных войсках служылі і старэйшыя сыны Лукашэнкі – Віктар і Дзмітрый. Як і бацька, яны пайшлі ў войска пасля ВНУ – абодва скончылі факультэт міжнародных стасункаў БДУ.

На факультэце была вайсковая кафедра. Напрыклад, Віктар Лукашэнка выпусціўся лейтэнантам, таму мог і не служыць. Але ўсё ж падтрымаў сямейную традыцыю.

Дзмітрый, Мікалай і Віктар Лукашэнкі падчас святкавання Дня незалежнасці ў Менску, Беларусь. 3 ліпеня 2020 года.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У канцы 1990-х Віктар Лукашэнка служыў у спецпадраздзяленні памежных войскаў АСАМ (Асобная служба актыўных мерапрыемстваў памежных войскаў Беларусі), нават быў узнагароджаны медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы».

Віктар у фільме, прысвечаным АСАМ, запэўніваў, што служыў без аховы і нібыта пераносіў увесь цяжар службы як звычайны баец:

«Ніколі не забуду сваёй першай «камандзіроўкі», так мы называлі выведна-вышуковыя захады. Выехалі на трое содняў. Вядома, бярэш з сабой мінімум, каб не цягаць на спіне. Адчуў, што такое, калі есць хочацца, калі піць хочацца, а было гэта зімою, было холадна. Ясна, што дапамагаць табе ніхто не будзе, бо ўсім цяжка. Мы там разумелі адзін аднаго з паўслова і паўжэста».

Старэйшы сын Лукашэнкі служыў у АСАМ разам з цяперашнім камандзірам групы «Альфа» Камітэту дзяржбяспекі Сяргеем Зубковым. Потым Віктар Лукашэнка будзе апекавацца АСАМ ды іншымі спецпадраздзяленнямі. Цяпер ён мае званне генерал-маёра запасу.

Пазней, у 2003 годзе, у памежным спецназе таксама праходзіў службу Дзмітрый Лукашэнка.

Пра службу ў войску Дзмітрыя Абельскага, старэйшага брата Колі Лукашэнкі з матчынай лініі, у адкрытых крыніцах няма ніякіх звестак.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў