«Сітуацыя будзе толькі пагаршацца». Міністэрства адукацыі праваліла цэнтралізаваны экзамен


Выпускнікі, якія здавалі цэнтралізаваны экзамен, распавядаюць пра няправільны падлік балаў і даказваюць гэта скрыншотамі. Чынавенства ў сваю чаргу назвала іх «фэйкамі» і некалькі дзён адмаўляла сваю віну. Скаргі дайшлі да Аляксандра Лукашэнкі, які абяцаўся асабіста ва ўсім разабрацца. Гэтую сітуацыю ў жывым эфіры «Белсат» каментуе былая настаўніца Вольга Павук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У гэтым годзе беларускія выпускнікі 11 класаў упершыню здаюць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) замест звыклых школьных: абавязковы – па беларускай ці расейскай мове і на выбар – яшчэ па адным прадмеце з праграмы. ЦЭ па сваім прынцыпе капіюе цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ), а ягоныя вынікі ўлічваюцца пры паступленні.

Праўда, нават тое, што цэнтралізаванае тэставанне для беларускай сістэмы адукацыі – не навінка, без праблемаў у гэтым годзе не абышлося. Некалькі дзён таму Інтэрнэт-прастору запоўнілі паведамленні з абурэннямі вучняў і іхных бацькоў на тэму падліку балаў па ЦЭ. Выпускнікі распавядаюць пра завышаныя (вышэй за 100) і заніжаныя (дробныя і адмоўныя) лічбы. Першапачаткова ў адказ на шматлікія скаргі дырэктар РІКВ Юрый Міксюк заявіў, што пераліку вынікаў не будзе, а «тыя балы, якія абітурыенты бачаць у асабістым кабінеце на сайце РІКВ, – актуальныя, правільныя. Яны пойдуць у сертыфікат».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школьніца падчас цэнтралізаванага экзамену.
Фота: БелТА

Але праз дзень скандал дайшоў і да Лукашэнкі, які абяцаўся «вярнуцца да гэтага пытання на наступным тыдні» і ва ўсім разабрацца.

«Ягоная рэакцыя вымушаная тым, што людзі сапраўды разгубленыя і пачынаюць узбуджана гэта ўсё абмяркоўваць. А калі нейкае абмеркаванне выходзіць за межы іх [уладаў] кантролю, то для іх гэта – дрэнная сітуацыя. Таму падавіць першы эмацыйна пазыў, які сыходзіць сёння ад бацькоў, – гэта іх задача. І не таму што яны сапраўды хочуць разабрацца і дапамагчы сённяшнім выпускнікам, гэта толькі для таго, каб не дапусціць сітуацыі эмацыйнага выбуху і незадаволенасці», – тлумачыць гэтую рэакцыю Вольга Павук.

Ужо ўчора вечарам стала вядома пра стварэнне ў Беларусі міжведамаснай камісіі для праверкі карэктнасці апрацавання вынікаў першага ЦЭ. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, які таксама напачатку ўсёй гэтай гісторыі называў доказы некарэктнага падліку вынікаў «фэйкамі».

«У выпадку выяўлення памылак Міністэрствам адукацыі будуць прынятыя ўсе неабходныя захады для іх устаранення», – заявіў ён учора.

Па меркаванні Вольгі Павук, такая рэакцыя сведчыць пра адмоўны адбор чыноўнікаў на ўсіх узроўнях і ва ўсіх галінах жыцця беларусаў.

«Трэба разумець, што кожны з іх – несамастойны. Я размаўляю з чыноўнікамі кожны тыдзень і ведаю, што яны самастойна не могуць вырашыць аніякую праблему. І каб не было загаду зверху – нічога б не адбывалася. Яны проста не бяруць на сябе адказнасці ні за што. І з нейкага боку гэта нават добра, таму што ніхто нічога не хоча вырашаць – усё гэта стопарыцца. І я думаю, сітуацыя будзе толькі пагаршацца ў адукацыі і іншых галінах, а ў нейкі дзень нават дойдзе да калапсу», – працягвае разважаць нашая экспертка.

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на скандальны Цэнтралізаваны экзамен, прымаючы кадравыя рашэнні. Менск, 30 траўня 2023.
Фота: belta.by

Калі ж казаць агулам пра так званыя змены ў сістэме адукацыі, то яны хутчэй абумоўленыя, на думку Вольгі, раздутым адміністратыўным апаратам, які павінен нечым займацца, каб апраўдваць сваё існаванне, і слабой камунікацыяй паміж ведамствамі:

«Чым займаецца нашае Міністэрства адукацыі? Я не ведаю, якія яны праблемы вырашаюць. Яны гэтыя праблемы толькі выбудоўваюць для нас усіх. Ніхто з вышэйшага кіраўніцтва ніколі не запрасіў інфармацыю пра водгукі, напрыклад, ад школ, ад вучняў ці хаця б ад метадыстаў. Таму гэта проста імітацыя бурнай дзейнасці. Але яны самі ж не здольныя выконваць тыя правілы, якія сабе прыдумалі».

Цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі праводзяць з 2004 года, але праблемы з падлікам балаў узнікаюць і па сённяшні дзень. У Інтэрнэце карыстальнікі ва ўсю жартуюць пра агульнае няўменне беларускіх чыноўнікаў лічыць: як на экзаменах, гэтак і пры падліку галасоў на выбарах.

Марыя Голдстэйн, belsat.eu

Стужка навінаў