Зацверджаны бюджэт Беларусі на 2024 год – зноў дэфіцытны


Лукашэнка зацвердзіў рэспубліканскі бюджэт на 2024 год. Пяты год запар ён будзе дэфіцытным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выдаткі бюджэту на 2024 год запланаваныя ў памеры амаль 44 мільярдаў 657,4 мільёнаў рублёў. Даходы пры гэтым – меншыя, на ўзроўні 39 мільярдаў 906 мільёнаў рублёў. Дэфіцыт бюджэту складзе амаль 4 мільярды 751,1 млн рублёў.

Дэфіцыт бюджэту на 2023 год чакаўся на ўзроўні 3 мільярдаў 173,8 млн рублёў. Міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў заяўляў, што па выніках году дзяржаўны бюджэт выйдзе бездэфіцытным. За кошт чаго атрымалася закрыць бюджэт, не ўдакладняецца.

«Мы планавалі дэфіцытны бюджэт, а сёння мы выканаем яго без дэфіцыту. Гэта не можа не радаваць», – казаў Селівёрстаў.

Раней прадстаўнікі Мінфіну ўжо казалі, што выдаткі не перавысяць даходаў бюджэту ў 2023 годзе. Даведацца, як ідзе напаўненне бюджэту і трата сродкаў можна толькі са словаў чыноўнікаў, бо Мінфін не публікуе справаздачаў з сярэдзіны 2022 года.

Паводле Селівёрстава, сярод іншага, бюджэту дапамаглі экспарцёры. У наступным годзе ўлады разлічваюць, што падатковыя прыбыткі ад замежнаэканамічнай дзейнасці павялічацца амаль удвая.

На 2020-2022 гады праекты бюджэту таксама планаваліся стратнымі. На 2022 год закладаўся дэфіцыт у памеры 2,9 мільярдаў рублёў, на 2021 – 4 мільярды рублёў, на 2020 – крыху менш за 1 мільярд рублёў. Дэфіцыт 2024 года будзе найбольшым за апошнія 5 гадоў.

Аналітыка
«Супярэчлівы і з беспадстаўнымі надзеямі». Што не так з бюджэтам Беларусі налета?
2023.10.24 20:37

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў