Які Савецкі Саюз мы страцілі: 32 фота з позняга БССР


100 гадоў таму, 30 снежня 1922-га, быў утвораны Савецкі Саюз – аб’яднанне Беларускай, Закаўказскай, Расейскай і Украінскай савецкіх рэспублік. 31 год таму СССР спыніў існаванне. Некаторыя дасюль згадваюць яго з настальгіяй.

Плошча Якуба Коласа ў Менску. 1988 год.
Фота: RBF / pastvu.com

Да 30-годдзя распаду СССР у Расеі рабілі апытанні пра стаўленне да Савецкага Саюзу. Паводле апытання Левада-Цэнтру, 63 % шкадавалі пра распад СССР, 28 % не шкадавалі. А згодна з апытаннем дзяржаўнага Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), 18 % не ведалі, як СССР расшыфроўваецца.

У Беларусі падобных апытанняў даўно не ладзілі. Улады нават не звярнулі шмат увагі на 100-гадовы юбілей стварэння Савецкай Беларусі ці 30-годдзе незалежнасці Рэспублікі Беларусь (а незалежную сацыялогію зрабілі максімальна складанаю).

Але нядаўна апытанні пра СССР правялі ва Украіне. Паводле аднаго апытання Цэнтру Разумкова, 67 % пазітыўна ацэньваюць распад СССР, а паводле іхнага ж іншага апытання, 87 % не шкадуюць пра распад СССР.

Аналітыка
Колькі той незалежнасці засталося? Спыталі год таму і сёння
2022.08.25 21:09

Як жылося ў СССР, усё яшчэ могуць расказаць шматлікія сведкі. Напрыклад, чалавеку, які пажыў поўнагадовым у СССР хаця б 10 гадоў, цяпер толькі 41 год, а 70-гадовы яшчэ заспеў сталінскі час (хай і ў калысцы). Шмат якія блогеры, як беларус Максім Міровіч ці расеец Максім Кац, прысвячаюць цэлыя цыклы тэме прапагандысцкіх міфаў пра СССР.

Што гэта за міфы і як напраўду выглядала савецкае жыццё?

Паглядзім на афіцыйныя і прыватныя фота з БССР 1980-х. На гэтыя гады прыпаў і «брэжнеўскі застой», і «гонка на лафетах» старых партыйных лідараў, і спроба рэфармаваць нямоглую сістэму, што вылілася ў перабудову, і распад камуністычнай сістэмы.

У СССР было самае смачнае марозіва – ці то жартам, ці то цалкам сур’ёзна кажуць фанаты СССР. Кажуць, усе мелі годныя заробкі і жылі ў дабрабыце, а цэны былі нізкія. Напраўду ж дзякуючы планавай эканоміцы дэфіцыт мог узнікнуць на любы тавар.

Камароўскі рынак, між 1980 і 1983 гадамі. Фота з альбому «Менск учора і сёння». У альбоме выкарыстаныя фота Г. Дзяткевіча, Г. Ліхтаровіча, В. Харчанкі, А. Лабады. Скан: pastvu.com
Крама віна і гарэлкі ў Віцебску. 1982 год.
Фота: Сяргей Гусакоў / старый-витебск.рф

Даставаць у чэргах ці праз знаёмствы даводзілася розныя рэчы і нават ежу. СССР не здолеў забяспечыць усіх грамадзянаў туалетнаю паперай ці лядоўнямі. Найлепшымі таварамі лічыліся якраз імпартныя: не толькі амерыканскія джынсы, а і югаслаўская мэбля.

Участак зборкі радыёпрымачоў «Океан» на заводзе «Радыёпрыбор», між 1984 і 1986 гадамі.
Фота: Георгій Ліхтаровіч / альбом «Гродна. Гродно». Скан: pastvu.com
Доследна-эксперыментальная абутковая фабрыка ў Магілёве, 1985–1987 гады.
Фота: В. Сліжа / альбом «Магілёў. Могилёв. Mogilev». Скан: pastvu.com

Калі хацелася модных строяў, а праз блат не ўдавалася, даводзілася самастойна шыць, а каб выглядаць проста прыстойна – цыраваць. Гэндмэйд і DIY (Do It Yourself – даслоўна «зрабі гэта сам») былі зусім не хобі або прынцыпамі, а неабходнасцю.

Прараб будаўнікоў дарогі Масква – Менск – Берасце, Менская вобласць. Між 1982 і 1983 гадамі.
Фота: Вадзім Качан / russiainphoto.ru
Людзі ў Менску, між 1975 і 1985 гадамі.
Фота: RBF / pastvu.com

Шмат што з савецкіх тавараў было надзвычай нізкаякасным, нават калі было копіяй «капіталістычнага». Напрыклад, машыны «Жыгулі» славіліся тым, што іх трэба рамантаваць адразу пасля пакупкі, хоць яны і вырабляліся на аснове італьянскіх «Fiat 124». Пры гэтым да канца існавання СССР «Жыгулі» заставаліся для шмат каго недасяжнаю раскошаю, хоць былі скапіяваныя з машынаў 1967 года вырабу.

Станкабудаўнічы завод імя Камінтэрну, Віцебск. 1982 год. Фота з альбому «Витебск». Скан: pastvu.com
У прарабскай будаўнікоў дарогі Масква – Менск – Берасце, Менская вобласць. Між 1982 і 1983 гадамі.
Фота: Вадзім Качан / russiainphoto.ru

Прамысловасць арыентавалася на патрэбы войска, а зусім не на патрэбы грамадзянаў. І яна, як стала зразумела пасля распаду СССР і адкрыцця межаў, выпускала неканкурэнтаздольную і моцна састарэлую прадукцыю.

Здымак «Твар эпохі» з выставы «Советская Беларусь: Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Дзесьці ў БССР. 1 траўня 1981 года.
Фота: Суткус Антанас / russiainphoto.ru
Рамонт цяжкавіка ЗІЛ на будаўніцтве дарогі Масква – Менск – Берасце, Менская вобласць. Між 1982 і 1983 гадамі.
Фота: Вадзім Качан / russiainphoto.ru

Грамадзяне не маглі не толькі дамагчыся продажу патрэбных ім тавараў, але і абараніць сваіх правоў на вытворчасці. Прафсаюзы існавалі, але баранілі дзяржаву, а не рабочых. Не маглі нават вольна выбраць месца працы, не кажучы пра тое, каб пачаць уласны бізнес. Апошняе было крымінальным злачынствам.

Вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. 1983 год.
Фота: Photosnob / pastvu.com
Жанчыны на трактары каля Маладзечна, 1973 год.
Фота: Віктар Ахломаў / russiainphoto.ru

Хоць у СССР дэкларавалі роўнасць грамадзянаў, няроўнасць і дыскрымінацыя былі відавочныя. Хто вышэй у партыйнай іерархіі, той меў доступ да тавараў і выгодаў, недасяжных звычайным смяротным. Пасля выхаду на пенсію для бальшыні актыўнае жыццё канчалася. Гендарная няроўнасць нефармальна падтрымлівалася. Былі відавочна багацейшыя і бяднейшыя рэгіёны. Жыццё на сяле было цяжэйшае і бяднейшае, а слова «калгаснік» было (і застаецца) ледзь не абразаю. Была і выразная дыскрымінацыя «неславянскіх» народаў, габрэяў. Расейскія культура і мова выцяснялі іншыя.

Суботнік на дарозе Масква – Менск – Берасце, 1982 ці 1983 год.
Фота: Вадзім Качан / russiainphoto.ru
«Байцы» студэнцкага будаўнічага атраду на будоўлі новага корпусу Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру. 1982 ці 1983 год.
Фота: drama.grodno.by

Былі і іншыя формы прымусовай або «добраахвотна-прымусовай» працы: «студатрады», «суботнікі», паездкі «на бульбу»… Таксама крымінальным злачынствам было не працаваць – гэта лічылася «дармаедствам».

Ансамбль «Песняры». 1977 год.
Фота: Сямён Мішын-Маргенштэрн / russiainphoto.ru
Рок-гурт «Мроя», 1989 год. Здымак з серыі «Persona non grata» пра савецкую нефармальную моладзь.
Фота: Уладзімір Парфянок / Facebook

Нават калі ты вядомы спявак, але не ў дзяржаўным ансамблі ці Саюзе пісьменнікаў, то мусіш мець афіцыйнае месца працы. Гэта датычыла і ўсесаюзных зорак, як то паэта Іосіфа Бродскага, пакаранага за «дармаедства» ссылкаю на Поўнач.

Прывакзальная плошча Менску, 1989 год.
Фота: oitru / pastvu.com
Плошча Свабоды ў Менску, 1986 ці 1987 год. Фота з альбому «Мінск учора і сёння». У альбоме выкарыстаныя фота Г. Дзяткевіча, Г. Ліхтаровіча, В. Харчанкі, А. Лабады. Скан: pastvu.com

«Кватэры раздавалі бясплатна», але не ва ўласнасць, а ў карыстанне без права прадаваць. У чарзе па кватэру можна было стаяць гадамі, а каб трапіць у чаргу, трэба было ўжо жыць у моцна перанаселенай кватэры. А можна было да канца СССР пражыць у камунальнай кватэры з іншымі сем’ямі. Пры гэтым жытло будавалі нізкаякаснае – за прыгожымі фасадамі цэнтральных вуліцаў хаваліся палі баракаў, хрушчовак і брэжневак і іх занядбаныя двары або старыя драўляныя хаты. Гарады выглядалі аднолькава на розных канцах Саюзу.

Праспект Пушкіна каля ўніверсаму «Фрунзенскі», між 1983 і 1987 гадамі. Фота з альбому «Мінск учора і сёння». У альбоме выкарыстаны фота Г. Дзяткевіча, Г. Ліхтаровіча, В. Харчанкі, А. Лабады. Скан: pastvu.com
6-ая вуліца Даватара ў Віцебску. Між 1985 і 1989 гадамі.
Фота: Л. Седнянкова / VK

Калі не пашчасціла жыць далёка ад працы, даводзілася карыстацца грамадскім транспартам, які, мякка кажучы, не заўсёды ўлічваў патрэбы грамадзянаў. А змяніць працу, перабрацца ў іншую кватэру ці здабыць аўтамабіль было праблемаю. Не кажучы пра тое, што няпроста было пераехаць у іншы горад, а за мяжу можна было хіба ўцячы.

Тралейбус на плошчы Леніна ў Менску. 26 красавіка 1989 года.
Фота: Уладзімір Сапагоў / vytoki.net
Трамвай на вуліцы Леніна ў Віцебску, 1980 год.
Фота: Барыс Беленькі / evitebsk.com

Гістарычна-культурная спадчына была нават у горшым стане за жытло. Рэлігійныя будынкі разбураліся ці перадаваліся на гаспадарчыя патрэбы, шмат якія замкі і палацы пакідалі ў такім стане, што тыя проста самі развальваліся. Не кажучы пра тое, што гісторыя пастаянна перапісвалася і фальсіфікавалася.

Мірскі замак. Між 1980 і 1983 гадамі.
Фота: В. Чантурыя / «Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии». Скан: pastvu.com
Басейн у саборы Святога Мікалая, Бабруйск. Пасля 1967 года.
Фота: bobreparhiya.by

У нас была найлепшая адукацыя – яшчэ адзін папулярны міф фанатаў СССР. Пасля распаду СССР стала відаць, што больш-менш развітыя былі асобныя галіны, але агулам савецкая адукацыя не вучыла ініцыятыўнасці або крытычнаму мысленню, не рыхтавала да жыцця не «паводле ўказкі». Затое вучыла слухаць ідэолагаў і рабіць выгляд, што пагаджаешся.

Заняткі па фізіцы ў сярэдняй школе № 29 у Магілёве, між 1985 і 1987 гадамі.
Фота: В. Сліжа / альбом «Магілёў. Могилёв. Mogilev». Скан: pastvu.com
Урок міру ў гарадзенскай школе № 1. Помнік настаўнікам і вучням, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.
Фота: Георгій Ліхтаровіч / альбом «Гродна. Гродно». Скан: pastvu.com

Узровень медыцыны таксама выклікаў сумненні: хоць сярэдняя працягласць жыцця была толькі крыху ніжэйшая за еўрапейскую, доступ да якаснай медыцыны быў найчасцей праз блат. Медыцына была шмат у чым адсталая. Напрыклад, да канца існавання СССР практычна не ўжываліся аднаразовыя іголкі шпрыцаў. Савецкія грамадзяне часта сутыкаліся з хамствам медычнага персаналу, не зацікаўленага ў выніках уласнай працы, нават у радзільнях. Ужываліся неправераныя або антынавуковыя метады лекавання. Дысідэнтаў літаральна катавалі «лекаваннем». Гэта пазней назвалі «карнаю псіхіятрыяй». Высокая доля насельніцтва пакутавала на алкагалізм.

Паліклініка № 1, Віцебск. 1981 год.
Фота: альбом «Витебск». Скан: pastvu.com
Ратонда на ўзбярэжжы ў Алушце, Крым. 1987 ці 1988 год.
Фота: Alx52 / pastvu.com

У СССР да канца 1980-х панавалі цэнзура і абавязковая дзяржаўная ідэалогія. Пры тым усе бачылі, што на словах – «мы за мір», а фактычна Савецкі Саюз браў удзел у войнах ускосна і наўпрост. Калі СССР дазволілі крыху крытыкаваць, «галоснасць» прарвалася лавінаю незадаволенасці. Першыя ж санкцыянаваныя мітынгі збіралі вялікія натоўпы. Спробы цалкам легальна аддзяліцца ад СССР у некаторых рэспубліках сутыкаліся з дзяржаўным гвалтам і ўжываннем войска супраць пратэстоўцаў.

На плошчы Леніна ў Менску. 26 красавіка 1989 года.
Фота: Уладзімір Сапагоў / vytoki.net
Першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг. 19 лютага 1989 года. Стадыён «Дынама», Менск.
Фота: Уладзімір Сапагоў / vytoki.net

Савецкі Саюз распаўся праз шмат якія прычыны. Глыбокі эканамічны крызіс ці то здарыўся ў 1989 годзе, ці то пачаўся яшчэ ў 1970-ыя, ці то не спыняўся з рэвалюцыі 1917-га. Глыток свабоды перабудовы паказаў татальную незадаволенасць камуністычнымі ўладамі, а галоснасць выкрыла шматлікія бесчалавечныя злачынствы камуністаў. Спроба рэфармаваць планавую эканоміку і таталітарны рэжым правалілася. Невядома, ці магла яна наагул быць паспяховай. А спробы рэанімаваць скалечаныя камуністамі краіны дзесьці прывялі да некалькіх гадоў татальнай галечы, а дзесьці – да прыходу да ўлады рэваншыстаў з сярпом і молатам у галаве.

Шэсце ў Курапаты. 19 чэрвеня 1988 года. Менск.
Фота: Юрась Лаўрык / vytoki.net
Арышт удзельнікаў акцыі на Дзень Волі. 25 сакавіка 1989 года. Менск.
Фота: Дзмітрый Карлівонаў / vytoki.net
Гісторыі
Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў
2022.10.26 08:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў