Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі пра рэакцыю прапаганды на візіт заходніх дыпламатаў у Курапаты


Дыпламаты краінаў Еўрапейскага Звязу, Вялікай Брытаніі ды Швейцарыі традыцыйна ўсклалі кветкі ва ўрочышчы Курапаты. Прапагандысты Лукашэнкі тым часам чапляліся і правакавалі ўдзельнікаў мерапрыемства. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі не бачыць нічога дзіўнага ў такіх паводзінах, бо сталінскія рэпрэсіі да гэтай пары з’яўляюцца табу для медыяпрасторы ў афіцыйнай Беларусі. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

Шанаванне памяці цяпер у беларусаў, паводле Паўлюка Быкоўскага, – больш размытае паняцце і такая прапаганда аказвае ўздзеянне на досыць вялікую частку грамадзян, якія не асабліва даюць веры, што сталінскія рэпрэсіі былі такімі разгорнутымі і вялікімі, як распавядаюць апазіцыйныя крыніцы.

«Прысутнасць заходніх дыпламатаў у Курапатах паказваюць [прапагандысты], што вось яны там хочуць навязаць нам нейкія каштоўнасці, хочуць нейкую прыдуманую і перапісаную гісторыю нам прасунуць. Бо, не гледзячы на тое, што шмат разоў праводзіліся экспертызы, у тым ліку па Курапатах, Лукашэнка казаў, што гэта ўсё не так, давайце правядзем наступную экспертызу, гэта трэба абвергнуць», – кажа Быкоўскі.

І нават тое, што народ ведае, як умее маніпуляваць фактамі Лукашэнка, не выходзіць тут на першы план, бо, па словах эксперта, той усё роўна займае кіруючую пасаду, а большасць людзей так ці інакш ставяцца да ўлады калі не з пашанай, то з перасцярогай. Што ж да агрэсіўнай прапаганды рэжыму, то маніторынг, які праводзіцца ў межах праекту «MediaIQ», паказвае пэўныя змены ў прапагандзе. І ёсць наратывы, якія застаюцца вечнымі, а ёсць тое, што бярэцца на ўзбраенне:

«Вось з такіх апошніх наратываў перад апошнімі польскімі выбарамі ўзнікла моцная тэма наконт таго, што ў Польшчы дыктатура і гэтак далей. А тэма сцяны на [беларуска-польскай] мяжы – гэта тэма, якая ўжо амаль год прысутнічае ў медыяпрасторы з рознымі афарбоўкамі. То кажуць пра гэта з пункту гледжання абароны жывёлаў, то з пункту гледжання абароны правоў людзей, якія пераходзяць мяжу без дазволу. Пры гэтым, калі гвалтам разганяюць дэманстрацыю ў Беларусі, то гэта, быццам, добра, а вось калі такім спосабам не пускаюць праз мяжу мігрантаў, то гэта, быццам, кепска», – разважае Паўлюк Быкоўскі, падкрэсліваючы пры гэтым, што для прапаганды не абавязкова быць паслядоўнай, але абавязкова выклікаць эмоцыі.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў