Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты


Днём 30 кастрычніка еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты напярэдадні Дзядоў. Раней у Курапатах у ноч з 29 на 30 кастрычніка беларусы ўшаноўвалі памяць расстраляных НКВД у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты, пакуль гэта не стала небяспечным. Аднак еўрапейскія дыпламаты традыцыйна працягваюць гэта рабіць.

Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты. 30 кастрычніка 2023 года.
Фота: European Union in Belarus / Facebook

На падзеі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місіяў краінаў ЕЗ, а таксама Вялікай Брытаніі ды Швейцарыі.

«Народны мемарыял Курапаты – сведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецце дбалі пра абарону годнасці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці. Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», – гаворыцца на старонцы «European Union in Belarus».

Дыпламаты еўрапейскіх краінаў наведалі Курапаты. 30 кастрычніка 2023 года.
Фота: European Union in Belarus / Facebook

Некаторыя прапагандысты з дзяржаўных медыяў традыцыйна ладзілі правакацыі і спрабавалі перашкаджаць дыпламатам. Гэтак, Людміла Гладкая з газеты «СБ. Беларусь сегодня» і Аляксей Краквін з тэлеканалу ОНТ спрабавалі правакаваць дыпламатаў пытаннямі: навошта яны прыйшлі ў Курапаты, чаму ў іх белыя і чырвоныя кветкі і што гэта значыць. У адказ дыпламаты ў асноўным захоўвалі маўчанне. Адзін з іх адказаў, што тут для таго, каб аддаць даніну павагі, іншы – каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскага тэрору. Ускладанне кветак на месцы мемарыялу ў дзяржаўных медыях назвалі правакацыяй.

Тое ж самае прапагандысты рабілі і ў мінулыя гады, у тым ліку ў Курапаты прыязджаў Грыгорый Азаронак.

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года зрабілася адною з самых трагічных і чорных датаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. У гэтую ноч савецкія карнікі расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. Кожны год у гэты дзень праводзіцца акцыя памяці пад сімвалічнаю назваю «Ноч расстраляных паэтаў» дзеля ўшанавання памяці выдатных творцаў, знішчаных тагачасным рэжымам.

Hавiны
За паход у Курапаты могуць арыштаваць. Што адбываецца ў мемарыяле
2023.10.29 22:32

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў