Аператара дрона аштрафавалі за здымку для дзяржпрадпрыемства


Берасцейскага фатографа Васіля Пашалюка пакаралі штрафам за тое, што ён зрабіў здымку з дрона для дзяржаўнага прадпрыемства. Апошняе не ўратавала яго ад адміністратыўнай справы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Васіль Пашалюк.
Фота: sb.by

Вядома, што берасцеец Васіль Пашалюк, які мае мянушку Васька Пілот, пагадзіўся зрабіць некалькі здымак з квадракоптара для адной з дзяржаўных арганізацыяў, прычым бясплатна. Калі мужчына выклаў знятыя кадры на свой YouTube-канал, ім раптам зацікавілася Берасцейская абласная пракуратура.

Прэтэнзіі сілавікоў да фатографа былі ў тым, што ён вёў здымку з дрона без папярэдняга атрымання дазволу. За гэта на Васіля склалі адміністратыўны пратакол паводле ч. 2 арт. 18.35 КаАП («Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы»), а пазней пакаралі штрафам памерам 10 базавых велічыняў (370 рублёў).

Сам Васіль Пашалюк неаднаразова атрымліваў падзяку ад кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады. Публікацыі пра яго выходзілі і ў незалежных медыях, і ў дзяржаўных выданнях кшталту «СБ. Беларусь сегодня».

Калі прыхільнікі творчасці берасцейца даведаліся, што яго аштрафавалі, з’явіліся прапановы дапамагчы з аплатай штрафу. Аднак Васіль Пашалюк зрабіў гэта самастойна, адзначыўшы, што крыўдны не сам штраф, а што пакаранне адбылося за бясплатную здымку для дзяржаўнай арганізацыі.

Нагадаем: Аляксандр Лукашэнка 25 верасня падпісаў указ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў» (PDF). Згодна з ім, фізічным асобам, а таксама «неўпаўнаважаным» юрыдычным асобам забаранілі ўвоз, захаванне, абарот, эксплуатацыю і выраб цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў, выкарыстанне паветранай прасторы беспілотнікамі. Увоз, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў забаранілі адразу пасля афіцыйнай публікацыі ўказу, а захаванне і абарот – праз паўгода.

Разбор
Беларусам забаранілі беспілотнікі. Навошта і што рабіць? Галоўнае, што трэба ведаць
2023.09.26 15:57

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў