«Адносна таннага тавару няма апрыёры». Кіраўніца «Беллёгпраму» пахвалілася дарагавізнай беларускай вопраткі


Кіраўніца «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна назвала беларускую вопратку лепшай у свеце паводле цаны і якасці. Яна таксама пахвалілася, што таннай прадукцыі няма, і абгрунтавала гэта неабходнасцю плаціць за якасць, паведамляе беларускае дзяржаўнае тэлебачанне.

Цэх фабрыкі «Славянка» у Бабруйску.
Фота: «Славянка» / slavianka.by

БТ паказала вялікае інтэрв’ю кіраўніцы «Беллёгпраму». Таццяна Лугіна заявіла, што паводле цаны і якасці беларуская вопратка – лепшая ва ўсім свеце.

«Паводле цаны і якасці лепшых за беларускіх вытворцаў няма. У нас няма адносна таннага тавару апрыёры, бо ўсе якасныя характарыстыкі – тканіна, дызайн, абробка, тэхналагічныя вузлы, аперацыі… Мне падаецца, што калі ты папаносіш беларускую вопратку і прызвычайваешся, ужо іншую ты не можаш адчуваць, нават калі знаходзіш танней», – сказала Лугіна.

Яна таксама прызнала, што паміж айчыннымі вытворцамі канкурэнцыі няма, і гэтым фактам не абуралася.

«Сёння ўнутры краіны канкурэнцыі няма. Сёння ўсе мы – вытворцы бялізны, вопраткі і абутку – мусім сваю прысутнасць павялічваць з кожным годам, каб імпарту было менш. Сёння ўсім ёсць месца», – растлумачыла старшыня дзяржаўнага канцэрна.

Лугіна распавяла, што канкурэнтная перавага беларускіх вытворцаў лёгкай прамысловасці – якасць, дызайн і надзейнасць, а «наш моцны бок – нашая скура і наш лён».

Яна канстатавала, што з пачаткам вайны прадукцыю больш не экспартуюць ва Украіну, амаль страчаныя заходнія рынкі. Але, паводле яе словаў, пастаўкі перанакіравалі ў Расею, Турцыю, азіяцкія краіны, таму галіна не толькі не панесла страты, а яшчэ і павялічыла выручку.

Hавiны
Пасля патрабаванняў «Беллёгпраму» ўлады абмежавалі працу крамаў сэканд-хэнду
2021.01.03 11:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў