Поспехаў украінскага наступу амаль не відаць на мапах. Як гэта перажываюць украінцы?


Яшчэ вясною многія чакалі, што вось-вось пачнецца ўкраінскі прарыў, вяртанне пад кантроль Кіеву значнай часткі акупаваных тэрыторыяў. Наступ Украіны ідзе амаль месяц, а поспехі хіба лакальныя. Паглядзелі на мапы і спыталі ўкраінскага эксперта, што пра гэта думаюць звычайныя ўкраінцы і ваяры.

Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны. Чэрвень 2023 года.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

З мінулай восені – вызвалення Харкаўскай вобласці і правабярэжнай паловы Херсонскай вобласці – лінія фронту вайны ва Украіне амаль не мяняецца. Украінскі наступ, якога чакалі з вясны, распачаўся ў першай дэкадзе чэрвеня, але поспехі Збройных сілаў Украіны пакуль даволі лакальныя.

Як гэта выглядае на мапах

«LiveuaMap»
Анімаваная мапа паводле звестак праекту «LiveuaMap»: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (шэра-сінім), з канца студзеня 2022 года па канец чэрвеня 2023 года. З кастрычніка 2022 года праект пазначае светла-чырвоным таксама вобласці Расеі, закранутыя вайною. Калаж: liveuamap.com / Белсат

У апошні месяц ЗСУ замацаваліся на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, прасоўваюцца пад Бахмутам. Але асноўная частка навінаў ад ЗСУ гучыць як «Украіна вызваліла яшчэ адное паселішча».

«LiveuaMap»
Анімаваная мапа паводле звестак праекту «LiveuaMap»: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (шэра-сінім), з канца студзеня 2022 года па канец чэрвеня 2023 года. З кастрычніка 2022 года праект пазначае светла-чырвоным таксама вобласці Расеі, закранутыя вайною. Калаж: liveuamap.com / Белсат

На канец чэрвеня аналітыкі часцей за ўсё кажуць, што Украіна не пачала асноўны наступ, бо яшчэ не канцэнтравала вялікіх сілаў на адным напрамку ўдару. Але, як піша «The New York Times», у адміністрацыі прэзідэнта Злучаных Штатаў бачаць, што наступ «адстае ад графіку», а вынікі першых тыдняў наступу «працвярэжваюць». Украінскія ж чыноўнікі і вайскоўцы заклікаюць не раскрываць дэталяў наступу і паўтараюць: «Планы любяць цішыню».

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) 30 чэрвеня звяртае ўвагу на заяву Украіны аб «захопе стратэгічнай ініцыятывы» і на наступальныя аперацыі на захадзе Запарожскай вобласці і на мяжы Запарожскай і Данецкай вобласцяў. Ды на мапах ISW за апошні месяц гэтага таксама не відаць, хоць несумнеўна, што ЗСУ вядуць інтэнсіўныя баі.

Поўнач
Мапы поўначы Украіны ад Інстытуту вывучэння вайны: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (блакітным), на канец траўня і канец чэрвеня 2023 года. Калаж: understandingwar.org / Белсат
Данбас
Мапы Данбасу ад Інстытуту вывучэння вайны: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (блакітным), на канец траўня і канец чэрвеня 2023 года. Калаж: understandingwar.org / Белсат
Запарожжа
Мапы Запарожжа ад Інстытуту вывучэння вайны: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (блакітным), на канец траўня і канец чэрвеня 2023 года. Калаж: understandingwar.org / Белсат
Херсоншчына
Мапы поўдня ад Інстытуту вывучэння вайны: тэрыторыі, акупаваныя Расеяй (чырвоным) і вызваленыя Украінай (блакітным), на канец траўня і канец чэрвеня 2023 года. Калаж: understandingwar.org / Белсат

Найбольш рэзанансныя навіны цяпер прыходзяць не ад ЗСУ: Расея падарвала дамбу Кахоўскай ГЭС, баевікі Групы Вагнэра пайшлі на Маскву і развярнуліся, расейскія вайскоўцы замінавалі Запарожскую АЭС, ад чарговага расейскага ўдару па такім-та горадзе загінулі столькі-та мірных жыхароў…

Як украінцы гэта перажываюць

Палітолаг і дырэктар украінскага Цэнтру даследаванняў праблемаў грамадзянскай супольнасці Віталій Кулік расказаў «Белсату», што грунтоўных даследаванняў настрояў украінцаў адносна наступу не было. Але з тых звестак, што ёсць ад фокус-групаў і рэгулярных апытанняў, бачна, што вынікі наступу «не задавальняюць, але і не расчароўваюць» украінцаў.

Віталій Кулык
Віталій Кулік.
Фота: politcom.org.ua

Былі завышаныя чаканні ад контрнаступу, на якія наклаліся мэсэджы ўладаў: «вось-вось пачнецца, заўтра-заўтра», расказвае Кулік. Многія думалі, што гэта будзе падобна да вызвалення Кіеўшчыны, Харкаўшчыны ці правабярэжнай Херсоншчыны, хоць эксперты і казалі, што такога не будзе без надання Украіне ракетаў вялікай далёкасці, пакрыцця дэфіцыту боепрыпасаў і камплектацыі новымі падраздзяленнямі, засваення новай тэхнікі. Так, заходняя тэхніка з’явілася, але не ў тых аб’ёмах, на якія спадзявалася Украіна.

«Прасоўванне адбываецца, але гэта не задавальняе частку грамадзянаў, – канстатуе Кулік. – Відавочна, што гэта пазначаецца на агульным успрыняцці вайны. Але, нягледзячы на гэтыя завышаныя чаканні, негатыў больш факусуецца на асобных чыноўніках або дзейнай уладзе як такой, а не на мэтах вайны».

Калі б нешта падобнае адбывалася ў мірны час у эканамічнай галіне ці ў вонкавай палітыцы, гэта адбілася б на мэтах, якія ставяць улады, мяркуе палітолаг. Гэта прывяло б да стомленасці, падтрымкі нейкіх перамоваў. Але ва ўмовах вайны такога не адбываецца. «Мэта перамогі над Масковіяй і руйнавання Расейскай Імперыі застаецца аб’ектыўнай, вайну да перамогі падтрымлівае большая частка грамадства», – кажа Кулік. Без дасягнення вайсковых мэтаў большасць грамадства не прымае перамір’я або пачатку перамоваў, эфект бачны хіба на 5-7 % апытаных.

Ратавальнік падчас ліквідацыі наступстваў ракетнай атакі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнік падчас ліквідацыі наступстваў ракетнай атакі на Кіеў, Украіна. 29 снежня 2022 года.
Фота: kyiv.dsns.gov.ua

«Эмацыйныя арэлі», адзначае суразмоўца, ва Украіне агулам адбываюцца. Грамадства Украіны рэактыўнае, але гэтая рыса цяпер не адбіваецца на тэме вайны, што палітолаг лічыць добрым. З «прабуксоўваннем» наступу больш людзей канцэнтруецца на неваенных спрэчках і славесных баталіях вакол персонаў, у дыскурс вяртаецца «электаральная логіка».

Але публічным палітыкам Кулік рэкамендуе не дазволіць гэтаму рэсентыменту каналізавацца на «самаедства» і раз’яданне ўнутранай еднасці, пакінуць яго скіраваным на вонкавага ворага. Пакуль ён не бачыць такіх высілкаў з боку ўладаў.

Ход наступу ўплывае на настроі ў войску, адзначае Кулік, але ў войсках працягваюцца працэсы перафарматавання, сфармаваныя брыгады наступу. Ён адзначае і іншую праблему: улады праводзяць мабілізацыю не «па-чалавечы», да рэкрутынгу «саўковы падыход», на людзей часам ладзяць аблавы, да іх часам «скоцкае» стаўленне – не будзь гэтага, частка людзей магла бы быць прызваная і някепска служыць.

«Але з іншага боку, я не бачу масавай стомы, або расчаравання, або нейкай дэмаралізацыі, – паўтарае Кулік. – Больш за тое, я чую, што так, пагана, не хапае таго, вялікія страты, камандзіры скаты, але не жах-жах».

Формулу «але не жах-жах» суразмоўца чуе з усіх франтоў, ва ўсіх падраздзяленнях, з якімі кантактуе ягоны цэнтр. Кожны называе нейкія аб’ектыўныя прычыны зацягвання наступу, як то самалёты, ракеты, артылерыю, палітычную волю, але агулам украінцы маюць разуменне таго, што гэта не суб’ектыўныя рэчы, а аб’ектыўныя праблемы, якія не прыводзяць да дэмаралізацыі і спаду баявога духу.

Hавiны
Забітых і параненых ужо сотні тысяч. Што мы ведаем пра страты ў вайне Украіны і РФ
2023.06.22 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў