ЗСУ прасоўваюцца пад Бахмутам і рыхтуюцца ўдарыць на поўдні. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 490-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баі на ізюмска-славянскім кірунку.
Фота: uniannet / Telegram

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступальныя аперацыі на ўсходзе і поўдні краіны, дасягнуўшы поспеху на асобных участках фронту. Цяпер украінскія вайскоўцы замацоўваюцца на занятых пазіцыях, а таксама наносяць артылерыйскія ўдары па выяўленых кропках дыслакацыі праціўніка.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Паводле Генштабу ЗСУ, у ваколіцах Бахмуту ўкраінскія вайскоўцы наступалі ў ваколіцах Раздолаўкі, на поўначы ад Салядару, на поўдні ад Парасковіеўкі, а таксама каля Залізнянскага, Бярхоўкі, Кляшчэеўкі і Курдзюмаўкі. У выніку такіх дзеянняў украінцы мелі поспех на асобных участках.

У прыватнасці, стала вядома, што байцы 28 Асобнай механізаванай брыгады ЗСУ прасунуліся каля Курдзюмаўкі, у выніку чаго пад іхны кантроль перайшла дамба на захадзе ад населенага пункту. Адзначаецца, што гэтая аперацыя працягвалася паўтара дня. Самая Курдзюмаўка была захопленая расейцамі ў канцы лістапада 2022 года. Цяпер украінскія вайскоўцы маюць плацдарм, з якога можна ажыццявіць вызваленне сяла.

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр адзначыла, што наступальныя дзеянні на бахмуцкім кірунку працягваюцца ўжо чацвёртыя содні, і ЗСУ штодня маюць поспехі на флангах. Між тым у сам Бахмут украінскія вайскоўцы пакуль не заходзяць. Агулам баі на гэтым кірунку ўскладняюцца вялікай колькасцю абарончых збудаванняў, якія цяпер знаходзяцца пад расейцамі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Цягам содняў ЗСУ працягнулі наступальныя дзеянні на так званым урэмеўскім выступе на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Telegram-канал «Рыбарь» піша, што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на ўчастку на захадзе ад сяла Старамаёрскае. Цяпер крыніца прагназуе ўдар дыверсійна-выведнай групы ЗСУ з флангу па пазіцыях расейцаў у сяле Прыютнае. Пры гэтым не выключаецца адначасовая атака з боку Ляваднага і Роўнапалю.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай заходняй частках Запарожскай вобласці)

«Рыбарь» паведамляе пра чарговыя спробы ЗСУ прасунуцца ў бок сяла Рабоціна ў Такмакскім раёне. На думку крыніцы, гэтым разам украінцы намагаліся заняць вышыню 137,8 метра на поўначы ад населенага пункту, але поспеху не дасягнулі.

Таксама ўкраінцы спрабуюць прабіцца з боку Пяціхатак да суседняга сяла Жарабянкі, але пакуль расейцы ўпэўнена ўтрымліваюць свае пазіцыі, якія знаходзяцца вышэй за падкантрольныя ЗСУ тэрыторыі.

Іншая крыніца – канал «НгП раZVедка» – сцвярджае, што ЗСУ абсталёўваюць камандныя пункты ў ваколіцах населеных пунктаў Прыморскае, Весялянка і Камышуваха. На думку крыніцы, такія дзеянні сведчаць пра змяненне кірунку галоўнага ўдару ўкраінцаў, які цяпер мае быць нанесены па лініі Стэпнагорск – Чырвонаармейскае з далейшым блакаваннем гораду Васільеўка.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне ўздоўж рэчышча Дняпра)

Цягам содняў працягваюцца баі на плацдарме ЗСУ на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста і мясцовых лецішчаў. Узброеныя сілы РФ адзначыліся спробамі знішчыць пазіцыі праціўніка пры дапамозе авіяцыі, але іхныя ўдары не былі трапнымі. У сваю чаргу ўкраінскі бок падцягнуў да Дняпра зенітна-ракетныя комплексы С-300, спрабуючы зрабіць складанай працу расейскай авіяцыі. Таксама ЗСУ актыўна выкарыстоўваюць сродкі радыёэлектроннай барацьбы, што не дазваляе праціўніку выкарыстоўваць БпЛА.

Таксама на правабярэжжы назіраецца перакіданне ўкраінскіх рэзерваў і інжынерных групаў да Антонаўскага моста і Кахоўскай ГЭС, якія здольныя наводзіць пантонныя пераправы цераз раку. Такія дзеянні сведчаць пра магчымую падрыхтоўку ЗСУ да фарсіравання Дняпра.

Актыўнасць Узброеных сілаў РФ

У сваю чаргу расейскія вайскоўцы імкнуцца наступаць на ўсходзе Украіны. На ліманскім кірунку ініцыятыва захоўваецца за УС РФ у Серабранскім лясніцтве. Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля Белагораўкі. Таксама расейцы адзначыліся контратакай каля Арэхава-Васільеўкі на бахмуцкім кірунку і атакамі ў Мар’інцы на аднайменным кірунку. Паўсюль ЗСУ ўтрымалі свае пазіцыі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Агляд
Лакальныя поспехі ЗСУ на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?
2023.06.27 19:52

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў