Што будзе з ПВК Вагнэра? Меркаванні ISW, украінскай выведкі і лукашэнкаўскага палітолага


Будучыня расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, якая, як паведамляецца, можа з’явіцца ў Беларусі, працягвае выклікаць пытанні. Карэспандэнты «Белсату» сабралі розныя меркаванні на гэты конт.

Яўген Прыгожын заявіў, што ПВК Вагнэра сыходзіць з Бахмуту. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Ваяваць ва Украіне больш не будуць?

Ва ўкраінскай выведцы сярод наступстваў мяцяжу кіраўніка ПВК Яўгенія Прыгожына для Украіны значнымі з’яўляюцца кампраметацыя расейскага кіраўніцтва і тое, што вагнэраўцы больш не будуць ваяваць ва Украіне.

«Мы атрымалі кампраметацыю расейскага кіраўніцтва. Чарговы раз разбураны міф пра непахіснасць расейскага рэжыму. Былі нанесеныя страты вайскова-касмічным сілам РФ. А яшчэ – ПВК Вагнэра больш не будзе ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. А гэта самае эфектыўнае падраздзяленне РФ, якое ўмела дабівацца поспеху любым коштам», – заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыла Буданаў у каментары «Українській правді».

Крэмль бярэ Вагнэра пад свой кантроль

У сваю чаргу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Крэмль, магчыма, мае намер узяць ПВК Вагнэра пад свой кантроль, ператварыўшы яе ў дзяржаўнае прадпрыемства. Хоць пакуль незразумела, ці прынялі расейскія ўлады канчатковае рашэнне.

ISW спасылаецца на паведамленне «Wall Street Journal» пра тое, што расейскія ўлады пастанавілі ўзяць пад кантроль дзейнасць Вагнэра за мяжой. Гэтак, намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Вяршынін вылецеў у Дамаск, каб паведаміць прэзідэнту Сірыі Башару Асаду, што вагнэраўцы больш не будуць дзейнічаць як незалежная арганізацыя ў Сірыі і што супрацоўнікі ПВК прыбылі на расейскую вайсковую базу ў Лятакіі. Таксама прадстаўнікі МЗС Расеі заявілі кіраўніцтву Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Малі, што ПВК працягне сваю дзейнасць у іх краінах.

ISW таксама піша, што звязаныя з Крамлём бізнесоўцы могуць прыбраць да рук медыя-імперыю Прыгожына.

Не толькі Прыгожын, але і іншыя кіраўнікі

Тым часам беларускі праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры ОНТ заявіў, што «на тэрыторыі нашай краіны знаходзіцца не толькі Прыгожын, але і некаторыя камандзіры гэтай арганізацыі». Паводле яго, зараз абмяркоўваюцца характар перабывання ПВК у Беларусі і аспекты яго магчымай супрацы з рэжымам.

Агляд
«Скажы мне, дзядзька». Чые паходы на Маскву былі больш паспяховымі, чым у Прыгожына?
2023.06.29 13:50

«Досвед ПВК Вагнэра ў навучанні асабовага складу беларускіх збройных сілаў, у ахове, дапусцім, нашых праектаў на афрыканскім кантыненце, у стрыманні тых агрэсіўных памкненняў нашых суседзяў, Польшчы, Літвы, Украіны будзе вельмі запатрабаваныя Беларуссю. Калі мы дамовімся аб умовах узаемадзеяння», – сказаў Шпакоўскі.

Пры гэтым ён дадаў, што гаворка пра размяшчэнне ўсіх 25 тысяч вагнэраўцаў не ідзе. Дакладная колькасць тых, хто застанецца ў Беларусі, абмяркоўваецца.

Палітолаг таксама дадаў, што прадстаўнікі рэжыму ўважліва «прааналізавалі негатыўныя аспекты функцыянавання ПВК Вагнэра ў Расеі». І адмаўляцца ад манаполіі на гвалт не збіраюцца. Таму «дзяржавы ў дзяржаве, як гэта, на жаль, было ў Расейскай Федэрацыі з ПВК Вагнэра, тут не будзе», – дадаў Шпакоўскі.

Hавiны
Дзярждэп: Лукашэнка аддае прыярытэт інтарэсам Пуціна перад інтарэсамі свайго народу
2023.06.30 08:38

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў