«Выпускнікі сутыкнуліся з сутнасцю сістэмы». Ціханоўская пракаментавала дзіўныя вынікі ЦЭ


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды цэнтралізаванага экзамену, што выклікаў рэзкую крытыку сярод бацькоў беларускіх выпускнікоў і саміх школьнікаў. Пра гэта паведамілі ў Офісе палітыка.

Святлана Ціханоўская на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 16 траўня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya.org

«Выпускнікі сутыкнуліся з сутнасцю сістэмы – РІКВ нават не змог правільна падлічыць балы школьнікаў. Хтосьці атрымаў 103 балы, хтосьці набраў дробавую колькасць, а ў большасці проста адымалі 20-25 балаў за 1-2 памылкі. І, нягледзячы на масавыя памылкі ў разліках, міністр адукацыі заявіў, што «гэта ўсё фэйкі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, «зноў абсалютна відавочная памылка, але чыноўнікі не проста не ідуць насустрач людзям, а спрабуюць упэўніць, што памыляюцца менавіта людзі».

«Так усюды «працуе» гэтая сістэма: лічыць галасы на выбарах, «абараняе» беларусаў ад каронавіруса, малюе на паперы высокія заробкі. Гэта адбываецца таму, што ніводнае ведамства не падсправаздачнае грамадству. Любому чыноўніку важна адправіць справаздачу наверх і абараніць сябе, а не грамадзяніна і ягоныя правы», – мяркуе Ціханоўская.

Аднак, падкрэсліла яна, хваля абуранасці «ужо прымусіла выступіць нават Лукашэнку – напэўна, каб паказаць, якія дрэнныя баяры і які добры цар».

Разбор
Скандал з выпускнымі экзаменамі: у чым першапрычына і што рабіць бацькам і вучням
2023.05.30 17:36

У 2023 годзе беларускія 11-класнікі ўпершыню здалі замест выпускных экзаменаў новы цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) у фармаце, ідэнтычным цэнтралізаванаму тэставанню (ЦТ). Вучні напісалі два экзамены: адзін па беларускай ці расейскай мове, другі – па адным з іншых прадметаў, што прапаноўваюць на ЦТ. Пасля гэтага 11-класнікам застанецца здаць адно ЦТ і, магчыма, унутраны іспыт універсітэту. Вынікі ЦЭ ўлічваюцца пры паступленні так сама, як ЦТ.

Рэформа прайшла зусім не гладка: вынікі ЦЭ выклікалі масу абурэння, якая дайшла да Аляксандра Лукашэнкі. Той 30 траўня заўважыў, што «цэлую бучу паднялі», бо «розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб палічыць гэтыя балы». Ён сам абурыўся тым, што «катавасію ўчынілі», вынікі «на камп’ютары вылічвалі», а ў ягоны час была простая пяцібальная сістэма ацэнак. Да абмеркавання тэмы ён паабяцаў вярнуцца на наступным тыдні.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) настойваў, што ўсё нармальна, а ўсе паведамленні пра хібы ЦЭ – фэйкі. Міністр адукацыі Андрэй Іванец трымаўся той самай пазіцыі. Але пасля стала вядома, што для выпраўлення сітуацыі была створаная адмысловая камісія, а Іванец нават прапанаваў змяніць алгарытм падліку балаў.

Hавiны
Праблемы з цэнтралізаваным экзаменам: Мінадукацыі прапануе спрасціць падлікі
2023.05.30 20:05

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў