Праблемы з цэнтралізаваным экзаменам: Мінадукацыі прапануе спрасціць падлікі


У Беларусі сфармавалі міжведамасную камісію для праверкі карэктнасці апрацавання вынікаў першага цэнтралізаванага экзамену. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, перадае БелТА.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Фота: president.gov.by

У міжведамасную працоўную групу ўвайшлі матэматыкі, інфарматыкі, спецыялісты ў галіне статыстычнай апрацавання вынікаў, «якія ў найкарацейшыя тэрміны правядуць комплексную праверку карэктнасці выкананых разлікаў Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў», распавёў Андрэй Іванец.

«У выпадку выяўлення памылак Міністэрствам адукацыі будуць прыняты ўсе неабходныя захады для іх устаранення», – расказаў міністр.

Іванец нагадаў, што разлік вынікаў цэнтралізаванага экзамену прадугледжвае спачатку перавод першасных балаў у тэставыя, а затым – перавод тэставых балаў у 10-бальную адзнаку, якая ідзе ў школьны атэстат як сярэдняя арыфметычная паміж ёй і гадавой ацэнкай па прадмеце. Паводле яго, гэтыя працэдуры былі зацверджаныя яшчэ ў студзені.

Міністр заявіў, што працэдура правядзення цэнтралізаванага экзамену, выкананне ўсіх патрабаванняў, нормаў, рэгламентаў з пункту гледжання тэхнічнай арганізацыі і карэктнасці прыёму экзамену выкананыя ў поўнай меры. Таму, сказаў ён, вядзецца не пра перагляд вынікаў ЦЭ, а пра праверку карэктнасці выканання раней зацверджаных методык.

«Праверка карэктнасці выканання апрацавання вынікаў цэнтралізаванага экзамену будзе праводзіцца па 100% масіву выпускнікоў», – адзначыў Іванец.

Міністр прапанаваў таксама адысці ад пераводу першасных балаў у тэставыя, спрасціўшы працэдуру падліку вынікаў ЦЭ.

«Мы бачым магчымасць стварэння такой сістэмы, калі кожнае заданне будзе мець канкрэтную вагу да пачатку правядзення экзамену. І кожны выпускнік будзе разумець, што, вырашыўшы канкрэтную задачу, ён можа атрымаць са 100 балаў 2, 5 або 10 у залежнасці ад складанасці самой задачы, і гэта будзе абсалютна празрыстая сістэма, якая не будзе патрабаваць ніякіх тэхнічных інструментарыяў па пераводзе першаснага балу ў тэставы», – сказаў ён.

Разбор
Скандал з выпускнымі экзаменамі: у чым першапрычына і што рабіць бацькам і вучням
2023.05.30 17:36

У 2023 годзе беларускія 11-класнікі ўпершыню здалі замест выпускных экзаменаў новы цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) у фармаце, ідэнтычным цэнтралізаванаму тэставанню (ЦТ). Вучні напісалі два экзамены: адзін па беларускай ці расейскай мове, другі – па адным з іншых прадметаў, што прапаноўваюць на ЦТ. Пасля гэтага 11-класнікам застанецца здаць адно ЦТ і, магчыма, унутраны іспыт універсітэту. Вынікі ЦЭ ўлічваюцца пры паступленні так сама, як ЦТ.

Рэформа прайшла зусім не гладка: вынікі ЦЭ выклікалі масу абурэння, якая дайшла да Аляксандра Лукашэнкі. Той 30 траўня заўважыў, што «цэлую бучу паднялі», бо «розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб палічыць гэтыя балы». Ён сам абурыўся тым, што «катавасію ўчынілі», вынікі «на камп’ютары вылічвалі», а ў ягоны час была простая пяцібальная сістэма ацэнак. Да абмеркавання тэмы ён паабяцаў вярнуцца на наступным тыдні.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) настойваў, што ўсё нармальна, а ўсе паведамленні пра хібы ЦЭ – фэйкі. Міністр адукацыі Іванец трымаўся той самай пазіцыі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў