«Аляксандраўская эпоха – залаты век карупцыі». Чаму Беларусь ніяк не пераможа хабарніцтва


Беларусь заняла 98-е месца са 180 краін у індэксе ўспрымання карупцыі ад Transparency International. Гэта на сем пазіцый ніжэй, чым годам раней, нягледзячы на разносы, якія Аляксандр Лукашэнка рэгулярна ладзіць чыноўнікам. Чаму ў такім выпадку Беларусь ніяк не пераможа карупцыю, «Белсат» даведаўся ў дырэктара Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоля Лябедзькі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«Ёсць практыка і не толькі беларуская: чым больш дзяржавы, тым больш кантролю і магчымасцяў у чыноўнікаў. І гэта азначае больш карупцыі менавіта на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Бо так званая бытавая карупцыя, дробная ёсць паўсюль. Але, калі мы гаворым пра карупцыю прыняцця рашэнняў, гэта менавіта там, дзе бюджэт, якім распараджаецца пэўная група людзей.

Дык вось, дзяржавы станавілася з кожным годам усё больш і больш. А пасля 2020 году ў нас проста паўваенны рэжым, а гэта азначае, што менавіта там сканцэнтраваная ўся ўлада», – кажа Анатоль Лябедзька.

Есць і іншыя чыннікі, якія дрэнна ўплываюць на ўзровень карупцыі. Адзін з іх – ліквідацыя грамадзянскай супольнасці ў Беларусі з 2020 года.

«У нармальных цывілізаваных краінах грамадзянская супольнасць у тым ліку мае магчымасць грамадскага кантролю над дзяржавай, над чыноўнікамі. Калі кантролю няма, пашыраецца прастора зноў жа для карупцыйных магчымасцяў. Сюды б я таксама аднёс і адсутнасць парламенцкага кантролю, якога няма ў Беларусі бадай што з 1996 году. З таго часу ў нас няма парламенту і фактычна парламент – гэта аддзел адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі», – падкрэслівае палітык.

Яшчэ адзін аспект – праца незалежных медыя, якія беларускія ўлады таксама прыціскаюць.

«Медыя заўсёды выконвалі вельмі важную функцыю. Яны сачылі за ўладай, кантралявалі яе дзеянні, аналізавалі, якія рашэнні прымаюцца, медыя мелі доступ да інфармацыі ў межах заканадаўства. Нічога гэтага сёння ў Беларусі няма. Таму і не трэба здзіўляцца. Дабавім да гэтага яшчэ і тое, што Беларусь выйшла з шэрагу міжнародных пагадненняў, якія ўсталёўвалі і міжнародны кантроль.

У прыватнасці, мы выйшлі з Групы дзяржаў па барацьбе з карупцыяй [GRECO. – Рэд.]. А генеральны пракурор, які мусіць і павінен быць у першых шэрагах тых, хто змагаецца з карупцыяй, як раз ініцыяваў выхад Беларусі з шэрагу пагадненняў. Абавязкі, якія былі ўзятыя Беларуссю, і так дрэнна выконваліся, калі былі рэкамендацыі тых жа краінаў GRECO. Але ўсё ж быў нейкі ціск, прымус да таго, каб мяняць заканадаўства, практыку. Цяпер нічога гэтага няма. І падзенне будзе толькі працягвацца, калі не зменіцца сітуацыя», – кажа Анатоль Лябедзька.

«Аляксандраўская эпоха – залаты век карупцыі»

Аляксандр Лукашэнка з самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры будаваў імідж барца з карупцыяй. Але справы насамрэч выглядаюць зусім наадварот, упэўнены суразмоўца.

«Лукашэнка проста ачоліў карупцыю ў Беларусі. Гэта як раз залаты век – Аляксандраўская эпоха – эпоха магчымасцяў для карупцыянераў маленькіх і вялікіх. Лукашэнка на сам рэч скарыстаў сітуацыю вялікага попыту на справядлівасць і гэта стала адным з пунктаў яго перадвыбарчай праграмы [у 1994 годзе. – Рэд.].

Але з цягам часу людзі зразумелі, што словы ёсць, пажаданні звярнуць нейкаму з карупцыянераў шыю таксама ёсць, а практыка зусім іншая. Хутчэй за ўсё гэта такі акт мабілізацыі чыноўнікаў і гульня ў рускую рулетку – каму пашчасціла, а каму – не. Не больш. Я думаю, што грамадства ў сваёй большасці не ўспрымае сур’ёзна словы пра змаганне з карупцыяй, якія ідуць ад Лукашэнкі і яго атачэння», – кажа Лябедзька.

Расследaванні
Якія справы вырашаюцца ў хакейнай раздзявальні Аляксандра Лукашэнкі?
2022.03.29 16:32

Кругазварот карупцыянераў на пасадах

Таксама ідзе ў разрэз з гучнымі словамі Лукашэнкі тое, што з цягам часу тыя, хто былі асуджаныя за карупцыю, зноў з’яўляюцца на нейкіх дзяржаўных пасадах. Напрыклад, былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа працуе начальнікам лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае» у Белавежскай пушчы. Хоць у студзені 2023 года яго асудзілі на 7,5 гадоў калоніі за хабар у асабліва буйным памеры.

«Гэта гаворыць пра спецыфіку кадравай палітыкі ў Беларусі. Лукашэнка, выкарыстоўваючы наратывы змагання з карупцыяй, закрывае праблемныя месцы. Сёння кадравы голад вельмі моцны ў краіне і, думаю, што мы яшчэ сутыкнёмся не аднойчы з такімі праявамі. Такая спецыфіка – людзі яшчэ мусяць быць удзячнымі за тое, што іх кінулі закрываць нейкія слабыя месцы. Гэта правілы, якія разумеюць усе чыноўнікі. Лукашэнка тут рэалізуе прынцып «раздзяляй і ўладар». І вось гэта частка кадравай яго палітыкі і не больш за тое», – робіць выснову Анатоль Лябедзька.

Расследaванні
Шведскі стол за кошт бюджэту. Давераныя асобы Лукашэнкі
2022.01.25 17:07

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў