Адно месца з Эфіопіяй і Гамбіяй: Беларусь пагоршыла пазіцыі ў рэйтынгу карупцыі


Беларусь у міжнародным рэйтынгу ўспрыняцця карупцыі апусцілася на 98-е месца сярод 180 краінаў свету. Пра гэта гаворыцца ў адпаведнай справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International за 2023 год. У 2022 годзе Беларусь была на 91-м месцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як вынікае са справаздачы, індэкс успрыняцця карупцыі (CPI) ў Беларусі склаў 37 пунктаў са 100 магчымых. Сярод суседзяў найлепшы паказнік мае Літва, яна заняла 34-е месца, яе індэкс склаў 61 пункт. Латвія з індэксам 60 – на 36-м месцы, Польшча з індэксам 54 – на 47-м месцы, Расея – на 141-м (індэкс 26). Украіна заняла 104-е месца з індэксам 36 пунктаў і палепшыла свае паказнікі ва ўмовах вайны.

Лідарства ў рэйтынгу традыцыйна маюць Данія, Фінляндыя і Новая Зеландыя. Апошнія месцы занялі Сірыя, Венесуэла і Самалі.

У арганізацыі Transparency International адзначаюць, што больш за дзве траціны краін набралі менш за 50 са 100 магчымых пунктаў, і гэта пераканаўча сведчыць аб наяўнасці ў іх сур’ёзных праблемаў з карупцыяй.

Індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, не колькасць і памеры хабару, які даюць і бяруць у краіне, а менавіта яе ўспрыняцце. Індэкс успрыняцця карупцыі вылічваецца на падставе апытанняў міжнародных экспертаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў. Калі гаварыць пра дынаміку індэксу для Беларусі, то перыяд яго паляпшэння супаў з пэрыядам паляпшэння дачыненняў з Захадам.

Аб’ектыў
Ад змагара да хаўрусніка: чаму Лукашэнка не можа перамагчы карупцыю?
2023.12.09 21:42

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў