Ад змагара да хаўрусніка: чаму Лукашэнка не можа перамагчы карупцыю?


Пра маштаб праблемы сведчаць лічбы. Сёлета ў Беларусі выкрылі больш за 3000 эканамічных злачынстваў, кожнае трэцяе з якіх мае прыкметы карупцыі. Такія звесткі прыводзіць лукашэнкаўскі МУС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Карупцыя рэжыму Лукашэнкі больш шкодная, чым у шматлікіх іншых краінах, сцвярджае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч, які днямі атрымаў прэмію «Чэмпіёны ў барацьбе з карупцыяй» Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША:

«У сувязі з тым, што эканоміка цэнтральна накіраваная, асноўныя грошы зарабляюцца не на прыбытках, а на стратах. І для таго каб зарабіць 10-50 мільёнаў долараў на год, які-небудзь міністр або гаманец Лукашэнкі заварочвае цэлую галіну эканомікі ў страты. І сапраўдныя страты гэта не тыя 10-50 мільёнаў, якія ён скраў, а тыя мільярды, якія «прафуківаюцца».

Лукашэнка змагаецца з карупцыяй ужо больш за 30 гадоў. Менавіта на гэтым змаганні ён пабудаваў сваю перадвыбарчую кампанію падчас першай прэзідэнцкай гонкі 1994 года.

«Лукашэнка не адзіны палітык, які ішоў на выбарчую кампанію з праграмай змагання з карупцыяй. Што адметнае? Лукашэнка не перамог карупцыю – карупцыя перамагла Лукашэнку. І больш таго, карупцыя ператварыла Лукашэнку ў свайго галоўнага хаўрусніка», – адзначыў дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

«Справа медыкаў», «цукровая справа», а цяпер і малочная. Сёлета ў лістападзе КДБ выкрыў чарговую карупцыйную схему. У межах гэтак званай справы малочнікаў затрымалі 26 асобаў. Галоўным жа фігурантам зрабіўся генеральны дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў. А пазней стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго функцыянера – гендырэктара Бярозаўскага мясакансервавага камбінату Уладзіміра Жуковіча.

Хутчэй за ўсё гэта ідзе перадзел бізнесу і сфераў уплыву бізнесу ў тым ліку. Гэтыя прадпрыемствы хутчэй за ўсё будуць афіляваныя, перададзеныя праз якіх-небудзь асобаў. З Расеяй будуць звязаныя», – мяркуе прадстаўнік «BYPOL» і былы супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў.

І новых антыкарупцыйных кампаніяў у Беларусі варта чакаць найбліжэйшым часам, упэўнены Анатоль Лябедзька. Але не толькі таму, што Лукашэнка рыхтуецца да чарговай электаральнай кампаніі: «Рынак працы Беларусі вельмі спецыфічны. Ёсць вялікі попыт і на таго, каго называем менеджарамі. Адправіць кагосьці ў захалусную гаспадарку ці на нейкае прадпрыемства – ужо цяжка знайсці, вось так проста не пашлеш. А калі ты трапіўся за хабар і табе далі нейкі вялікі тэрмін, то гэта для Лукашэнкі адзін з галоўных кадравых рэестраў».

Паказальны прыклад былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы. Сёлета ў студзені яму прысудзілі сем з паловаю гадоў зняволення за хабарніцтва ды пазбавілі на 5 гадоў права займаць кіроўныя пасады. Цяпер жа экс-чыноўнік не толькі на волі, але і кіруе лесапаляўнічнай гаспадаркай у Белавежскай пушчы.

Ірына Юр’ева, «Белсат»