Што дораць на Новы год працаўнікам беларускіх прадпрыемстваў і калгасаў


Беларусы ў TikTok публікуюць даволі шмат відэа распакоўвання навагодніх падарункаў ад сваіх працадаўцаў. Найчасцей гэта цукеркі, але здараюцца і прадуктовыя наборы, і грашовыя сертыфікаты. Падарункі выклікаюць эмоцыі не толькі ў аўтараў відэа – карыстальнікі сацсетак актыўна каментуюць і дзеляцца досведам. Ён не заўсёды станоўчы.

Падарункавыя наборы цукерак вытворчасці «Камунаркі»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падарункавыя наборы цукерак вытворчасці «Камунаркі».
Фота: 1prof.by

Каму якія падарункі дастануцца, залежыць ад прадпрыемства, а часам і ад канкрэтнага філіялу. Падарункі могуць рабіць ад імя прадпрыемстваў або дзяржаўных прафсаюзаў на іх, даваць толькі сем’ям з дзецьмі або кожнаму працаўніку.

Найчасцейшы варыянт падарунку ад прадпрыемства – набор цукерак. Падобна, звычайна даюць на дзіця каля 1 кг цукерак беларускай вытворчасці – «Камунаркі» або «Спартака».

Напрыклад, такі набор з 2 кг цукерак ад «Спартака» падарылі працаўніку «Беларуснафты»:

А такі набор з 1,5 кг цукерак «Камунаркі» падарылі работніку санаторыю «Спадарожнік», што на Нарачы:

Сетка крамаў абутку «Мегатоп» дораць наборы з больш як 1 кг беларускіх і замежных цукерак, а таксама, падобна, нейкія зніжкавыя купоны:

Адзін з самых разнастайных набораў цукерак дае Банк ВТБ:

Дзесьці дарослым дораць не цукеркі, а падарункавыя сертыфікаты: як на заводзе МАЗ, дзе даюць два падарункавыя сертыфікаты на Br 30 (на ежу) і Br 40 (на алкаголь ці тытунь) ды яшчэ Br 30 матэрыяльнай дапамогі. І гэта пры адсутнасці правінаў цягам года. Дзецям мазаўцаў – 1,5 кг спартакаўскіх цукерак:

На «Нафтане» да цукерак дадаюць трошкі кавы і гарбаты:

Шмат хто такім падарункам, падобна, даволі шчыра цешыцца – як гэтым ад БелАЗу.

Бываюць большыя і меншыя салодкія падарункі. У каментарах да аднаго відэа пішуць, што на Жлобінскай ПМК-71 даюць па 3 кг цукерак на дзіця.

Невялікія наборы цукерак даюць прынамсі некаторым шматдзетным сем’ям: усяго па 300 г спартакаўскіх цукерак, але па пакунку на кожнае дзіця:

Іншым жа разам з цукеркамі дораць прадуктовыя наборы, як такі ад Слуцкага сыраробнага камбінату і Любанскага сыраробнага заводу – з каўбасамі, сырамі, смятанаю:

Але на адным і тым жа прадпрыемстве могуць даваць зусім розныя падарункі. Камусьці ў «Еўрагандлі» даюць толькі сціплы набор цукерак, іншым жа дастаецца такі прадуктовы набор з мясам, рыбаю, кансервамі, сырам, нават півам і шампанскім:

Вельмі падобны прадуктовы набор даюць камусьці ў крамах «Святлафор» (а камусьці – толькі цукеркі ці зусім нічога). У каментарах да відэа атрымальніка падарунку ад «Святлафору» адзначаюць: у наборы ёсць бекон для яечні, які робяць на Дзяржынскім мясакамбінаце, дык работнікам гэтага камбінату не далі ніякіх падарункаў.

У некаторых калгасах даюць нават большыя прадуктовыя наборы. Жонка працаўніка кааператыву «Зарэчны-Агра», што каля Горадні, падзяліла падарунак аж на тры відэа: там рыба, кансервы, макарона, грэчка, каўбаса…

Не ўсе цешацца з такіх падарункаў

Пад некаторымі відэа падарункаў ад працадаўцаў – гарачыя спрэчкі, і зусім не пра тое, што смачней – «Камунарка» ці «Спартак».

У каментарах да аднаго відэа шчодрага калгаснага падарунку некаторыя сумняюцца: можа, гэта пратэрмінаваныя прадукты? Ці, можа, дзеля гэтага цэлы год атрымальнік падарункаў працаваў за капейкі? Іншыя пішуць…

«Вось гэта падарункі! Не тое, што дзіцячы садок № 73: далі цукеркі, а яны з белым налётам ужо».

«А нам далі прэмію 56 рублёў».

«А нам толькі цукеркі за 16 рублёў».

«А мне сертыфікат на 30 рублёў, і гэта ў лякарні».

«Гомель, дзіцячая лякарня – пясочны торт ад „Спартака“».

«Не ведаю, як у вас, але ў нас у „АграСэрвісе“ вылічвалі з заробку, што давалі да Дня сельскай гаспадаркі і да Дня маці».

«„Смалявічы Бройлер“ – нічога не далі».

«У „Брагінаграсэрвіс“ нават дзецям не далі, не кажучы пра своечасовую выплату як дзіцячай дапамогі, гэтак і заробку».

Некаторым ад працадаўцы дасталіся наборы цукерак, у якіх не пазначаныя ні тэрмін прыдатнасці, ні склад цукерак: крыху страшна частаваць дзяцей такім.

Агляд
Новы год у беларускіх традыцыях: што апрануць, з’есці і выпіць?
2023.12.26 08:30

Каб атрымаць звычайную ежу замест цукерак, не абавязкова працаваць на нечым звязаным з вытворчасцю харчоў. Гэтак, адна карыстальніца апублікавала падарунак ад кампаніі «Контэ Спа» – вытворцы адзення, бялізны, панчох і шкарпэтак – некалькі маленькіх каробак мяккага сыру.

Хоць карыстальніца не скардзілася на тое, што падарунак надта сціплы, у каментарах некаторыя пачалі абурацца: «Не падабаецца – мяняй працу», «Шмат хто зусім нічога не атрымлівае, а тут атрымалі – і не задаволеныя».

Хтосьці жартуе: калі прыбраць з падарунку «Контэ Спа» ўвесь сыр, атрымаецца падарунак Беларускай чыгункі: нічога. Праўда, у каментарах пад іншым відэа пішуць: «У Менскай чыгунцы зусім нічога не далі: сказалі, на 8 сакавіка дадуць. Бо летась давалі на НГ». А на гэта адказваюць: «Магілёўская БЧ нічога не дае дзецям ужо каторы год, Аршанская дала па 30 рублёў і 1 кг цукерак, Баранавіцкая – 800 г цукерак». Ды ў яшчэ адным відэа паказваюць, што ў Лунінцы БЧ дае асобна 1,2 кг цукерак на дарослага і асобна 1,2 кг цукерак на дзіця.

Можа, лепей 13-ы заробак?

У адным з відэа жанчына наракае: чакала на Новы год 13-ы заробак (так называюць гадавую прэмію, суадносную з месячным заробкам), а атрымала ад свайго працадаўцы, віцебскага «Белсаюздруку», 300 г цукерак «Чырвоны каптурок» і бутэльку (800 мл) расейскага сланечнікавага алею.

Наборы цукерак, падобныя да тых, што цяпер публікуюць беларусы ў TikTok, прадаюцца звычайна па Br 10–30, а гэта 1–2 % ад заробкаў, якія прапануюць на тым жа БелАЗе. Самыя дарагія наборы цукерак, які ўдалося знайсці ў продажы ў Беларусі, каштуюць каля Br 70 за крыху больш як 2 кг ласункаў.

Сапраўды, ніяк не 13-ы заробак. Хтосьці ў каментарах да чарговага відэа з навагоднім падарункам ад прафсаюзу заўважае, што гэта нават нельга лічыць падарункам: прымушаюць жа штомесяц плаціць прафсаюзныя ўнёскі.

Hавiны
Новы год без Сярдзючкі. У караоке-рэстаранах Берасця музыку выбіраюць ідэолагі
2023.12.28 11:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў