У Беларусі дзве «базы дармаедаў». Адну з іх вядзе Дзяржаўны памежны камітэт


Так званую «базу дармаедаў» у Беларусі складаюць не толькі адмысловыя камісіі пры выканкамах, але і Дзяржаўны памежны камітэт. Абнаўляюцца спісы, якія вядуць памежнікі, раз на месяц і датычаць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу больш чым на 30 дзён.

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
Акцыя пратэсту ў Менску 15 сакавіка 2017 года.
Фота: Васіль Федосенка

Пра «базу дармаедаў», якую вядуць памежнікі, распавёў сакратар сталай камісіі для каардынацыі працы ў спрыянні занятасці насельніцтва Лідскага раёну, галоўны спецыяліст аддзелу працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкаму Павел Івашка.

«Такіх спісаў два. Адзін фармуецца на квартал, і ў яго ўключаюцца грамадзяне, якія не былі занятыя ў эканоміцы ў папярэднім квартале. Другі спіс складаецца паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, бо да разраду плацельнікаў жыллёва-камунальных паслуг па стоадсоткавым кошце з мінулага года пачалі адносіць тых, хто выехаў за межы Рэспублікі. У спіс уключаюцца грамадзяне, якія ў папярэднім месяцы перад справаздачным адсутнічалі ў нашай краіне 30 і больш дзён. Праўда, яны ўносяцца ў спіс для аплаты камунальных плацяжоў з поўнай кампенсацыяй затрат не на квартал, а па месяцах», – заявіў лідскі чыноўнік.

Hавiны
«BELPOL»: беларусы, якіх улады прызналі «дармаедамі», змогуць лячыцца ў шпіталях толькі платна
2023.09.21 19:20

Адмысловыя «дармаедскія камісіі» абнаўляюць свае спісы не занятых у эканоміцы раз на тры месяцы. Апошняе абнаўленне было ў верасні – у гэтым месяцы ў базу залучылі беларусаў, якія не змаглі пацвердзіць сваю занятасць цягам красавіка – чэрвеня 2023 года.

Базу «дармаедаў» пачалі ствараць у Беларусі ў 2018 годзе. Сам панятак «дармаед» вярнуў ва ўжытак у Беларусі ў 2015 годзе Лукашэнка. У 2017 годзе ён выдаў Дэкрэт № 1 «Аб спрыянні занятасці насельніцтва». Тады ж беспрацоўных беларусаў прымусілі плаціць падатак, які адмянілі пасля таго, як па краіне пракаціўся шэраг пратэстаў.

З 1 траўня 2021 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, якія маюць ва ўласнасці жытло, аплочваюць камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў.

Беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, нават з мэтай навучання ці працы, з 1 сакавіка 2022 года таксама прызнаюць «дармаедамі». Выключэнне зрабілі толькі для тых, хто працуе ці вучыцца ў краінах ЕАЭС – Расеі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане.

Hавiны
Качанава прапанавала ацэньваць «сацыяльную актыўнасць грамадзянаў»
2023.04.22 15:38

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў