Паходы ў Грузіі, «пакатушкі» на БТР у Літве, беларускі Беласток – турызм за мяжой разам са сваймі


Беларусы, якія з’ехалі з радзімы цягам апошніх гадоў, не толькі вандруюць па свеце, але і самі ствараюць цікавы турыстычны прадукт, прапаноўваюць варыянты разнастайнага і зусім не папсовага адпачынку ў тых краінах, у якіх цяпер будуюць новае жыццё. Вы хацелі б палётаць на паветраным шары над Вільняю? Адправіцца ў конны паход па гарах Грузіі? Ці ў Албанію разам з кампаніяй аднадумцаў? А мо пашукаць беларускія мясціны ў Беластоку? Даведайцеся, як гэта зрабіць, з нашай гутаркі з эмігрантамі з Беларусі – заснавальнікамі турыстычных фірмаў і ініцыятываў у Грузіі, Літве і Польшчы.

Грузія

«Мясцовыя гіды не вельмі задаволеныя, што расейцы і беларусы водзяць экскурсіі»

Беларуска Вольга працуе ў турыстычным бізнесе ў Грузіі з 2021 года. Дзяўчына пачынала з таго, што брала ў арэнду аўтамабілі, збірала групы і вазіла іх па ваколіцах Батумі.

«Калі я прыехала сюды, то шукала сферы, дзе ў Грузіі грошы. Хутка зразумела, што ў турызме, – распавядае Вольга. – Я паездзіла з рознымі фірмамі на экскурсіі, убачыла, што шмат дзе кепская арганізацыя і што пераважна экскурсіі праводзяць такія ж рабяты, як і я, якія не так шмат тут ведаюць».

Вольга пачала ўводзіць у свае экскурсіі мясцовы каларыт – дамаўлялася з жыхарамі вёсак у ваколіцах Батумі, каб яны паказалі, як гатуюцца традыцыйныя грузінскія стравы, каб турысты пакаштавалі хатнюю ежу. Пра Вольгу пачалі распавядаць, ёй паступала ўсё больш замоваў, у тым ліку ад незнаёмых буйных кліентаў. Справа беларускі развівалася, яна пачала супрацоўнічаць з гідамі, ствараць свой унікальны турпрадукт. Ад самага пачатку Вольга вырашыла, што працаваць будзе толькі з мясцовымі гідамі.

«Я задалася пытаннем: чаму я прыехала ў іншую краіну, а мушу слухаць экскурсію ад свайго суайчынніка? Гэта нават дзіўна, – кажа дзяўчына. – Мясцовыя экскурсаводы не вельмі задаволеныя наплывам расейцаў і беларусаў, якія таксама пачынаюць вадзіць групы. Цяпер вядуцца размовы пра абавязковую атэстацыю гідаў. І я цалкам згодная з гэтым, бо што можа распавесці пра той жа Тбілісі, напрыклад, горад з вельмі складанай гісторыяй, расеец ці беларус, які тут пару месяцаў? Тады і атрымліваюцца сітуацыі, калі турыст задае пытанне, а гід не можа адказаць. Так не павінна быць».

Група «Georgia Tour» на Вайскова-Грузінскай дарозе.
Фота: Georgia Tour

Праз некаторы час пасля пераезду ў Грузію Вольга выйшла замуж за ўкраінца, у якога ў Батумі была буйная турыстычная фірма. Падчас пандэміі COVID-19 яна прыпыніла сваю дзейнасць, працаўнікоў давялося звольніць, муж Вольгі думаў пра ліквідацыю фірмы. Аднак потым яны разам пастанавілі рэанімаваць бізнес. Вольга ўзяла справу на сябе – пачала раскручваць сайт, сацсеткі. Цяпер гэта зноў буйная і вядомая ў Грузіі фірма – «Georgia Tour».

«Паездка для экстрэмалаў – грузінскі рэгіён Тушэці»

Прапановы ў «Georgia Tour» вельмі розныя. Ёсць групавыя туры па ўсёй Грузіі на 7–10 дзён.

«Мы даем магчымасць за тыдзень пазнаёміцца з усёй краінай, – кажа Вольга. – У дарозе мы арганізоўваем харчаванне ў рэстаранчыках і хатніх гаспадарках, дзе ведаем, што параіць замовіць, каб пакаштаваць ежу менавіта гэтага рэгіёну».

Групы збіраюцца невялікія – максімум чалавек 8.

«Мы не возім вялізнымі аўтобусамі. Калі ў нас на адзін тур 12 чалавек, напрыклад, мы хутчэй зробім дзве групы на 6 чалавек, – кажа Вольга. – Мы не павязём 12, бо хтосьці будзе кепска чуць, некаму не хопіць увагі і ён застанецца незадаволеным».

У «Georgia Tour» можна замовіць індывідуальны тур.

«Ёсць такія турысты, якія не хочуць папсовых Казбегі, Баржомі і да т. п., а штосьці не такое папулярнае. Напрыклад, сёлета часта замаўляюць Рачу ці Сванэтыю. Раней прапаноўваеш Сванэтыю – і людзі нават назвы такой не ведалі, казалі: не, мы хочам у Казбегі, – расказвае Вольга. – Цяпер запытваюць Хэўсурэці, напрыклад. Ці Тушэці – мы арганізоўвалі туды адзін карпаратыўны выезд. Але ехаць туды можна вельмі кароткі перыяд на працягу года, і гэта ўсё роўна небяспечна. Я б сказала, што паездка туды – для экстрэмалаў. На такія туры мы падпісваем дакументы, што людзі разумеюць рызыкі. У нас увогуле на любую паездку вельмі падрабязная дамова, у якой прапісаныя ўсе магчымыя форс-мажоры з улікам спецыфікі Грузіі».

Дарога ў грузінскі рэгіён Тушэці.
Фота: allmyworld.ru

Фірма арганізоўвае карпаратыўныя выезды, тымбілдынгі, спартовыя актыўнасці (рафтынг, каякінг, каньёнінг), туры для сем’яў з дзецьмі і марскую рыбалку, пасля якой усю рыбу можна забраць сабе.

Сёлета, паводле Вольгі, большасць кліентаў – расейцы. Беларусаў менш, бо квіткі на самалёт каштуюць вельмі дорага.

«Раю адкрываць Грузію з дасведчаным гідам»

Вольга ўсім раіць адкрываць Грузію разам з дасведчаным гідам.

«Не так даўно я паехала ў Вардзыю (манастырскі комплекс у скале. – Заўв. рэд.), хадзіла хвосцікам за групай, бо была там шмат разоў. Але ў адной з залаў наш гід дастае сурвэтку з кішэні, адрывае кавалачак, скочвае ў камочак, падыходзіць да краю гаўбца і кідае гэты камочак. І ён ляціць уверх, – распавядае дзяўчына. – Усе былі ў шоку. Я таксама раней не бачыла гэтага. Аказваецца, у тым месцы такое завіхрэнне паветра, што каля сцяны яно ідзе ўверх і зімой там нават снег ідзе ўверх. Вось што значыць – пабываць з гідам і ўбачыць тое, што ніхто іншы не пакажа і сам ты дакладна пра гэта не здагадаешся».

Гіды, з якімі працуе «Georgia Tour», дасведчаныя, часта маюць адукацыю ў галіне гісторыі, археалогіі або геаграфіі, ёсць гід-семінарыст, які шмат ведае пра сакральную спадчыну Грузіі. Асобна Вольга адзначае гідаў-паходнікаў, якія добра ведаюць горы і забяспечваюць камфортны і бяспечны гайкінг.

Звязацца з «Georgia Tour» і замовіць экскурсіі можна праз сайт ці старонку ў «Інстаграме».

«Коні – мая любоў, я кінула ўсё дзеля іх»

Конныя туры ў Грузіі.
Фота: Horse-camp.ge

Беларуска Лізавета таксама жыве ў Грузіі і запрашае ахвочых пакатацца на конях у двух вельмі цікавых рэгіёнах – Рачы і Кахеціі.

Яшчэ некалькі гадоў таму Лізавета працавала праграмісткай, але ў нейкі перыяд адчула, што трапіла ў стан выгарання. Дзяўчына паехала ў Грузію, штодня каталася на конях, якіх вельмі любіла, паралельна працавала з псіхолагам.

«Неяк яна ў мяне запыталася, што б я рабіла, калі б мне не трэба было зарабляць грошы, і ў мяне быў гатовы адказ – працавала б з канямі. Так і прыняла рашэнне. Коні – мая любоў, кліч сэрца, я кінула ўсё дзеля іх», – распавядае Лізавета.

Беларуска звярнулася да мясцовага конюха, каб той навучыў яе абыходзіцца з канямі, алё ён адмовіўся – маўляў, ты – жанчына, і я цябе мужчынскаму занятку вучыць не буду. Каб навучыцца, Лізавета паляцела аж у Эквадор, дзе цягам 7 месяцаў жыла на ферме і вучылася працаваць з канямі.

«Я рабіла ўсё. Лячыла іх, ставіла кропельніцы, нават прымала роды, – распавядае дзяўчына. – З гэтым досведам я вярнулася ў Грузію. Пазнаёмілася тут з фермерам, які прапанаваў зладзіць бізнес: у яго – коні, а маёй задачай было сфармаваць і прасоўваць туры».

Лізавета, заснавальніца Horse-camp.ge.
Фота: Horse-camp.ge

У траўні 2023 года Лізавета правяла свой першы конны тур. З таго часу замовы на спыняюцца, кажа дзяўчына.

Цяпер horse_camp.ge прапаноўвае конныя туры ў двух рэгіёнах – горнай Рачы і раўніннай Кахеціі.

«Самыя папулярныя ў нас – аднадзённыя туры. Мы можам таксама зладзіць індывідуальныя, праводзім дні народзінаў, іншыя імпрэзы, грузінскія застоллі. Агулам – фармуем маршрут пад патрэбы кліентаў», – распавядае Лізавета.

Нейкай адмысловай падрыхтоўкі, каб пакатацца на конях, не трэба. Можна прыязджаць і з дзецьмі. Да 5 гадоў дзіця катаецца разам з правадніком, з 5 гадоў можна самастойна. Horse-camp.ge улічыць пажаданні ў тым ліку і прафесіяналаў, якім хочацца пакатацца галопам – такая магчымасць ёсць у Кахеціі.

Звязацца з Лізаветай, каб замовіць тур, можна праз сайт і праз Інстаграм.

Літва

«Vilnius Relax»: У нас пераважна непапса»

Турыстычныя паездкі на БТР.
Фота: Vilnius Relax
Багі-сафары ў ваколіцах Вільні.
Фота: Vilnius Relax

Беларус Кірыл Атаманчык ужо шмат гадоў жыве ў Вільні. Пасля сканчэння магістратуры ЕГУ па ахове культурнай спадчыны ў 2013 годзе ён адчыніў уласнае турыстычнае агенцтва – «Vilnius Relax». Ад самага пачатку фокус фірмы – эксклюзіўныя непапсовыя прапановы.

«У нас ёсць і класічныя, і тэматычныя экскурсіі, аднак у асноўным мы спецыялізуемся на актыўным адпачынку і вузкіх тэматыках. Гэта, напрыклад, арэнда рэтрааўтамабіляў, стральба з баявой зброі, падарожжы на паветраных шарах, візіт на закрытую Ігналінскую АЭС. У нас можна пакатацца на гусенічных БТР, – распавядае Кірыл. – У нас пераважна непапса. Мы не прапаноўваем санаторыі ці адпачынак у Паланзе».

Сярод кліентаў «Vilnius Relax» пераважна Заходняя Еўропа: Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, скандынаўскія краіны. Звяртаюцца ў тым ліку мясцовыя расейскамоўныя жыхары. Агенцтва аказвае паслугі на расейскай і англійскай мовах. Беларусаў сярод агульнай колькасці кліентаў няшмат, 10–15 %, зазначае Кірыл.

У «Vilnius Relax» можна замовіць экскурсіі на беларускай мове – па Вільні, па гістарычных могілках Росы. Кірыл сам іх праводзіць. Сярод іншых цікавых экскурсіяў – падзямеллі Вільні, шпацыр па месцах здымкі серыялу НВО «Чарнобыль» або па піўных барах Вільні.

«На нашую дзейнасць мала паўплывала пандэмія, амаль не паўплывала вайна, – зазначае наш суразмоўца. – Было некалькі кліентаў на самым пачатку вайны, увесну 2022 года, якія адмовіліся ляцець у Літву, бо ў нас тут нібыта вайна. Але моцнага ўплыву я не адчуў. Як і не адчуваю цяпер нейкай моцнай канкурэнцыі. У маім сектары, якім я займаюся, канкурэнцыя заўжды была невялікай, бо гэта непапсовы сегмент, дэ-факта вузкі».

Палёт на верталёце.
Фота: Vilnius Relax

Замовіць турыстычную паслугу ў «Vilnius Relax» можна праз сайт. Ёсць варыянт «запытаць кошт». Пасля запаўнення невялічкай формы вам дадуць усю дэталёвую інфармацыю. Аднак аплаціць тур праз сайт нельга – спачатку трэба ўзгадніць графік і іншыя пытанні.

«Allride Nomads»: кам’юніці аднадумцаў – аматараў экстрэмальнага спорту

Турыстычныя паходы «Allride Nomads».
Фота: Allride Nomads

Аляксандр, заснавальнік праекту – кам’юніці аматараў экстрэмальнага спорту «Allride Nomads», – украінец. У 2015 годзе ён пераехаў у Менск. Аляксандр – прафесійны снаўбардыст, займаецца спортам з 2009 года.

«Калі я пераехаў у Менск, адразу пазнаёміўся з мясцовай тусоўкай снаўбардыстаў, убачыў, што нічога асаблівага ў гэтай галіне не адбываецца, і надумаў у якасці хобі запусціць снаўборд-кам’юніці Беларусі, – распавядае Аляксандр. – Мы збіраліся разам, ездзілі на снаўбордах, праводзілі спаборніцтвы, снаўборд-барахолкі».

Паступова кам’юніці пашыралася. Аляксандр пачаў арыентавацца на іншыя экстрэмальныя віды спорту – сёрфінг, кайт-сёрфінг, скімбордынг. Арганізаваў снаўборд-школу.

«Спачатку гэта быў снаўбордынг у гарах, а потым я захапіўся ідэяй летніх паходаў у горы, – распавядае наш суразмоўца. – Некалі давялося паўдзельнічаць у праекце Цэнтру экалагічных рашэнняў «Дарога цішыні» ў ваколіцах Налібоцкай пушчы. Я адзін з першых пайшоў па ім. Тады я зразумеў, якая файная рэч – паходы».

Турыстычныя паходы «Allride Nomads».
Фота: Allride Nomads

Аляксандр пачаў збіраць групы для паходаў, вазіў людзей у горы ў грузінскую Сванэтыю. Так нарадзіўся праект «Allride Nomads».

«Allride» – гэта была назва майго снаўборд-кам’юніці ў Беларусі. Менавіта з яго атрымаўся праект «Allride Nomads», – кажа Аляксандр. – Для мяне ў гэтай назве сэнс таго, што гэта не масавы турызм, а сяброўская кампанія качэўнікаў, аб’яднаных агульнымі каштоўнасцямі, інтарэсамі. Гэта адпачынак з актыўнасцямі і навучаннем экстрэмальным відам спорту».

«Сабраць былых кліентаў у эміграцыі няпроста. Людзям патрэбны час прызвычаіцца да новага месца»

Год таму Аляксандру давялося з’ехаць з Беларусі. Як украінец, які падтрымаў Украіну пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі, ён перастаў пачувацца ў бяспецы ў нашай краіне. Цяпер наш суразмоўца жыве ў Вільні і спрабуе працягваць дзейнасць «Allride Nomads».

«Я пакуль знаходжуся ў тэставым рэжыме. Я хутчэй збіраю аднадумцаў – беларусаў, украінцаў, якія пераехалі ў Літву, – і арганізоўваю для іх паходы, актыўнасці, – распавядае Аляксандр. – Спачатку трэба сфармаваць кам’юніці на новым месцы і пераканацца, што гэта ўвогуле трэба людзям».

Аляксандр зрабіў тэлеграм-чат, у якім прапаноўвае маршруты паходаў. Таксама там можна падзяліцца паходамі, якія арганізоўваюць літоўцы, сабрацца і далучыцца да нейкага маршруту. У верасні Аляксандр збірае групу на паездку ў Албанію – складае маршрут, наладжвае кантакты з мясцовымі, рэзервуе жытло і да т. п. Праект некамерцыйны, таму за свае паслугі Аляксандр грошай не бярэ. Але кошт жытла, пераездаў і ежы ўдзельнікі дзеляць паміж сабою.

Турыстычныя паходы «Allride Nomads».
Фота: Allride Nomads

Заснавальнік «Allride Nomads» зазначае, што працягваць былую дзейнасць за мяжою няпроста, бо складана сабраць людзей у першыя месяцы эміграцыі.

«Я думаў, што проста і хутка збяру старых кліентаў, шмат з якіх пераехалі ў Літву, іншыя краіны, – кажа Аляксандр. – Аднак, як паказала практыка, людзям патрэбны час, каб прызвычаіцца да новага месца, вырашыць свае розныя пытанні, і толькі потым галава ў іх пачынае думаць пра адпачынак».

Але Аляксандр не губляе аптымізму і працягвае думаць пра развіццё «Allride Nomads». Гэтак, у чэрвені пры падтрыманні праграмы мабільнасці «MOST» ад Інстытуту Гётэ наш суразмоўца ездзіў у Польшчу ў горы да мясцовага гіда – яны правяралі розныя маршруты, абмяркоўвалі магчымасці. У снежні гэткім жа чынам Аляксандр збіраецца ў Італію, каб потым ладзіць туды паездкі.

Далучыцца да паходаў і паездак, якія ладзіць Аляксандр, можна праз тэлеграм-чат і Інстаграм.

Экскурсіі па Еўропе

Галіна Навумчык.
Фота: асабісты архіў Галіны Навумчык

Галіна Навумчык – прафесійная журналістка, якая 10 гадоў таму вырашыла змяніць прафесію і стала гідам-экскурсаводам. Галіна жыве ў Празе, таму найперш прапаноўвае экскурсіі па гэтым горадзе, але таксама па ўсёй Чэхіі і Цэнтральнай Еўропе. Беларуска мае чэшскую, аўстрыйскую ліцэнзіі на правядзенне экскурсіяў.

«Я магу правесці, напэўна, усе магчымыя экскурсіі па Празе – аглядныя, тэматычная, напрыклад, «Прага гатычная», «Прага рэнесансная», «Прага часоў Адраджэння», «Чэхаславакія і сучасная гісторыя Прагі»… Цяжка ўсе пералічыць. Аднойчы я паспрабавала гэта зрабіць і апынулася, што ў мяне больш за 100 экскурсіяў», – распавядае наша суразмоўца.

Галіна мае глыбокія веды ў еўрапейскай гісторыі, у мастацтве.

«Я стараюся знаходзіць індывідуальны падыход да вандроўнікаў, – кажа экскурсавод. – Да мяне звяртаюцца дызайнеры, людзі якія цікавяцца мастацтвам – з імі мы можам пагутарыць пра мадэрн, ар-дэко. Я добра ведаю пражскія галерэі, ваджу па іх экскурсіі. Звяртаюцца хрысціянскія пілігрымы, святары – з імі размаўляем пра хрысціянскую гісторыю».

Галіна Навумчык працуе на беларускай і расейскай мовах. Экскурсіі на беларускай мове – бясплатныя, падкрэслівае гід.

«Гэта мая прынцыповая пазіцыя, – кажа Галіна. – І за апошні час даволі шмат экскурсіяў замаўляюць на беларускай мове – праводжу іх і для ўцекачоў з Беларусі, эмігрантаў, для беларускіх журналістаў, дзеячаў культуры і проста для турыстаў. Некалі, у лепшыя часы, на беларускамоўнай экскурсіі ў мяне былі супрацоўнікі беларускай амбасады ў Чэхіі».

Галіна Навумчык вядзе экскурсію.
Фота: асабісты архіў Галіны Навумчык

Экскурсіі на беларускай мове замаўляюць у тым ліку ўкраінцы, зазначае Галіна.

«Гэта звязана з тым, што дасведчаных украінамоўных гідаў мала. А яшчэ самі ўкраінцы кажуць, што калі замаўляюць экскурсію па-беларуску, яны могуць быць упэўненыя ў якасці і што гід не апынецца «лукашыстам» ці «пуціністам», – кажа экскурсавод.

Звязацца з Галінай і замовіць у яе экскурсію можна праз яе прафесійны Фэйсбук-акаўнт.

Польшча

Беларусы знаёмяць з беларускім, габрэйскім, шляхецкім Беластокам

Экскурсія па Беластоку.
Фота: «Беларускія вандроўкі»

Беларусы Алесь Кіркевіч і Дар’я Палынская летась адкрылі ў Беластоку гістарычны клуб «Beer&History». З чэрвеня да восені 2022 года яны ладзілі адкрытыя лекцыі на гістарычную тэматыку.

«Восенню мы адчулі, што стаміліся, і падумалі, што было б крута выйсці з памяшкання і вадзіць экскурсіі па горадзе, чым і займаемся апошнія паўгода, – распавядае Дар’я. – Спачатку экскурсіі ладзілі для гасцей клубу, але цяпер кожны ахвочы можа замовіць у нас шпацыр, у тым ліку турыстычныя групы».

У Дар’і і Алеся на сённяшні дзень распрацаваныя 8 маршрутаў па горадзе. Для такіх экскурсіяў атэстацыя не патрабуецца. А вось у музеях так проста «з вуліцы» правесці экскурсію нельга – патрэбная атэстацыя на ўзроўні музею.

Каб праводзіць экскурсіі ў горадзе, Дар’я аформіла ІП, але ўсё роўна пакуль што большасць шпацыраў праводзіцца не на камерцыйнай аснове, а за ахвяраванні. Асноўны фокус экскурсіяў Дар’і і Алеся – гісторыя гораду, у якім яны цяпер жывуць.

«Нашыя экскурсіі не проста турызм. Мы распавядаем з акцэнтам на гісторыю. І шмат гаворым пра Беларусь, бо гісторыя Беластоку шчыльна звязаная з Беларуссю, – распавядае Дар’я. – Самая першая экскурсія ў нас была пра беларускі Беласток».

Экскурсія па Беластоку.
Фота: «Беларускія вандроўкі»

Дар’я і Алесь самі складаюць маршруты. Беларусы прапаноўваюць аглядную экскурсію, расказ пра гісторыю шляхецкіх родаў Беластоку, маршруты па габрэйскім Беластоку і беларускім Беластоку, а цяпер рыхтуецца шпацыр па сацыялістычным перыядзе Беластоку. У камандзе ёсць актор, які праводзіў экскурсіі ў шляхецкім убранні.

Мова экскурсіяў Дар’і і Алеся – беларуская і расейская.

«Была спроба зрабіць экскурсію па-ўкраінску, але не сабралася група. Нават тыя два ўкраінцы, якія прыйшлі, папрасілі праводзіць па-расейску», – кажа Дар’я.

Дзяўчына зазначае, што ніякіх праблемаў з мясцовымі жыхарамі не ўзнікала.

«Беласток – шматкультурны горад. Тут заўсёды шмат турыстаў. Палякі спыняюцца каля нашых групаў, прыслухоўваюцца, але не здзіўляюцца, нічога не кажуць, спакойна ідуць далей, – распавядае Дар’я. – Толькі аднойчы, калі мы праводзілі экскурсію па-расейску, мясцовыя падлеткі не вельмі задаволеным тонам пачалі нам штосьці выказваць. Але спыніліся пасля кароткай размовы. Агулам ніякіх канфліктаў няма».

Арганізатары беластоцкіх шпацыраў хацелі б пашырацца, ладзіць выязныя экскурсіі.

«Ёсць вялікі запыт. Аднак пакуль у нас няма часу і магчымасцяў. У нас ува ўсіх ёсць асноўная праца, экскурсіі хутчэй хобі, але, спадзяемся, мо налета атрымаецца здзейсніць задуманае і развівацца», – дзеліцца Дар’я.

Экскурсія па Беластоку.
Фота: «Беларускія вандроўкі»

Запісацца на экскурсіі па Беластоку можна праз інстаграм-старонку «Беларускія вандроўкі». Праз спасылку можна знайсці апісанне маршрутаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў