Літва следам за Польшчай і Латвіяй перастала прапускаць аўтамабілі на транзітных нумарах


Літва следам за Польшчай і Латвіяй перастала прапускаць у Беларусь аўтамабілі на транзітных нумарах, даражэйшыя за 50 тысячаў еўраў і з рухавіком, аб’ём якога большы за 1,9 літра. Паведамленні аб гэтым з’яўляюцца ў профільных чатах ад аўтамабілістаў, якія захраслі на літоўска-беларускай мяжы, заўважыла «Зеркало».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Белорусы и рынок

Нагадаем, што з 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Паведамленне пра гэта са спасылкаю на кіраўніка польскай мытні і фотаздымак адпаведнай абвесткі на мяжы з’явіліся ў тэлеграм-чаце «Граница Польша».

З 26 сакавіка падобныя абмежаванні ўвяла і Латвія на адзіным прапускным пункце паміж нашымі дзяржавамі.

Паколькі Літва заставалася адзінай краінай, якая яшчэ дазваляла пропуск такіх аўтаў, то на ейнай мяжы ўзніклі вялікія чэргі з аўтамабіляў. Але, як адзначае «Зеркало», 29 сакавіка а 2-й гадзіне ночы ў тэлеграм-канале «Каменный Лог-Мядининкай и Бенякони -Шальчининкай» з’явілася паведамленне, што ўсе машыны з аб’ёмам рухавіка 1,9 літра, а таксама электрамабілі на транзітных нумарах прапускаць перасталі.

Адной з прычын такіх паводзінаў называецца тое, што чыноўнікі Еўразвязу такім чынам спрабуюць закрыць пралазы, якія дапамагаюць Расеі з дапамогай Беларусі абыходзіць санкцыі. Але ў выніку такіх дзеянняў могуць пацярпець і беларусы.

У абвестцы пра новае абмежаванне, размешчанае на польскай мяжы, прыводзіцца спасылка на санкцыйную пастанову Рады Еўразвязу № 833/2014, згодна з якой для продажу, пастаўкі, перамяшчэння або экспарту, наўпрост або апасродкавана, пэўнага спісу тавараў у Расею патрабуецца папярэдні дазвол. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў гэты спіс трапілі і аўтамабілі. Спачатку ў сакавіку 2022 года туды ўключылі люксавыя аўто, а з чэрвеня 2023-га – і машыны з аб’ёмам рухавіка звыш 1,9 літра, а таксама электрамабілі і гібрыды.

Разбор
Лавачка закрылася. ЕЗ узяўся за пастаўкі аўто праз Беларусь у РФ. Што ад таго беларусам?
2024.03.27 20:40

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў