Беларускі амбасадар у Расеі прапануе караць прадпрыемствы за зніжэнне экспарту тавараў у РФ


Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой прапануе пакараць прадпрыемствы, якія не выконваюць плану ў росце экспарту беларускіх тавараў у Расейскую Федэрацыю. Віну за такое адставанне ад плану ён усклаў на маркетынгавыя службы гэтых кампаніяў.

Дзмітрый Крутой.
Фота: БелТА

З такою заяваю Дзмітрый Крутой выступіў 28 сакавіка падчас відэаканферэнцыі з пасяджэння ўдзельнікаў міжведамаснай працоўнай групы для ажыццяўлення маніторынгу сітуацыі з дастаўкамі ў Расею, якую ён узначальвае.

У паведамленні амбасады Беларусі ў Расеі гаворыцца, што размова «атрымалася жорсткай, асабліва для дзяржаўных органаў і арганізацыяў, якія дапусцілі зніжэнне тэмпаў росту экспарту ў студзені – лютым 2024 года».

Адзначаецца, што на зніжэнне тэмпаў экспартных паставак паўплывала паслабленне курсу расейскага рубля, «аднак экспартныя заданні, на жаль, ставяцца не ў фізічных аб’ёмах».

«Адзінаю паважнаю прычынаю прасядання застаецца пераарыентацыя патокаў на іншыя рынкі. Як, напрыклад, удалося берасцейскім малочнікам», – гаворыцца ў паведамленні беларускай амбасады.

«Тлумачце на канкрэтных прадпрыемствах, якія дапусцілі такое невыкананне. І адразу прапануйце меры, якія будзем выносіць потым, напэўна, на ўзровень урада па выніках першага квартала… Я буду ўносіць прапановы па пакаранні чальцоў працоўнай групы нашай, а вы, у сваю чаргу, да гэтага будзеце ўносіць мне прапановы па пакаранні, у першую чаргу маркетынгавых службаў, намеснікаў па маркетынгу канкрэтных прадпрыемстваў», – адзначыў Дзмітрый Круты.

Вядома, што ў кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць камісію для кантролю за экспартам у Расею, на чале якой паставілі Дзмітрыя Крутога. Разам з гэтым Лукашэнка загадаў вызначыць асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Расею і праводзіць іх маніторынг.

Як адзначае «Коммерсант», у студзені гэтага года Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі са студзеня да кастрычніка 2023 года склаў $ 42,5 мільярда. У лютым Дзмітрый Крутой паведаміў, што па выніках мінулага года экспарт у Расею вырас на 9,1 %, да рэкордных $ 25 мільярдаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў