Будаваць кальцавую лінію метро Менску плануюць пачаць праз 7 гадоў. Але гэта не дакладна


Старшыня Менскага гарвыканкаму паведаміў, што будаваць чацвёртую, кальцавую лінію метро плануюць пачаць у 2030–2031 гадах, калі дабудуць трэцюю лінію, перадае «Минск-Новости». Уладзімір Кухараў пры гэтым заўважыў: «Усё будзе залежаць ад колькасці адмыслоўцаў».

Схема лініяў менскага метро. Крыніца: metropoliten.by

Пытанне развіцця Менскага метрапалітэну ўзнялі на сустрэчы кіраўніка Менскага гарвыканкаму Уладзіміра Кухарава з навучэнцамі дзяржаўнага каледжу будаўніцтва. Спачатку чыноўнік нагадаў, што цяпер працы трываюць на трэцяй лініі, чатыры станцыі якой адкрылі летась. Налета дабудуюць яшчэ тры: «Аэрадромную», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец».

У наступным годзе таксама пачнуць капаць тунэль на другім канцы гэтай трасы – ад плошчы Бангалор да станцыі «Юбілейная плошча». Кухараў назваў будоўлю «складанай і карпатлівай», у тым ліку праз тое, што давядзецца пракладваць тунэль пад Свіслаччу. Гэты адцінак плануюць дабудаваць цягам сямі гадоў, і толькі тады пачнецца праца над чацвёртаю, кальцавою лініяй. Яе цяпер праектуюць.

«Але ўсё будзе залежаць ад колькасці адмыслоўцаў. Чым вышэй будзе ўкамплектаванасць «Менскметрабуду», тым хутчэй пойдуць працы», – заявіў чыноўнік.

Цяпер прадпрыемству патрабуюцца праходнікі, арматурнікі, бетоншчыкі, муляры ды іншыя работнікі. Абяцаюць заробак ад Br 1,5 тысячы. Вакансіі апублікаваныя на сайце арганізацыі.

На кальцавой лініі працягласцю больш за 25 кіламетраў запланаваныя 17 станцыяў. Лінія будзе дубляваць другое кальцо і перасадачныя станцыі на ўсе астатнія лініі падземкі, а таксама на прыпынкі гарадскога і прыгараднага транспарту.

Hавiны
У менскім метро з’явяцца ўказальнікі на расейскай мове
2023.09.19 16:35

СК belsat.eu

Стужка навінаў