У Менску ў таксоўцаў пачалі адбіраць аўтамабілі


Транспартавая інспекцыя пасля выняцця маршрутак узялася за таксоўкі. Аўтамабілі адбіраюць за «сур’ёзнае парушэнне», якім лічаць, у прыватнасці, нелегальны перавоз. Лёс машынаў вызначае суд, і звычайна іх не канфіскуюць, а вяртаюць уладальнікам, піша «Onliner».

Транспартавая інспекцыя пачала адбіраць таксоўкі.
Фота: onliner.by

Транспартавая інспекцыя ўзмацніла кантроль за пасажырскімі перавозамі ў сакавіку, пасля ДТЗ з маршруткаю каля Смалявічаў, у выніку якога загінулі 13 чалавек. Тады паведамлялася, што парушальнікаў не толькі будуць штрафаваць, у іх будуць адбіраць мікрааўтобусы.

Першы такі выпадак адбыўся 13 красавіка: транспартавая інспекцыя забрала маршрутку ў кіроўцы, які выконваў рэгулярныя рэйсы пад выглядам нерэгулярных. Гэта назвалі незаконнаю прадпрымальніцкаю дзейнасцю.

Hавiны
Правяранні маршрутак падатковай інспекцыяй: Парушэнні амаль у кожнай другой
2023.03.30 17:50

Цяпер жа, як паведамляе «Onliner», адбіраць пачалі таксоўкі – таксама за нелегальны перавоз, што лічыцца незаконным бізнесам. За гэта кіроўцаў штрафуюць на суму да 100 базавых велічыняў (цяпер Br 3700), таксама могуць сканфіскаваць увесь прыбытак ад такой дзейнасці і «сродак здзяйснення правапарушэння», то бок машыну.

Пасля выняцця аўтамабіля транспартавай інспекцыяй яго вязуць на штрафстаянку, і далейшы лёс машыны вызначае суд.

За апошнія дні толькі ў Менску і Менскай вобласці адабралі 8 таксовак. Часта парушальнікаў ловяць з дапамогаю «кантрольнага закупу»: супрацоўнік транспартавай інспекцыі ў цывільным замаўляе машыну і пасля паездкі ды разліку спраўджвае дакументы.

У транспартавай інспекцыі сцвярджаюць, што гэтыя захады працуюць, і нелегальных перавознікаў паменела.

Hавiны
Агучаны прысуд кіроўцу МАЗа, з віны якога загінулі 13 чалавек
2023.09.18 18:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў