Сталі вядомыя новыя падрабязнасці аварыі пад Смалявічамі, у якой загінулі 13 чалавек


Грузавік МАЗ, з якім 20 лютага 2023 года паміж Менскам і Смалявічамі сутыкнулася маршрутка, у выніку чаго загінулі 13 чалавек, два гады не праходзіў тэхагляду. Пра гэта распавёў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі аб пытаннях дзейнасці сілавога блоку краіны, якая адбылася 21 сакавіка, піша БелТА.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС
Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС

Адной з тэмаў на нарадзе стала дарожная бяспека. Генпракурор згадаў пра аварыю з удзелам маршруткі і грузавіка МАЗ, якая адбылася 20 лютага на трасе пад Смалявічамі. У выніку таго ДТЗ на месцы загінулі 11 чалавек, 9 былі шпіталізаваныя, 2 з іх пазней таксама памерлі. Такім чынам, агульная лічба ахвяраў – 13 чалавек.

Hавiны
Колькасць ахвяраў аварыі пад Смалявічамі вырасла да трынаццаці
2023.03.06 19:27

Падчас следства высветлілася, што МАЗ, з якім сутыкнулася маршрутка, два гады не праходзіў тэхагляду, заявіў генеральны пракурор.

«Выявіліся сур’ёзныя праблемы ў бяспецы перавозу пасажыраў: у гэтым маршрутным таксі, дзе 15 пасадачных месцаў, ехалі 19 чалавек, то бок у пагоні за нажывай перавознік проста напіхаў туды людзей, – сказаў Швед. – Бачыце, сукупнасць фактараў. Адно чапляецца за іншае. Мы цяпер праверылі: у службе Менаблтрансу больш за 100 грузавікоў ездзяць без тэхагляду. Кожны з іх – гэта небяспека на дарозе. І гэта толькі на адным прадпрыемстве».

Таксама Андрэй Швед звярнуў увагу, што ў той маршрутцы ехалі школьнікі, бо школьны аўтобус зламаўся, а органы мясцовай улады не забяспечылі аператыўнай замены.

Генеральны пракурор зазначыў, што па ўсёй Беларусі цяпер праводзіцца татальная праверка ў транспартавай сферы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў