Расейскія фермеры могуць збанкрутаваць пасля адыходу замежных трэйдараў праз вайну


У Дзярждуме Расеі прызналі, што адыход збожжавых трэйдараў можа прывесці да банкруцтва невялікіх сельскагаспадарчых вытворцаў: адсутнасць канкурэнцыі сярод тых, хто купляе пшаніцу, дазваляе навязваць фермерам нізкія цэны. Расейская «Парламентская газета» піша, што дзеля залагоджвання праблемы «будзе ўдасканаленае заканадаўства».

З 15 ліпеня ў Беларусі ідзе збор ураджаю. Камбайны на полі ў Лагойскім раёне збіраюць збожжа. Менская вобласць, Беларусь. 23 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Сяргей Лісоўскі з камітэту Дзяржаўнай думы ў аграрных пытаннях папярэдзіў пра пагрозу масавага банкруцтва невялікіх гаспадарак з малым запасам трываласці.

«Яшчэ некалькі гадоў таму трэйдараў у краіне было чатырыста, цяпер – усяго тры. Паміж гэтымі трыма трэйдарамі падзеленыя квоты на вываз пшаніцы, і такое становішча дазваляе ім выкручваць рукі вытворцу».

Цяпер адпускная цана на пшаніцу ў шмат якіх рэгіёнах Расеі ніжэйшая за сабекошт. Сярод трэйдараў амаль няма канкурэнцыі і яны навязваюць фермерам свае ўмовы.

«Фармальна на збожжавым рынку канкурэнцыя сярод трэйдараў ёсць, але на справе яе няма», – заявіў дэпутат.

Дзеля залагоджвання сітуацыі плануецца змяніць заканадаўства, каб можна было даказваць факт картэльнай змовы.

Каментар
«Расея гандлюецца ў сваёй звыклай тэрарыстычнай манеры». Эксперт – пра знішчэнне партовай інфраструктуры Украіны
2023.07.22 14:13

Між тым першапрычынаю праблемы ёсць вайна ва Украіне, адзначае выданне «The Moscow Times». Збожжавы рынак суседняй краіны манапалізаваўся пасля таго, як там спынілі працу замежныя кампаніі. Толькі два трэйдары, што пакінулі Расею, «Cargill» і «Viterra», у мінулым сезоне купілі і вывезлі 3,5 млн тон збожжа. Іх доля ў экспарце была 13 %.

Пры гэтым Расея, якая распачала вайну, перашкаджае Украіне і экспартаваць харчы. Летам Масква ў аднабаковым парадку выйшла са збожжавай угоды, што прадугледжвала бяспечнае транспартаванне збожжа з украінскіх партоў.

Агляд
Зерне разладу. Вайна справакавала эмацыйныя спрэчкі Украіны з суседзямі з увагі на збожжа
2023.09.28 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў