Крэмль заявіў аб спыненні збожжавай угоды, тэрмін дзеяння якой канчаецца 17 ліпеня. Расея прыпыняе дзеянне ўгоды, пакуль не будуць выкананыя пункты пагаднення, якія яе, Расеі, датычаць, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
«Фактычна чарнаморскія пагадненні спынілі сваё дзеянне сёння. Як сказаў ужо раней прэзідэнт Расейскай Федэрацыі, канчаецца тэрмін 17 ліпеня. На жаль, частка, якая датычыць Расеі ў гэтай чарнаморскай дамоўленасці, не выкананая дагэтуль. Таму яе дзеянне спыняецца», – сказаў Пяскоў і дадаў, што Расея гатовая вярнуцца да дамоўленасцяў пасля выканання ўмоваў.
Паводле прэс-сакратара Пуціна, Крэмль заявіў пра спыненне збожжавай угоды да выбуху на Крымскім мосце, які ніяк на гэтае рашэнне не ўплывае.
Збожжавая ўгода набыла моц у ліпені 2022 года. Яе падпісалі, каб запэўніць бяспечнае транспартаванне збожжа і харчоў з партоў Украіны. Два асобныя пагадненні былі заключаныя паміж Украінай, Турцыяй і ААН, а таксама паміж Расеяй, Турцыяй і ААН. Пагадненні рэгламентавалі парадак экспарту ўкраінскага зерня морам, а таксама інспекцыю судоў у Стамбуле. Расея настойвала, што дамоўленасці аб экспарце расейскай сельгаспрадукцыі і ўгнаенняў, якія былі часткай ўгоды, не выконваюцца.
Паводле пагадненняў, угода павінна аўтаматычна працягвацца на 120 дзён пры адсутнасці пярэчанняў з яе бакоў. Сёлета РФ двойчы пагаджалася на працяг дамовы на 60 дзён. Цяпер жа Расея афіцыйна паведаміла Украіне і іншым удзельнікам збожжавай угоды, што не пагаджаецца яе працягнуць. Нота ўкраінскаму боку была перададзеная амбасадай РФ у Менску праз дыпламатычныя каналы. Расейскі бок лічыць, што ўжо 18 ліпеня збожжавая ўгода павінна перастаць дзейнічаць.
Сярод умоваў Расеі для працягу ўдзелу ў збожжавай угодзе – перападключэнне да сістэмы плацяжоў SWIFT «Россельхозбанка», які займаецца аплатай сельскагаспадарчага экспарту. Яшчэ адно патрабаванне – запуск аміякаправоду Тальяці – Адэса.
Таксама Расея патрабавала адмены абмежавання на пастаўкі ў РФ сельскагаспадарчай тэхнікі і дэталяў, а таксама дазволу на заход расейскіх караблёў у замежныя парты, разблакавання транспартавай лагістыкі і страхавання перавозаў, разблакавання актываў.
Выхад са збожжавай угоды ў будучыні можа каштаваць Расеі вялізных дыпламатычных стратаў, заяўляў раней дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван (Jake Sullivan).
«Калі яна выйдзе з яе, рэшта свету паглядзіць на гэта і скажа, што Расея павярнулася спінай да таго, каб краіны глабальнага Поўдня, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі маглі атрымліваць неабходныя ім харчы па даступных коштах. І я думаю, што ў будучыні гэта можа каштаваць Расеі вялізных дыпламатычных стратаў. Гэта выбар, які давядзецца зрабіць Уладзіміру Пуціну. Мы гатовыя да любых сцэнароў і шчыльна супрацоўнічаем з украінцамі ў гэтым пытанні», – зазначыў дарадца Байдэна.
Прэс-сакратарка аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк выказала меркаванне, што выбухі на Крымскім мосце ноччу 17 ліпеня маглі быць правакацыяй Расеі, каб выйсці са збожжавай угоды.
Марыя Міхалевіч belsat.eu