Зерне разладу. Вайна справакавала эмацыйныя спрэчкі Украіны з суседзямі з увагі на збожжа


Украіна пасварылася з суседнімі краінамі ЕЗ праз забарону на экспарт свайго збожжа. Самая рэзкая рыторыка з Кіева гучала на адрас Польшчы, там таксама слова не пазычалі. Галоўным міратворцам выступіў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда: ён упэўнены, што «хутка тэмпература знізіцца», а ў эмоцыях з двух бакоў вінаватая вайна.

Збожжасховішча ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

З пачаткам вайны ўзмацнілася залежнасць Украіны ад суседзяў у пытанні экспарту харчоў. Да расейскага ўварвання 90 % збожжа вывозілася за мяжу праз парты на Чорным моры. Цяпер, паводле звестак Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны, з леташняга жніўня да сёлетняга – 74,5 %.

Яшчэ ў сёлетнім траўні Еўракамісія пастанавіла забараніць імпарт збожжа з Украіны ў Балгарыю, Вугоршчыну, Польшчу, Румынію і Славаччыну. Усё праз тое, што ўкраінскія харчы больш танныя, і еўрапейскія фермеры неслі страты.

Цяпер Брусель пастанавіў не працягваць забароны, і абмежаванні былі скасаваныя 15 верасня. Як казалі ў Еўракамісіі, дзякуючы працы каардынацыйнай платформы і часовым захадам, ухваленым у траўні, «рынкавыя скажэнні ў пяці дзяржавах-сябрах, якія мяжуюць з Украінаю, зніклі».

З гэтым не пагадзіліся ў Польшчы, Вугоршчыне, Румыніі ды Славаччыне, якія насуперак Бруселю ўвялі асобнае эмбарга на ўкраінскія харчы. Пачалася сварка.

Hавiны
Польшча, Славаччына і Вугоршчына забаранілі імпарт украінскага збожжа
2023.09.16 09:20

Больш за ўсё ад Кіева атрымала Варшава. Прадстаўнік Украіны Тарас Качка анансаваў скаргу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю на Польшчу, Вугоршчыну і Славаччыну, заявіўшы: «Важна даказаць, што гэтыя дзеянні юрыдычна неправамерныя». Ён таксама прыгразіў Варшаве забаронаю на ўвоз польскай садавіны і гародніны.

Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль назваў эмбарга Польшчы «палітычным папулізмам у перадвыбарчы перыяд», аднак адначасова падзякаваў суседзям за гуманітарны, аграрны і вайсковы транзіт.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з трыбуны Генеральнай асамблеі ААН 19 верасня абвінаваціў удзельнікаў збожжавай сваркі ў дапамаганні Крамлю:

«Трывожна бачыць, як сёй-той у Еўропе, некаторыя нашы сябры ў Еўропе разыгрываюць салідарнасць у палітычным тэатры, робячы са збожжа трылер. Можа здацца, што яны граюць уласную ролю, але насамрэч яны дапамагаюць падрыхтаваць сцэну для маскоўскага актора».

І хаця Зяленскі не казаў наўпрост пра Варшаву, там ягоную заяву запісалі на свой рахунак. Амбасадара Украіны Васіля Зварыча выклікалі ў МЗС Польшчы, дзе яму выказалі «рашучы пратэст».

Пасля гэтага Міністэрства замежных справаў Украіны «заклікала польскіх сяброў пакінуць убаку эмоцыі» і развязваць праблему канструктыўным шляхам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прамовы на Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 19 верасня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

19 верасня збожжавы канфлікт пракаментаваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён параўнаў Украіну з тапельцам, які хапаецца за ўсё, што можна: «Украіна – пад атакай Расеі, без сумневу, у вельмі складанай сітуацыі, хапаецца за ўсё, што можа. Ці можна на яе крыўдзіцца?»

Пры гэтым, паводле Дуды, Польшча мусіць абараніць сябе, каб і надалей дапамагаць Украіне:

«Вядома, мы мусім дзеяць так, каб абараніць сябе ад таго, каб тапелец не прычыніў нам шкоды, бо калі тапелец прычыніць шкоду і патопіць нас, то не атрымае дапамогі. Таму мы павінны клапаціцца пра свае інтарэсы. І мы будзем рабіць гэта эфектыўна ды рашуча».

Hавiны
Карабель з украінскім збожжам прыйшоў з Адэсы ў Стамбул, нягледзячы на марскую блакаду з боку Расеі
2023.09.21 18:18

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі растлумачыў абмежаванні клопатам пра ўласных земляробаў, заявіў, што забароны не скасуюць, пакуль не будзе выпрацаваная мадэль супрацы з суседам, і прыгразіў пашырыць прадуктовае эмбарга, калі «ўкраінскія ўлады будуць эскалаваць канфлікт».

21 верасня прэзідэнт Дуда прызнаўся, што прамова ўкраінскага калегі ў Генеральнай асамблеі ААН «пакінула горыч у душы», аднак адзначыў: «Я захапляюся Уладзімірам Зяленскім. Гэтая асоба абсалютна вартая павагі як кіраўнік і прэзідэнт, з якім у мяне добрыя стасункі. Я думаю, што магу назваць яго сваім сябрам. А паміж сябрамі часам узнікаюць спрэчкі».

Анджэй Дуда
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на саміце Еўрапейскай рады. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік Польшчы пры гэтым канстатаваў, што кожны прэзідэнт дбае пра інтарэсы сваёй краіны:

«Апошнім часам у медыях з’явілася зашмат эмоцыяў, напалову праўды і няпраўды. Прашу суайчыннікаў захоўваць спакой. Я думаю, што хутка тэмпература знізіцца».

Анджэй Дуда таксама падкрэсліў, што транзіт збожжа не забараняўся і не прыпыняўся:

«Мы б хацелі, каб украінскія ўлады зразумелі нашыя праблемы, якія ўзніклі ў выніку таго, што мы доўгі час дапамагаем. Мы стварылі транспартавыя калідоры, адмысловыя калідоры для транзіту збожжа. Мы падтрымоўваем гэты транзіт, як можам. Цяпер ён удвая большы, чымся ў пачатку года».

Адначасова Дуда пацвердзіў намеры абараніць рынак сваёй краіны:

«Ёсць бізнес-колы, што маюць інтарэсы ва Украіне і хочуць як мага хутчэй прадаць збожжа за найменшы кошт. Мы мусім ад гэтага абараняцца».

Прэзідэнты Украіны і Польшчы Уладзімір Зяленскі і Анджэй Дуда. Луцк, Украіна. 9 ліпеня 2023 года.
Фота: Jakub Szymczuk / KPRP

На фоне харчовых спрэчак польскія чыноўнікі зрабілі некалькі заяваў, што падкінулі дроваў у печ. Прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер у эфіры «Polsat» закрануў тэму дапамагання ўкраінцам, сказаўшы: «Правілы часовыя, і тэрмін іх дзеяння скончыцца ў пачатку наступнага года. Нішто не даецца назаўсёды, толькі на час узброенага канфлікту. Пакуль няма рашэння пра падаўжэнне таго, што маецца ў законе».

Мюлер таксама выказаў меркаванне, што «рэгламент не будзе прадоўжаны ў значнай ступені».

Пасля гэтага ў медыях з’явіліся артыкулы з загалоўкамі «Польшча здзівіла яшчэ адною заяваю: дапамога ўкраінскім уцекачам пад пагрозаю», «Канец ільготаў для ўкраінцаў?», а расейская прапаганда ўжо пачала пісаць пра «спыненне дапамогі» як факт.

Пры гэтым Анджэй Дуда пацвердзіў, што дапамога Украіне не спыніцца, бо «акупацыя Украіны была б паразаю і для Польшчы».

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.
Фота: Mateusz Morawiecki / X.com

Затым прэм’ер Маравецкі абвесціў, што Польшча «болей не перадае Украіне зброі, бо мы самі ўзбройваемся». Гэтую заяву нават давялося тлумачыць прэзідэнту Дуду: «Словы прэм’ер-міністра былі інтэрпрэтаваныя як мага горш. Па-мойму, прэмʼер-міністр проста сказаў: мы не будзем перадаваць Украіне новага ўзбраення, якое мы цяпер набывае для мадэрнізацыі польскай арміі».

Канспіралагічных версіяў дадалося пасля таго, як на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку не адбылася запланаваная сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Польшчы. Анджэй Дуда запэўніў, што прычынаю стаўся збой у графіку – і болей нічога.

«Ніхто не касаваў сустрэчы. Калі мусіла пачацца сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім, я стаяў на трыбуне і прамаўляў на Генеральнай асамблеі ААН», – сказаў польскі лідар і адзначыў, што перамовы з украінскім калегам яшчэ абавязкова адбудуцца.

Развязанне хутка?

Апошнімі днямі з’явіліся паведамленні, якія даюць надзею на хуткае развязанне праблемы.

20 верасня міністр сельскай гаспадаркі Румыніі Фларын Барбу заявіў, што цягам месяца мусіць запрацаваць сістэма кантролю ўкраінскага экспарту, якая абароніць румынскіх фермераў.

«Экспартныя ліцэнзіі для ўкраінскіх кампаніяў пачнуць дзеяць праз 30 дзён. За гэты час Румынія таксама створыць працэдуру ліцэнзавання імпарту для румынскіх фермераў і перапрацоўнікаў. Я ўпэўнены, што гэты механізм, прапанаваны Еўракамісіяй, на які пагадзілася Украіна і які ўзгаднілі мы ў інтарэсах фермераў, будзе цалкам функцыянаваць», – цытуе чыноўніка агенцтва «Reuters».

Стварэнне такой жа сістэмы кантролю экспарту харчоў Украіна таксама абмеркавала са Славаччынаю. Пра гэта пагаварылі профільныя міністры.

«Яны дамовіліся стварыць сістэму гандлю збожжам, заснаванай на выдачы і кантролі ліцэнзіяў. Пакуль гэтая сістэма не запрацуе і не будзе цалкам пратэставаная, забарона на імпарт чатырох тавараў з Украіны будзе трываць», – паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Славаччыны.

Там падкрэслілі, што Кіеў пагадзіўся спыніць разгляд сваёй скаргі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mirosław i Joanna Bucholc / Pixabay

Узнаўленне паставак абмяркоўваецца і з Вугоршчынаю. Будапэшт абяцае «прааналізаваць сітуацыю з экспартам украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі і будзе вывучаць план дзеянняў, рэпрэзентаваны Украінаю», паведамляюць у Міністэрства харчавання Украіны.

А 21 верасня адбылася размова кіраўніка Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны Міколы Сольскага і міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Робэрта Тэлюса. Яны дамовіліся знайсці рашэнне, якое б улічвала інтарэсы абедзвюх краінаў.

«Бакі пацвердзілі шчыльныя ды канструктыўныя стасункі і дамовіліся блізкім часам выпрацаваць варыянт супрацы ў экспартных пытаннях. Найбліжэйшымі днямі адбудуцца чарговыя перамовы, на якіх будуць абмяркоўвацца падрыхтаваныя абодвума бакамі пытанні. Таксама польскі бок вывучыць план украінскага экспарту і падрыхтуе да яго свае прапановы», – праінфармавалі ў Кіеве.

27 верасня міністры паразмаўлялі зноў. Як апавёў Тэлюс, Кіеў прапанаваў добры варыянт, які цяпер будзе разглядацца:

«Украінскі бок паведаміў: калі Польшча скажа, што не мае патрэбы ў чатырох збожжавых культурах да канца года, то ліцэнзіяў на гэта не будзе. Гэта пытанне, якое мусіць разгледзець наш бок, але прапанова выглядае добраю».

Паводле польскага міністра, у Варшаве таксама абмяркуюць ідэю Украіны перадаць кантроль за экспартным збожжам Нямеччыне, каб пастаўкі спраўджваліся не на ўкраінска-польскай мяжы, а ў нямецкіх партах.

«Намер у нас адзіны: дапамагчы Украіне вывезці збожжа, каб яно ішло туды, куды трэба», – падсумаваў Робэрт Тэлюс.

«Адна спрэчка стасункаў не разбурыць»

22 верасня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас наведання Познані выступіў з заспакаяльнаю заяваю, што збожжавая спрэчка не мусіць разбурыць стасункаў з Украінаю:

«Для мяне супраца з Украінай і падтрыманне яе маюць гістарычнае вымярэнне. Я не сумняюся, што спрэчка пра экспарт збожжа з Украіны на польскі рынак – гэта малая частка ўсіх польска-ўкраінскіх стасункаў. Гэта пытанне, якое мы мусім проста развязаць паміж сабою».

Дуда адзначыў, што на эмацыйнасць заяваў з двух бакоў паўплываў цяперашні час, калі ідзе вайна, а здабытага капіталу міжасобасных сувязяў не разбурыць «адна палітычная і юрыдычная спрэчка».

Праз два дні Дуда абвесціў, што падрыхтаваныя спецыяльныя транзітныя калідоры, каб збожжа транспартавалася праз Польшчу «туды, дзе яно напраўду неабходнае».

Меркаванні
Дэмакратычная палітыка – гэта не толькі інтарэсы, але і эмоцыі
2023.09.20 21:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў