Юрыя Зянковіча змяшчалі ў ШІЗА, дзе ён аб'явіў галадоўку


Палітвязня Юрыя Зянковіча, якога судзілі па «справе аб дзяржперавароце», адправілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі, дзе ён аб’явіў галадоўку. Пра гэта праекту «Маланка» распавяла сястра палітвязня Аксана.

Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржперавароце». На фота – Юрась Зянковіч. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Паведамляецца, што адміністрацыя калоніі прымушала Юрася Зянковіча выносіць вёдры са спаражненнямі за «апушчанымі» і чысціць прыбіральні. Калі ён адмовіўся, яго адправілі ў ШІЗА, дзе ён на восем сутак абʼявіў галадоўку.

«Яго хацелі «апусціць», каб ён выносіў спаражненні за «апушчанымі» і мыў прыбіральню, – распавяла Аксана. – Адвакат думае, што гэта адміністрацыя калоніі спецыяльна правакуе гэтыя сітуацыі з вынасам спаражненняў «апушчаных», каб «зламаць» палітвязняў».

Яна расказала, што на мінулым тыдні адвакат не змог патрапіць да Юрыя Зянковіча ў калонію ў Бабруйску. Аднак некалькі дзён таму стала вядома чаму – ён быў у ШІЗА.

Таксама Аксана паведаміла, што многія вядомыя палітвязні патрапілі ў шпіталі з наступствамі збівання.

Нагадаем, што 2 верасня Зянковіча асудзілі ў «справе аб дзяржперавароце» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца ды палітолаг Аляксандр Фядута і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – ім прысудзілі па 10 гадоў кожнаму. Фядуту, Кастусёва і Зянковіча прызналі вінаватымі ў «змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам».

Юрась Зянковіч – юрыст, з 2007 года жыў у Злучаных Штатах Амерыкі, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава. Зянковіч мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане. Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў