Што чарнобыльскія бадзяжныя сабакі могуць распавесці нам пра радыяцыю?


Папуляцыя дзікіх сабакаў, якія жывуць паблізу чарнобыльскай зоны адчужэння, пачынае даваць навукоўцам уяўленне аб тым, як працяглае ўздзеянне радыяцыі ўплывае на пакаленні. Бадзяжных сабакаў, на жаль, там вельмі шмат.

Два сабакі ідуць па закінутым горадзе Прыпяць, Украіна, у 2022 годзе, непадалёк месца катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.
Фота: Дымітар Дылкаў (DIMITAR DILKOFF) / AFP

Сабакі, якія ўсё яшчэ жывуць вакол зоны адчужэння, верагодна, ёсць нашчадкамі хатніх гадаванцаў, пакінутых жыхарамі мясцінаў вакол Чарнобыльскай АЭС. Людзі ў спеху выязджалі з рэгіёну, кідаючы ўсю сваю маёмасць, у тым ліку сваіх чатырохногіх сяброў. У першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС брыгады рэагавання шукалі кінутых гаспадарамі сабакаў ды забівалі іх, каб спыніць распаўсюд радыеактыўнасці. Тым не менш, некаторыя выжылі, а ўжо іх нашчадкі ўсё гэтак жа жывуць каля АЭС. Іх падкормлівалі ліквідатары Чарнобылю і турысты.

Даследаванне, апублікаванае 3 сакавіка ў часопісе «Science Advances», – першы крок у буйным праекце, мэта якога – даведацца, як жывёліны прыстасаваліся да выжывання ў адным з самых радыеактыўных месцаў на Зямлі. Праца можа даць глыбокае разуменне выжывання і жыцця ў гэтым складаным асяроддзі.

Нават падчас вайны даследнікі і валанцёры змаглі адправіцца ў Чарнобыль, каб вылечыць 125 бадзяжных сабакаў і атрымаць больш пробаў.

Колькасць відаў дзікай жывёлы ў зоне адчужэння значна скарацілася пасля аварыі. І хоць некаторыя віды аднавіліся, шмат якія зніклі.

Што вядома навукоўцам пра бадзяжных сабакаў у Чарнобылі

Колькасць сабакаў у рэгіёне расце. Яны паходзяць ад хатніх сабакаў, якіх гаспадары кінулі пры пераедзе: гэта нямецкія ды ўсходнія аўчаркі, лабрадоры, баксёры і ёркшырскія тэр’еры.

Зграя бадзяжных сабакаў жыве ў прамысловых раёнах былой электрастанцыі.
Фота: Т. Мусо (T. MOUSSEAU)

Цягам трох гадоў навукоўцы збіралі пробы крыві прыкладна ў 300 сабакаў, якія жывуць на электрастанцыі і ў закінутым горадзе Чарнобыль. Навукоўцы выявілі, што бяздомныя сабакі дзеляцца на 15 асобных семʼяў. Самая вялікая сямейная група складаецца з 162 асобінаў. Каб узяць пробы крыві, добраахвотнікі ўсыплялі жывёлінаў дроцікамі з транквілізатарам.

Бадзяжныя шчанюкі гуляюць у недабудаванай градзірні на Чарнобыльскай электрастанцыі ва Украіне. Крыніца: Шон Гэлап / Getty (Sean Gallup)

Пасля пачатку вайны ўсё менш турыстаў прыязджае і пакідае рэшткі ежы, і чарнобыльскія сабакі выжываюць з цяжкасцю. Таму каманда навукоўцаў працуе з няўрадавай арганізацыяй, каб забяспечыць жывёлінаў ежаю, гарантуючы выжыванне чарнобыльскіх сабакаў.

Першыя вынікі даследаванняў

Валанцёры, якія дапамагаюць сабакам Чарнобылю. Крыніца: DogsofChernoby / facebook

Пры першым генетычным аналізе гэтых жывёлінаў навукоўцы выявілі, што сабакі, якія жывуць у прамысловай зоне электрастанцыі, генетычна адрозніваюцца ад сабакаў, якія жывуць далей ад АЭС.

Можна меркаваць, што радыяцыя неяк звязаная з гэтым. Але доказаў гэтаму пакуль няма. Сабакі могуць быць генетычна рознымі проста таму, што жывуць у адносна ізаляваным месцы.

Радыеактыўнае заражэнне знішчыла папуляцыі дзікай жывёлы ў рэгіёне, але сабакі выжылі і працягнулі размнажацца. Тым не менш, у іх часцей сустракаецца катаракта, бо на тканках вачэй першымі праяўляюцца прыкметы хранічнага ўздзеяння выпраменьвання.

Добраахвотнікі пачалі лячыць і стэрылізаваць сабакаў прыкладна ў той жа час, калі пачалося будаўніцтва новага бяспечнага саркафагу для ядравага рэактару. І былі асцярогі, што сабакі, якія жывуць у гэтых мясцінах, могуць быць праблемаю для працаўнікоў.

Людзі дапамагаюць сабакам Чарнобылю нават падчас вайны

Фонд «Чыстая будучыня» лечыць, стэрылізуе ды корміць сабакаў у Чарнобылі і працягвае клапаціцца пра іх падчас вайны. Ён прывозіць 800 кг ежы на тыдзень, а таксама працягвае праграму стэрылізацыі.

Апроч гэтага, фонд выдаў кнігу «Сабакі Чарнобылю» і з прыбыткаў ад продажу кнігі закупляе якасныя амерыканскія жгуты CAT для ўкраінскіх вайскоўцаў.

Кніга «Сабакі Чарнобылю» фонду «Чыстая будучыня». Крыніца: DogsofChernoby / facebook

Валанцёры фонду «Сабакі Чарнобылю» знаходзяць новы дом для некаторых шчанюкоў за межамі зоны адчужэння. Да прыкладу, шчанюк на фота і яго браты засталіся без маці ва ўзросце чатырох тыдняў. Разумеючы, у якой жахлівай сітуацыі яны апынуліся, умяшаўся фонд «Чыстая будучыня», які запытаў у зоны і электрастанцыі адмысловы аднаразовы дазвол, а затым паспрыяў атрыманню неабходных дазволаў для працэсу дэзактывацыі, каб перавезці гэтых шчанюкоў у новы дом.

Шчанюк з чарнобыльскай зоны, які знайшоў сабе гаспадароў. Крыніца: DogsofChernoby / facebook
Інтэрв’ю
«У 97 % дзяцей, якіх мы абследавалі, ёсць генетычныя парушэнні». Як уплывае Чарнобыль праз 37 гадоў
2023.04.26 11:30

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў