Пуцін падпісаў указ аб дэпартацыі жыхароў акупаваных тэрыторыяў, якія не прынялі грамадзянства Расеі


Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе дэпартаваць жыхароў акупаваных тэрыторыяў Украіны, якія адмовіліся прыняць расейскае грамадзянства. Указ з’явіўся на партале прававой інфармацыі РФ.

Пашпарт Расейскай Федэрацыі.
Фота: visualhunt.com

Ва ўказе гаворыцца, што грамадзяне Украіны, якія пражываюць на анексаваных Расеяй тэрыторыях і пастанавілі захаваць украінскае грамадзянства, могуць пражываць там да 1 ліпеня 2024 года. Пасля чаго іх могуць дэпартаваць. Таксама гэта датычыцца тых, у каго ёсць пашпарты гэтак званых ДНР і ЛНР – яны павінны або стаць грамадзянамі Расеі, або заявіць, што не жадаюць гэтага рабіць і таксама трапіць пад магчымую дэпартацыю.

Асобны пункт указу датычыць дэпартацыі тых, хто нібыта стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Расеі.

Гэтак, жыхароў акупаваных тэрыторыяў, якія выступаюць за «гвалтоўную змену асноваў канстытуцыйнага ладу» ў Расеі, фінансуюць тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць або бяруць удзел у «несанкцыянаваных» акцыях, будуць дэпартаваць і забараняць ім уезд у Расею.

Пры гэтым дэпартацыі не падлягаюць тыя, хто падпісаў кантракт аб службе ў расейскім войску і ваюе на баку Расеі.

Таксама ўказ спрашчае працэдуру атрымання расейскага ВНЖ для жыхароў акупаваных тэрыторыяў. Дакумент можна будзе атрымаць не больш як праз 20 дзён пасля падачы заявы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў