Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская выступіла на Кангрэсе рэгіянальных і мясцовых уладаў, што адбыўся ў Страсбургу. Яна заклікала да падтрымання еўрапейскай перспектывы для Беларусі і папрасіла браць беларусаў на стажыроўкі ў органах мясцовага самакіравання, паведамляе Офіс прэзідэнткі.
Кангрэс рэгіянальных і мясцовых уладаў – трэцяя галоўная інстытуцыя Рады Еўропы разам з Камітэтам міністраў і Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы, куды ўваходзяць губернатары, мэры, прадстаўнікі мясцовых уладаў з 46 краінаў Рады Еўропы.
У сваёй прамове перад Кангрэсам Святлана Ціханоўская заклікала надаваць больш увагі Беларусі: «Нам патрэбнае падтрыманне з боку ўсяго свету, і ў тым ліку з боку мясцовых уладаў».
Абраная прэзідэнтка выступіла за тое, каб беларусаў прыцягвалі да працы Рады Еўропы і Кангрэсу мясцовых уладаў, бралі на стажыроўкі ў органы мясцовага самакіравання, давалі стыпендыі беларускай моладзі.
Ціханоўская таксама заклікала дапамагаць з рэабілітацыяй былых палітзняволеных і дзяцей рэпрэсаваных, беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне і добраахвотнікаў.
Акрамя таго, яна папрасіла падтрымаць праекты рэформаў у Беларусі, у тым ліку зменаў у мясцовым самакіраванні, і даць ацэнку праекту Канстытуцыі.
Напрыканцы абраная прэзідэнтка заклікала падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі, далучацца да міжнароднай кааліцыі за дэмакратычную Беларусь і да Дзён салідарнасці з Беларуссю і палітычнымі зняволенымі.
Сцяпан Кубік belsat.eu