Пашпарт Новай Беларусі не надрукавалі да канца сакавіка: чаму і калі яго чакаць?


Аб’яднаны пераходны кабінет абяцаў, што да канца сакавіка будуць надрукаваныя першыя 30 тысяч асобнікаў пашпарту Новай Беларусі. Аднак сакавік сканчаецца, а доўгачаканага многімі беларусамі дакументу няма. АПК ж анансуе перапіс беларусаў свету і збор грошай на орган выдачы пашпарту. У чым прычыны затрымання друку, як будуць перапісваць беларусаў і ці атрымаюць пашпарт тыя, хто не дасць грошай на орган выдачы? Задалі гэтыя пытанні прадстаўніку Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах, намесніку Святланы Ціханоўскай Валеру Кавалеўскаму.

Валер Кавалеўскі
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Матэрыялы для друку яшчэ ў дарозе

– Спадару Валеру, Аб’яднаны пераходны кабінет і вы як яго прадстаўнік на пачатку года не раз казалі, што ўжо ў сакавіку чакаеце надрукаваных першых узораў пашпарту Новай Беларусі. Аднак, як мы бачым, сакавік сканчаецца, а пашпартоў няма. Чаму справа зацягваецца і калі ўсё ж чакаць пашпартоў?

– Сапраўды, у Літву ўжо мусілі прыйсці матэрыялы для друку, але яшчэ няма пацверджання ад пастаўляльнікаў, значыць, яны яшчэ ў дарозе. У іх чаканні мы інтэнсіўна працуем над тым, каб запусціць орган выдачы, які будзе адказны за тое, каб адпрацоўваць усе элементы тэхнічнай часткі праекту, у тым ліку, за зацвярджэнне канчатковага дызайну пашпарту і замову на выраб узораў дакументаў. Відавочна, што не вытрымліваюцца тэрміны, пра якія мы думалі раней. Але разам з тым ёсць прагрэс, і я думаю, гэта пытанне хутчэй тыдняў, чым месяцаў. Будзем старацца зрабіць усё як мага хутчэй, бо гэта неабходны этап у тым, каб пачаць працу ў прызнанні органу выдачы пашпарту.

Першасная задача – стварыць орган выдачы пашпартоў

– Калі вы кажаце пра тыдні, ці можна чакаць, што да канца красавіка будуць надрукаваныя асобнікі?

– Як бачыце, трэба вельмі асцярожна ставіцца да вызначэння тэрмінаў. Мы робім што можам і стараемся рабіць як мага хутчэй, але тэрміны ссоўваюцца з самых розных прычынаў, некаторыя з якіх – не пад нашым кантролем. Дарэчы, менавіта стварэнне паўнавартаснага органу выдачы – перадумова, якая дазволіць планаваць тэхнічную працу з больш выразнымі тэрмінамі і прытрымлівацца раскладу працы.

Таму пакуль гэта першасная задача – стварыць орган выдачы, сфармаваць каманду, якая будзе несці цалкам адказнасць за выкананне штодзённых канкрэтных задачаў. Гэта тое, над чым мы цяпер працуем.

Пасля стварэння органу выдачы будзе зацвярджацца канчатковы варыянт дызайну, які пойдзе ў друк, і пасля гэтага будзе размешчаная замова на выраб узору дакументу. Я б не называў цяпер нейкіх дакладных тэрмінаў, бо нават пасля таго, як будуць вырабленыя ўзоры дакументаў, мы пойдзем з імі да нацыянальных урадаў з просьбаю прызнання. І невядома, як доўга там будзе разглядацца гэтае пытанне. Магчыма, хутка, магчыма, разгляд зойме значна больш часу.

Узор адной са старонак новага Нацыянальнага пашпарту.
Выява: belarus-passport.com

Акрамя таго, ёсць таксама вонкавыя фактары, якія ўплываюць на прыняцце пастановаў. Паводзіны Лукашэнкі, напрыклад, могуць у пэўным сэнсе спрыяць рэалізацыі праекту пашпарту. Консульскі ўказ мінулага верасня фактычна перадвызначыў пазіцыю замежных урадаў. Яны ацэньваюць сітуацыю з беларусамі і іхнымі праезнымі дакументамі як вельмі складаную, разумеюць важнасць праекту. Ніхто нам не сказаў ніколі, што гэты праект не мае пад сабой ніякіх падставаў, што ён выцягнуты з пустога месца. Наадварот, усе адзначаюць і прызнаюць складанасць сітуацыі і тое, што трэба знаходзіць развязкі. І што пашпартны праект і праўда можа быць такім развязкам.

Далей пытанне нашай палітычнай працы, дыпламатыі, аргументацыі нашай пазіцыі, што цяпер у замежных урадаў ёсць фактычна бінарны выбар: не сапсаваць настрой Лукашэнку – ці падтрымаць беларускі народ. І мы, вядома ж, будзем імкнуцца да таго, каб настойваць на выбары на карысць беларускага народу.

Як паўплываў паказ падробак пашпарту ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання?

– Калі казаць пра паводзіны Лукашэнкі як вонкавы фактар – гісторыя з паказам нібыта ўзораў пашпартоў на БТ не паўплывала на праект, не сапсавала ягоны імідж?

– Мы гэтага не адчулі. Мы разумеем, што спецслужбы заклапочаныя гэтым праектам. Рэжым Лукашэнкі хацеў бы, каб гэтага праекту ніколі не было, бо гэта рэальна ўплывае на суб’ектнасць рэжыму, забірае тую функцыю, ад якой адмовіўся Лукашэнка – дакументацыя насельніцтва, выдача дакументаў беларусам. Вядома, яны б хацелі зрабіць усё, каб дыскрэдытаваць наш праект і пасеяць недавер да яго.

Каментар
Не ведаюць хуткасці зубра. Пашпарт Новай Беларусі не змаглі падрабіць – і наўрад ці змогуць
2024.03.21 11:51

Для беларусаў мы тут маем толькі адну рэкамендацыю: калі ласка, сачыце выключна за афіцыйнымі паведамленнямі Аб’яднанага пераходнага кабінету. Запуск праекту будзе абавязкова суправаджацца вельмі выразнай зразумелай камунікацыяй з удзелам лідараў – маім і Святланы Ціханоўскай. Мы дамо зразумець, што сапраўды пачынаецца гэты новы этап. Будуць вельмі выразныя зразумелыя і падрабязныя інструкцыі пра тое, як будзе выглядаць працэс выдачы, якія дакументы неабходныя, каб падаць сваю заяўку на пашпарт. Гэта будзе суправаджацца тлумачэннямі, якія катэгорыі беларусаў за мяжой змогуць падавацца на пашпарт. Таксама будзе прамежкавае дзеянне з нашага боку з тым, каб высветліць колькасць ва ўсім свеце беларусаў, зацікаўленых у атрыманні гэтага пашпарту.

Хто і як будзе перапісваць беларусаў свету?

– Вы маеце на ўвазе перапіс, пра які казалі на канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Празе?

– Так, вядзецца пра перапіс. Адначасова мы будзем звяртацца да беларусаў з просьбай падтрымаць гэты праект фінансава, бо патрэбны стартавы капітал, каб арганізаваць працу органу выдачы, наняць людзей, арганізаваць усе працэсы, закупіць неабходнае абсталяванне.  Гэта ўсё таксама будзе суправаджацца вельмі выразнымі зразумелымі паведамленнямі ад АПК, каб не было нейкіх памылак і розначытанняў. Да таго часу стаўцеся скептычна і з падазрэннем да паведамленняў, якія з’яўляюцца ў сацсетках. І калі там няма відэакамунікацыі ад асноўных асобаў, якія займаюцца гэтым праектам, не звяртайце на іх увагі і ні ў якім разе не перадавайце сваіх асабістых дадзеных.

Hавiны
Валер Кавалеўскі: «У хуткім часе арганізуем перапіс беларусаў па ўсім свеце»
2024.03.23 22:58

– Ці вядома, калі будзе перапіс і як ён будзе арганізаваны?

– Ізноў жа, чакаем стварэння органу выдачы, які будзе праводзіць гэты перапіс. Гэта ўсё будзе суправаджацца нашым інфармаваннем. Мы паведамім, калі будзе прызначаны кіраўнік органа выдачы, і пойдзем далей з наступнымі крокамі, датычнымі перапісу і збору сродкаў.

Мы будзем кааперавацца з камандай Паўла Лібера, з якім мы рабілі першасны перапіс у мінулым жніўні, калі было абвешчана пра запуск пашпартнага праекту. Менавіта каманда Паўла Лібера дапамагла сабраць базавую інфармацыю наконт такіх буйных блокаў, як Паўночная Амерыка, Еўразвяз, Беларусь, іншыя краіны. Але цяпер мы будзем імкнуцца да таго, каб сабраць гэтую інфармацыю для кожнай краіны асобна. То бок беларусы, якія жывуць ва ўсіх краінах свету, змогуць узяць удзел у гэтым перапісе.

«Задамо пытанні пра матывы атрымання пашпарту»

– Якую інфармацыю трэба будзе даць у рамках перапісу і наколькі гэта будзе бяспечна для беларусаў?

– Нам будзе патрэбная інфармацыя, колькі ў якіх краінах жыве беларусаў, каб ацаніць іхны запыт на атрыманне пашпарту і запланаваць, якую колькасць пашпартоў трэба будзе выдаць. Таксама і каб змабілізаваць беларусаў у розных краінах, каб яны маглі ўдзельнічаць у кампаніі, скіраванай на прызнанне органу выдачы і пашпарту, каб гэты заклік быў не толькі ад палітычных структураў, але і ад саміх беларусаў – галоўных бенефіцыяраў гэтага праекту.

Перапіс будзе вельмі базавым. Не будуць збірацца персанальныя звесткі, адрасы. Пытацца будзем, у якой краіне вы жывяце, ці ёсць у вас патрэба ў пашпарце Новай Беларусі, колькі вам трэба асобнікаў і калі.

Магчыма, яшчэ задамо пытанні, якія галоўныя матывы таго, каб атрымаць пашпарт, каб зразумець, на якіх падставах людзям патрэбныя гэтыя дакументы: сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарту – або для людзей важная сімвалічнасць гэтага пашпарту і яны проста не хочуць больш карыстацца пашпартам Лукашэнкі. Такія базавыя пытанні. Але ні ў якім разе мы не будзем пытацца, як вас завуць, дзе ваш адрас, чым вы займаецеся, нават пра ўзроставую групу. Гэтых звестак мы збіраць не будзем, нам яны проста не патрэбныя.

Разбор
Пашпарт Новай Беларусі: дзейсны дакумент ці прыгожы сувенір з Пагоняй?
2024.01.26 17:56

Ці трэба будзе плаціць за пашпарт Новай Беларусі?

– Ці вядома, якую суму трэба будзе сабраць на орган выдачы пашпартоў?

– Такой інфармацыі пакуль няма. Разлікі мы будзем рабіць пасля стварэння органу выдачы. Пакуль што мы не можам дакладна ацаніць выдаткі. Так, як і казаў, мы не будзем прасіць шмат, 5 еўраў сапраўды будзе дастаткова. Тут наш разлік, што будзе масавы водгук, бо нават у жніўні, калі праводзілася базавае апытанне, адгукнуліся каля 30 тысяч беларусаў, якія казалі, што ім трэба больш за 60 тысяч пашпартоў. Калі кожны з тых людзей, якія хочуць пашпарт, даў бы 5 еўраў, то атрымалася б досыць салідная сума, з якой можна было б пачынаць працу.

– Ці атрымаюць пашпарт Новай Беларусі тыя, хто не дасць грошай на орган выдачы?

– Так, атрымаюць. Гэта не звязаныя паміж сабой рэчы. Ахвяраванне добраахвотнае і не прывязанае да заяўкі.

– А сам пашпарт Новай Беларусі  будзе бясплатным – ці трэба будзе заплаціць, каб атрымаць яго?

– Будзе пашпартны збор, які будзе пакрываць выдаткі на выдачу і ўтрыманне органу выдачы. Яго дакладны памер будзе вызначаны да пачатку збору заявак.

– Хто будзе выдаваць пашпарты Новай Беларусі? У органе выдачы будуць працаваць беларусы ці грамадзяне краінаў Еўразвязу?

– Мы на ставім ніякіх абмежаванняў паводле нацыянальнасці, галоўнае, каб людзі былі спецыялістамі і былі гатовыя да мегаскладаных задачаў, якія стаяць перад намі. Гэты крытэр будзе галоўным – наколькі людзі прафесійныя і гатовыя выконваць пастаўленыя задачы. Хто будзе працаваць, мы цяпер абмяркоўваем з рознымі партнёрамі, у тым ліку з індустрыі ідэнтыфікацыйных дакументаў.

Аналітыка
Пашпарт Новай Беларусі: чаму першыя ў чарзе – беларусы з легалізацыяй, і што рабіць тым, хто яе не мае?
2024.02.01 09:38

Праявіць цярплівасць

– Вы казалі, што роля дыяспараў будзе вызначальнай у лёсе праекту пашпарту Новай Беларусі. Якой дапамогі вы чакаеце ад беларусаў замежжа?

– Мы распрацуем рэкамендацыі для дыяспараў наконт таго, якім чынам можна дапамагчы кампаніі прызнання пашпарту. Гэта можа быць і звычайная прысутнасць у нацыянальных СМІ, звароты да парламенту, да МУС, МЗС, кіраўнікоў сваіх краінаў, міністэрстваў юстыцыі – гэта можа залежаць ад таго, хто канкрэтна ў кожнай краіне прымае пастановы аб прызнанні. Гэта праца з парламентамі, каб ствараць станоўчае падтрыманне, станоўчы ціск з боку парламентарыяў, размаўляць з экспертамі. Гэта тое, што можа рабіць любая фізічная асоба, людзі, якія ўжо легалізаваныя, даўно жывуць у гэтых краінах, могуць пазначаць сваю жывую асабістую зацікаўленасць у тым, каб пашпарт Новай Беларусі быў прызнаны, каб людзі маглі ім карыстацца, і гэта будзе залежаць ад таго, ці кожны канкрэтны нацыянальны ўрад прыме пастанову аб прызнанні дакументу.

– Што вы маглі б сказаць беларусам у якасці падсумавання – на што настройвацца ў справе пашпарту Новай Беларусі і калі яго чакаць?

– Найперш я папрасіў бы праявіць цярплівасць. Паверце, мы са свайго боку, магчыма, найбольш нецярплівыя ў гэтым сэнсе, бо мы вельмі хацелі б, каб гэты праект быў зрэалізаваны, каб беларусы сапраўды адчулі, што пра іхныя інтарэсы дбаюць палітычныя структуры, што АПК здольны да ўладкавання такіх задачаў. Але тут трэба праявіць цярплівасць. Бо пабудаваць гэтую сістэму трэба вельмі грунтоўна, бо галоўным для поспеху гэтага праекту стане тое, ці будзе ён карыстацца даверам з боку беларусаў і міжнароднай супольнасці, ад якой залежыць, ці сапраўды гэты пашпарт стане рэальным інструментам для ўладкавання беларусаў.

Нам вельмі важна паказаць, што орган выдачы, сам пашпарт, уся нашая сістэма выдачы дакументаў працуюць бесперабойна, дакладна, паказаць, што захоўваюцца прыватныя дадзеныя беларусаў належным чынам, у адпаведнасці з заканадаўствам. Таму гэта можа заняць больш часу, але разам з тым запэўніваем, што мы нацэленыя на поспех гэтага праекту.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў