Паліва – не збожжа, а тавар для войска. Ці будзе Беларусь закрываць патрэбы расейскай арміі ў паліве?


27 сакавіка выданне Reuters паведаміла, што Расея павялічыла імпарт паліва з Беларусі, каб ліквідаваць рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку, прычына якога – атакі беспілотнікаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы. «Белсат» вырашыў высветліць, ці сапраўды Беларусь будзе закрываць патрэбы расейскай арміі ў нафтапрадуктах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Минобороны России / Facebook

Павелічэнне паставак: такое было і раней

Паводле Reuters, у першай палове сакавіка Расея істотна павялічыла імпарт паліва з Беларусі, ён дасягнуў амаль 3 тысячаў тон, у той час як у лютым быў роўны 590 тон, а ў студзені 2023-га паставак не было наогул.

Расея ўжо не ўпершыню спрабуе закрываць патрэбы свайго рынку з дапамогай беларускіх НПЗ. Так, у 2020 годзе пастаўкі паліва павялічыліся фактычна ў 10 разоў у параўнанні з 2019-м. Большая палова з закупленага Расейскай Федэрацыяй паліва (агульная сума складала 100 мільёнаў долараў) прыходзілася на прадукцыю беларускай вытворчасці (на суму ў 55 мільёнаў долараў). На той момант пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі разглядаліся як опцыя для ўтрымлівання ўнутраных цэн на бензін у Расеі.

У 2022 годзе на фоне маштабных санкцыяў, якія закранулі сферу беларускай нафтаперапрацоўкі, гаворка вялася ўжо пра тое, што расейскі бюджэт будзе субсідаваць пастаўкі паліва з Беларусі ў Расею за кошт дэмпферных выплатаў. Пры гэтым самі пастаўкі беларускага паліва характарызаваліся як стратныя. Станам на другую дэкаду кастрычніка 2022 года аб’ёмы паставак з беларускіх НПЗ у Расею называліся невялікімі: каля 8,5 тыс. тон міжсезоннага паліва, што складала каля 5% ад аб’ёма рэалізацыі на біржы міжсезоннага паліва і каля 1,5% ад агульнага аб’ёму паставак дызпаліва ў той адрэзак часу.

Варта адзначыць, што ў апошнія пару гадоў скласці аб’ектыўную карціну паставак беларускага паліва ў Расейскую Федэрацыю вельмі складана, бо Белстат засакрэціў гэтыя звесткі. Таму іх можна атрымаць хіба з ускосных крыніц. Так, паводле таго ж Reuters, вядома пра павелічэнне паставак у жніўні – кастрычніку 2023-га, калі Расея сутыкнулася з дэфіцытам паліва, «які прывёў да імклівага росту коштаў на бензін і чарговай забароны на экспарт нафтапрадуктаў». Аднак лічбаў выданне не называе.

А зараз ідзе вайна

Калі ў ранейшыя перыяды прычыны павелічэння паставак паліва з Беларусі ў РФ былі чыста эканамічныя, то гэтым разам яны звязаныя ў першую чаргу з чыннікам вайны. Як адзначалася вышэй, Расея такім чынам хоча ліквідаваць рызыку дэфіцыту паліва ўнутры краіны, таму што частка расейскіх НПЗ была выведзеная ў рамонт у сувязі з атакамі на іх беспілотнікаў.

Сапраўды, колькасць атак у 2024 годзе прыкметна павялічылася. Усяго з пачатку вайны колькасць налётаў беспілотнікаў на расейскія НПЗ дасягнула лічбы 37. Але толькі з пачатку гэтага года ўжо адбылося 15 атак БПЛА на 13 НПЗ у 9 рэгіёнах Расеі. З іх значныя пашкоджанні атрымалі 8 аб’ектаў.

НПЗ у Куйбышаве, атакаваны дронам.
Крыніца: 24tv.ua

Найбольш масавай і найбольш «плённай» можна назваць атаку 16 сакавіка 2024 года, калі ад удараў дронаў пацярпелі Навакуйбышаўскі, Куйбышаўскі і Сызранскі нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Паводле ацэнак некаторых экспертаў, сумарна гэтыя заводы перапрацоўвалі каля 25 мільёнаў тон нафты, што дасягала 10 % усёй нафтаперапрацоўкі ў Расейскай Федэрацыі.

У гэтых умовах два беларускія НПЗ разглядаюцца як магчымасць пакрыць недахоп паліва, якое сёння так неабходнае не толькі спажыўцам унутры Расеі, але ў першую чаргу расейскай арміі. Бо НПЗ Беларусі «вырабляюць у цэлым даволі сур’ёзныя аб’ёмы, якімі можна часткова насыціць патрэбы РФ», казаў у свой час дырэктар групы карпаратыўных рэйтынгаў АКРА Васілій Тарнукоў.

Сапраўды, на сённяшні дзень магчымасці як Наваполацкага НПЗ «Нафтан», так і Мазырскага НПЗ складае 12 мільёнаў тон у год для кожнага прадпрыемства (каля 240 тысячаў барэляў у дзень). Але вядома, што абодва заводы перапрацоўваюць усяго толькі па 9 мільёнаў тон у год кожны (каля 180 тысячаў барэляў у дзень), што кажа пра магчымасць павелічэння загрузкі магутнасцяў гэтых прадпрыемстваў.

Патэнцыйна сапраўды можна казаць пра магчымасць беларускага рэжыму зарабіць на продажы паліва ў Расейскую Федэрацыю, але тут ёсць некалькі як эканамічных, так і палітычных момантаў, пра якія мы паразмаўлялі з экспертамі ў галіне эканомікі і палітыкі.

Каментар
Расея збіраецца зрабіць невыгоднымі пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на свой рынак
2023.08.09 00:35

Эканамічна не вельмі выгадна

Крыніцы Reuters адзначаюць, што перамовы паміж беларускім і расейскім бокам наконт продажу паліва ідуць вельмі складана: рэжым Аляксандра Лукашэнкі аддае перавагу адпраўцы паліва на міжнародныя рынкі замест таго, каб прадаваць яго «старэйшаму брату». Адметна, што пры гэтым пераважная большасць паставак на рынкі трэціх краінаў усё адно вядзецца праз тэрыторыю Расеі, у прыватнасці, ейныя парты ў Балтыйскім моры.

«Трэба разумець, што нашыя НПЗ у асноўным працуюць на расейскай нафце. То бок аб’ёмы [нафты], якія пастаўляюцца беларускім НПЗ, узгадняюцца кожны год. Калі нічога не мяняецца, і гэтыя аб’ёмы ідуць, то адпаведна той бензін, які Беларусь пастаўляе ў Расею, яна магла б адпраўляць на знешнія рынкі. І тут пытанне ў цане: мы не ведаем, па якой цане ідзе рэалізацыя бензіна ў Расею, але з улікам таго, што гэта ўнутраны рынак, на якім заўсёды ў Расеі больш нізкія цэны продажу, то адпаведна вялікай маржы для Беларусі там не будзе», – адзначае экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «Beroc» Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: nokta.md

Другі момант, на які звярнула ўвагу наша суразмоўніца, гэта тое, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку нафтапрадуктаў. Але рашэнне пра павелічэнне аб’ёмаў продажу ў Расею зноў жа арыентуе беларускі гандаль выключна на расейскі рынак, што таксама можна адзначыць як негатыўны фактар.

«Такім чынам, можна казаць, што для Беларусі на тых умовах, на якіх зараз здзяйсняюцца пастаўкі, – гэта не самы аптымальны варыянт. Для Беларусі аптымальнай магла б быць сітуацыя, калі б адбылося павелічэнне паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ, то бок Беларусь бы працягнула перапрацоўваць ужо ў большых аб’ёмах расейскую нафту, частка з якой пастаўлялася б на расейскі ўнутраны рынак у выглядзе бензіна, і нязменныя або большыя аб’ёмы ішлі б на экспарт у іншыя краіны», – кажа экспертка.

Паліва – не збожжа, а тавар для войска

Эканаміст-міжнароднік і публіцыст Алесь Чайчыц звяртае ўвагу на тое, што паліва – гэта не збожжа і не «нейкія бяскрыўдныя тавары», а тавар, які непасрэдную ролю адыгрывае для войска, для расейскай вайсковай тэхнікі.

Пры гэтым ён звяртае ўвагу на тое, што, з аднаго боку, Лукашэнку, здаецца, зноў пашанцавала зарабіць на вайне, бо сумы прыбытку на паліве могуць даходзіць да 1,5–2 мільёнаў еўра ў месяц. Але, з другога боку трэба паглядзець на карту, каб зразумець, што «ад гэтага шанцавання Лукашэнку можа быць дыскамфортна», бо Мазырскі і Наваполацкі НПЗ знаходзяцца ў зоне патэнцыйнага паражэння ўкраінскімі сіламі.

«Таму будзем глядзець, наколькі Лукашэнка будзе гатовы адмовіцца ад некаторых лішніх прыбыткаў ва ўмовах, калі фінансы востра патрэбныя, таму што гэта таксічныя грошы. Якія будуць ісці закулісныя перамовы з украінцамі і што ён дасць украінцам узамен на гэта? Тут патэнцыйна вялікае поле для закулісных перамоваў, для нейкіх дагаварнякоў, пра якія мы даведаемся калі-небудзь пазней», – падкрэслівае Алесь Чайчыц.

Беларусь закрые патрэбы расейскай арміі ў паліве

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» пагадзіўся з тым, што Беларусь фактычна будзе закрываць патрэбы расейскай арміі ў паліве, бо аб’ёмы вытворчасці ўласнага паліва ў Расеі скарачаюцца з-за атак украінскіх дронаў. І хутчэй падобныя атакі працягнуцца, бо Кіеў бачыць у гэтым паспяховы вектар развіцця, нягледзячы на незадаволенасць Захаду.

«Так што Расея мусіць шукаць іншае выйсце. Акрамя Беларусі, іншых магчымасцяў няма. Хутчэй за ўсё, [аб’ёмы продажу паліва] будуць павялічвацца. Так што для Лукашэнкі ёсць тут і пазітыўны бок, і негатыўны. Кожны раз, калі Расея ад яго ў чым-небудзь залежная, ён атрымлівае пэўныя дывідэнды», – кажа наш суразмоўца.

У той жа час Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу, што такім чынам Лукашэнка будзе дапамагаць Расеі, і, верагодна, гэтае паліва сапраўды будзе актыўна выкарыстоўвацца расейскай арміяй ва Украіне. У сувязі з гэтым узрастае небяспека, што Кіеў захоча адказаць на такія дзеянні: таму можна будзе чакаць атак, дыверсіяў.

«Але я б не перабольшваў верагоднасць таго, што гэта адбудзецца, бо для Украіны гэта мае і шмат мінусаў: [гэта] можа пагоршыць сітуацыю на мяжы з Беларуссю, можа прымусіць Лукашэнку яшчэ больш актыўна дапамагаць Расеі, ну і гэта абсалютна не спадабаецца Захаду… Але хто ведае, якім разлікам будзе карыстацца Украіна?» – падкрэсліў Аляксандр Фрыдман, адзначыўшы, што атака на беларускія НПЗ для Кіева – гэта апошняя опцыя.

Што датычыць самога Лукашэнкі, то Аляксандр Фрыдман адзначае, што Лукашэнка разумее ўсе рызыкі, але пры гэтым у яго наўрад ці ёсць магчымасць у такім важным пытанні сказаць Уладзіміру Пуціну: «Прабач, я баюся, што яны [украінцы] удараць па маіх НПЗ, таму я не буду вам дапамагаць». «Ну, няма ў яго такой магчымасці, – кажа палітычны аглядальнік, – таму ён і робіць адпаведныя крокі».

Папярэджанне ад Украіны

Яшчэ адзін важны момант, на які мы звярнулі ўвагу: днямі Украіна прызнала датычнасць сваіх спецслужбаў у лютым 2023 года да атакі на расейскі самалёт А-50, размешчаны ў Мачулішчах. Мы пацікавіліся ў Аляксандра Фрыдмана, ці не з’яўляецца гэта своеасаблівым папярэджаннем для беларускіх уладаў аб тым, што ў выпадку чаго, падобныя дыверсіі могуць паўтарыцца.

«Тут галоўнае пытанне, хто робіць [гэтыя заявы] і хто кажа. Гэта сказаў Васіль Малюк, які кіруе Службай бяспекі Украіны. А мы ж ведаем, што такія людзі так проста нічога не кажуць, яны ўзважваюць кожнае слова…

Таму тое, што яны робяць гэтыя заявы менавіта зараз, я б успрымаў як сапраўды месэдж Лукашэнку: глядзіце, тады мы гэта зрабілі на беларускай тэрыторыі, нягледзячы на ўсе заходнія папярэджанні, нам трэба было пашкодзіць гэты самалёт – і мы гэтага дабіліся, нам трэба было, каб Лукашэнка і Пуцін вырашылі больш не выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ўдараў па Украіне, – мы гэтага дабіліся, нягледзячы на ўсе пагрозы і інш. Так што я б успрымаў як адно з папярэджанняў Лукашэнку», – кажа наш суразмоўца.

Аналітыка
Вайна на тэрыторыі Расеі: як далёка Украіна можа дацягнуцца і на што гэта ўплывае?
2024.03.20 07:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў