Як выглядае беспрацоўны беларус? Белстат склаў партрэт


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў справаздачу пра занятасць беларусаў у 2023 годзе. З яе вынікае, што амаль 70% беларусаў занятыя ў эканоміцы, а ўзровень беспрацоўя складае 3,5%. Сярод беспрацоўных больш мужчын, а жанчыны часцей маюць некалькі прац. Паглядзелі, якія яшчэ характарыстыкі занятых і беспрацоўных беларусаў вылучыў Белстат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі чакаюць на прыпынку грамадскага транспарту на Нямізе. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Партрэт занятага беларуса: жанчына з вышэйшай адукацыяй, якая жыве ў горадзе

Заняты ў эканоміцы беларус, дакладней, беларуска – гэта 42-гадовая жанчына, якая жыве ў горадзе, мае вышэйшую адукацыю, працуе ў сферы паслугаў. Такая карціна вымалёўвацца з дадзеных, якія прыводзіць Белстат.

Агульны ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, – 67,3% сярод насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў. У працаздольным узросце – 83,6%. Сярод насельніцтва з 15 да 74 гадоў працуюць 63,4% усіх беларускіх жанчын і 71,7% мужчын, а вось калі браць працаздольны узрост, то занятыя у працы 84,3% жанчын і 82,9% мужчын.

Сярэдні ўзрост занятага чалавека ў Беларусі – 42,1 гады.

Сярод працуючых жанчын у Беларусі большасць – ва ўзросце ад 30 да 39 гадоў – 28,3%. Ад 40 да 49 гадоў маюць 27,1% жанчын, занятых у эканоміцы, больш за 60 гадоў – толькі 5,9%.

З мужчынамі сітуацыя падобная: з працуючых большасць мае ад 30 да 39 гадоў – 28,7%. Крыху меншай колькасці – 24,9% – ад 40 да 49 гадоў. 9,3% занятых у беларускай эканоміцы мужчын старэйшыя за 60 гадоў.

Большасць занятых у Беларусі – гарадскія жыхары – 79,6%. У вёсках пражываюць 20,4% працуючых беларусаў.

Жанчыны часцей за мужчын маюць дадатковую працу і валанцёраць

Беларускія жанчыны больш адукаваныя. Калі сярод занятых мужчын 29,4% маюць вышэйшую адукацыю, то сярод жанчын – 42,1%.

Мужчыны аддаюць перавагу прафесійна-тэхнічнай, яе маюць  34,7% працуючых беларусаў, 19,1% – сярэднеспецыяльную, 15,2% – агульную сярэднюю, 1,6% – агульную базавую.

Сярэднеспецыяльная адукацыя ёсць у 26,6% працуючых жанчын, прафесійна-тэхнічная – у 19,7%, агульная сярэдняя – у 10,6%, агульная базавая – у 1%.

69,8% беларусаў, якія маюць дадатковую працу – жанчыны.

Мужчыны адпрацоўваюць больш гадзінаў на тыдні ў параўнанні з жанчынамі. Так, 5,2% мужчын працуюць больш за 40 гадзінаў, сярод жанчын гэты паказнік – 2,7%.

Жанчыны пераважна працуюць у сферы паслуг – іх там 62,5%, мужчынаў у гэтай галіне – 37,5%. Затое ў вытворчасці больш мужчын – 67,3%, жанчын – 32,7%.

Агляд
Айцішнікі, лётчыкі і выхавальнікі. Паглядзелі, у каго самыя вялікія заробкі
2024.02.28 16:42

Амаль ўсе беларусы – 95,5% занятага насельніцтва – працуюць па найме. З тых 4,5%, што працуюць на сябе, толькі 0,8%  маюць наёмных працаўнікоў.

Гэта жа як і ў працы, у Беларусі больш жанчын, занятых у валанцёрстве. Галоўная «жаночая» валанцёрская галіна – дапамога бяздомным жывёлам – у ёй занятыя 53,9%. Сярод мужчын жывёлам дапамагаюць 24,1%. Мужчыны больш валанцёраць у сацыяльнай галіне (16,5%), жанчын у гэтай сферы – 13,3%, на добраўпарадкаванні і ачыстцы населеных пунктаў – 19,7% мужчыын, жанчын тут толькі 6%.

Сярэдні ўзрост валанцёра ў Беларусі – 46,9 гады, 68,6% з іх занятыя на рынку працы.

Hавiны
Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі працягвае зніжацца
2024.02.27 16:03

Беспрацоўных больш сярод мужчын

Узровень беспрацоўя ў Беларусі аднолькавы ва ўзроставых групах ад 15 да 74 гадоў і сярод працаздольнага насельніцтва – 3,5%. У абедзвюх групах менш беспрацоўных жанчын – 2,8 і 2,7%. Беспрацоўных мужчын у абедзвюх групах – 4,1%.

Найбольш беспрацоўных сярод гарадскога насельніцтва – 77% ад агульнай колькасці незанятых у эканоміцы. Вясковых жыхароў сярод беспрацоўных – 23%. Сярэдні ўзрост беспрацоўнага беларуса – 38,6 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць каля чыгуначнага вакзалу ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Партрэт сярэднестатыстычнага беспрацоўнага ў Беларусі выглядае так: 39-гадовы мужчына, які жыве ў горадзе, мае прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Большасць беспрацоўных сярод маладых. Большасць беспрацоўных мужчын знаходзяцца ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў – 31%. Падобная лічба сярод беспрацоўных жанчын – 31,6% маюць ад 15 да 29 гадоў.

20,1% беспрацоўных мужчын прыходзяцца на ўзроставую групу ад 40 да 49 гадоў, 19,6% – на 50 – 59 гадоў. 7,1% беспрацоўных мужчын маюць больш за 60 гадоў.

19,4% ад агульнай колькасці незанятых жанчын знаходзяцца ва ўзросце ад 40 да 49 гадоў, 15,2% – маюць ад 50 да 59 гадоў, 9% – старэйшыя за 60 гадоў.

Большасць беспрацоўных мужчын маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю – 34,3%. У 17,8% незанятых мужчын – вышэйшая адукацыя, у 17,6% – сярэднеспецыяльная, у 26% – агульная сярэдняя, у 4,2% – агульная базавая.

Сярод беспрацоўных жанчын большасць маюць вышэйшую адукацыю – 29,4%, сярэднеспецыяльную – 24,9%, прафесійна-тэхнічную – 19%, агульную сярэднюю – 21,9%, агульную базавую – 4,5%.

Беспрацоўных мужчын больш, чым жанчын – 59,9% супраць 40,1%.

Сярэдні час, які сыходзіць у беспрацоўнага беларуса на пошук працы – 7 месяцаў.

Hавiны
У Беларусі ў 2023 годзе больш звальнялі, чым прымалі на працу
2024.02.01 11:27

У студзені 2024 года ў Беларусі былі занятыя 4 мільёны 129 тысяч 100 чалавек. У параўнанні са снежнем 2023 года гэтая лічба стала меней на 11,1 тысячы.

Зніжэнне ўзроўню занятасці адбываецца рэгулярна. У 2022-м занятых было 4,214 млн, у 2021-м – 4,284 млн, у 2020-м – 4,319 млн, у 2019-м – 4,334 млн, у 2018-м – 4,337 млн асобаў. А дзесяць гадоў таму, у 2013-м, сярэднегадавая колькасць занятых складала 4 578 млн – то бок амаль на 450 тысячаў болей, чым цяпер.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў