Як даваць парады Святлане Ціханоўскай і ўводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі?


Ці сімпатычная Мікалаю Халезіну Святлана Ціханоўская як палітык?

Мікалай Халезін з жонкай Наталляй Калядой апынуліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года за мяжою і адразу ж пачалі кампанію ўвядзення санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, бо ўсе іхныя сябры трапілі ў турму праз палітычны пераслед. У Свабоднага тэатру была вельмі добрая рэпутацыя ў свеце, што дазволіла ім стаць дарадцамі наконт Беларусі, у Дзярждэпартаменце ЗША і ў Міністэрстве замежных справаў Вялікай Брытаніі.

«Мы сказалі, што для таго, каб вызваліць палітвязняў, трэба ўводзіць санкцыі. І тады дзяржсакратаром была Гілары Клінтан. Яна пайшла насустрач ва ўсіх пытаннях, і ўмомант былі ўведзеныя санкцыі, гэта адбылося літаральна за тыдні. І адразу ж пачалі вызваляць палітвязняў».

Цяпер рэжым не ідзе на вызваленне палітвязняў, бо стаўкі вышэйшыя, лічыць Халезін, – тады не стаяла пытанне пра адхіленне Лукашэнкі ад улады.

Мікалай Халезін. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Вам сімпатычная Святлана Ціханоўская як чалавек?

– Так.

– Вам сімпатычная Святлана Ціханоўская як палітык?

– Так.

– Святлана Ціханоўская прасіла калі-небудзь у вас парады?

– Так.

– Вы дапамагаеце Святлане Ціханоўскай у прыняцці якіх-небудзь рашэнняў?

– Так.

Паліграф: праўда.

Мікалай Халезін. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Халезін лічыць, што на Святлану Ціханоўскую складана паўплываць, яна мае ўласнае меркаванне і сваё бачанне.

«Франаку Вячорку, Валеру Кавалеўскаму і Паўлу Латушку, каму заўгодна Святлана Ціханоўская можа сказаць «не», і яна гэта гаворыць рэгулярна. Таму што яна мае сваё бачанне, яна не чалавек, якім лёгка маніпуляваць. І ўвогуле, па-мойму, не чалавек, якім можна маніпуляваць. Яна дастаткова жорстка выказвае сваю пазіцыю, калі гэтую пазіцыю яна прыняла. Але што мне больш за ўсё падабаецца, што яна і тваю выслухоўвае пазіцыю».

На пытанне: ці хоча ён стаць прэзідэнтам, быў катэгарычны адказ: «Не». І паліграф Халезіну паверыў. Госці праграмы «Шчыра кажучы» найчасцей, адказваючы на гэтае пытанне, кажуць не шчыра – то бок, яны б хацелі стаць прэзідэнтамі Беларусі. Чаму ж Мікалай Халезін не хоча?

«Я думаю, што гэта тыя госці, якія не дужа добра ведаюць, што гэта за прафесія. (…) Я ведаў аднаго чалавека асабіста, які быў прэзідэнтам, не жадаючы гэтага, ён быў апекуном беларускага Вольнага тэатру. Гэта Вацлаў Гавэл. Калі я спытаў у яго, чаму вы сталі прэзідэнтам, ён сказаў: у мяне не было выйсця. Ён быў драматург, ён спакойна, добра адчуваў. (…). І ён кажа: яны прыйшлі да мяне, і сказалі – ну, на два гады толькі. Таму што ў нас няма каго болей. Кажа, я пагадзіўся, а ў выніку гэта было дзесяць гадоў прэзідэнцтва ў трох краінах».

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

belsat.eu

Стужка навінаў