У Беларусі пашырылі спіс ВНУ, куды можна паступіць без ЦТ


Школьнікі ў Беларусі могуць зрабіцца студэнтамі, не здаючы цэнтралізаванага тэставання. Адзін са спосабаў – перамагчы або зрабіцца прызёрам універсітэцкай алімпіяды (уладальнікі дыпломаў I, II і III ступені). Сёлета іх будзе праводзіць 21 ВНУ краіны. Рэгістрацыя ўдзельнікаў ужо пачалася, піша smartpress.by.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Звязда

Хто можа ўдзельнічаць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах?

Ва ўніверсітэцкіх алімпіядах можа паўдзельнічаць любы адзінаццацікласнік. Неабходна запоўніць заяўку на сайце ўніверсітэту. Некаторыя ВНУ дазваляюць абраць толькі адзін прадмет, а некаторыя даюць паспрабаваць сілы ў некалькіх. Напрыклад, Віцебскі медычны ўніверсітэт дазваляе выбраць адразу тры дысцыпліны.

Рэгістрацыя на ўдзел у алімпіядах ужо пачалася. У кожным універсітэце свае тэрміны. Іх лепш удакладніць, патэлефанаваўшы ў неабходную ВНУ.

Якія ВНУ праводзяць алімпіяды?

У гэтым годзе спіс пашырылі. Алімпіяды пройдуць у 21 ВНУ. Важна: як і падчас леташняй уступнай кампаніі, такія алімпіяды будуць праходзіць толькі ў рэгіянальных ВНУ.

Поўны спіс універсітэтаў можна вывучыць тут.

Як праходзяць выпрабаванні?

Выпрабаванні пройдуць у два этапы. Папярэдні адбудзецца дыстанцыйна. На электронную пошту, якую школьнікі назавуць пры рэгістрацыі, прыйдзе спасылка на алімпіядную працу.

Заключнае выпрабаванне пройдзе вочна. Прычым фінальны этап ува ўсіх ВНУ плануецца правесці ў адзін дзень – 17 лютага. Вынікі будуць падводзіць з 20 лютага да 6 сакавіка 2024 года.

Hавiны
Навучанне ў ВНУ Беларусі падаражэе – міністр адукацыі
2023.11.26 12:20

Тэрміны правядзення алімпіядаў ВНУ вызначаюць самі, як і час, выдзелены на правядзенне выпрабаванняў. Напрыклад, у Гарадзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце на выкананне заданняў онлайн будзе адведзена паўтары гадзіны. Да другога этапу дапусцяць удзельнікаў, якія набралі не менш як 50 %. А пісьмовую працу ў фінале можна будзе выконваць цягам трох гадзінаў.

На якія спецыяльнасці можна паступіць?

На гэты момант спіс яшчэ зацвярджаецца. Раней у Міністэрстве адукацыі паведамлялі, што спіс спецыяльнасцяў сёлета пашыраць. У яго, напрыклад, увойдуць:

  • інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі;
  • робататэхнічныя сістэмы;
  • аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў;
  • прыродазнаўчая адукацыя.

Правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіядаў аднавілі ў Беларусі ў 2022 годзе. Сёлета ў іх удзельнічала прыкладна 2600 школьнікаў. Сярод пераможцаў каля 400 чалавек скарысталіся магчымасцю паступіць у ВНУ без іспытаў.

Нагадаем, што без уступных іспытаў у ВНУ могуць таксама залічвацца пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Але толькі на спецыяльнасці, на якіх прадмет алімпіяды ёсць адным з профільных.

Што да пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, ім дазволена паступіць на педагагічныя і найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці без экзаменаў. Таксама плануецца, што ў 2024 годзе яны змогуць паступіць без здачы ЦТ у рэгіянальныя ВНУ на спецыяльнасці, на якіх прадмет алімпіяды – адзін з профільных.

Hавiны
Даследаванне: амаль траціна беларусаў не працуюць па спецыяльнасці
2023.11.17 18:36

СП, belsat.eu

Стужка навінаў