Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка можа запрасіць «Хамас» у Беларусь


Расея першая ў свеце прыняла дэлегацыю «Хамасу» пасля наземнага тэракту супраць Ізраілю 7 кастрычніка. Палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман называе гэта лагічным і нават прагматычным, бо Пуцінскі рэжым бачыць у гэтых стасунках карысць для сябе. Пра гэта эксперт распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Расейскаму боку трэба было разумець, якія там справы. Ды і ўвогуле, калі кантактаваць з “Хамасам”. Расейскі ж бок імкнецца паказаць, што ён фактычна адзіны, хто ў стане размаўляць і з Ізраілем, і з палестынцамі, а менавіта з “Хамасам”. Так што такі пэўны палітычны капітал трэба было атрымаць, ну, і даслаць сігнал заходняму свету: вось глядзіце, на якім баку мы знаходзімся», – разважае Аляксандр Фрыдман.

Таксама не варта забывацца, на думку эксперта, і на прагматычныя разлікі расейцаў, бо сярод тых, каго ўтрымлівае «Хамас» ёсць і грамадзяне Расеі. І калі б у Пуціна атрымалася вызваліць гэтых людзей, прымусіўшы тэрарыстычную групоўку пайсці на саступкі, гэта можна было б «прадаць як удалую рэакцыю».

«У астатнім жа – гэта працяг шчыльных адносінаў. Расея супрацоўнічае з “Хамасам” ужо працяглы час, і яны не бачылі патрэбы змяніць нешта ў гэтым».

Што да заяваў Лукашэнкі, які доўга маўчаў і цяпер выказаў спачуванні баку Палестыны, то палітычны аглядальнік называе гэтае маўчанне «тактычным», каб не пагоршыць адносінаў з Ізраілем, Іранам і арабскімі краінамі, а ўжо самую заяву – «пуцінскім наратывам». Гэта даказвае, што жадання праяўляць самастойнасць у Лукашэнкі няма.

«Гэта такі дакладны прыклад, што робіць з людзьмі расейская прапаганда».

Таму тэарэтычна візіт «Хамасу» таксама магчымы і ў Беларусь, але, паводле эксперта, самім тэрарыстам гэта не спатрэбіцца, бо Лукашэнка нічога карыснага прапанаваць ім не зможа.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў