Сілавікі актыўна затрымліваюць беларусаў за каментары пра падзеі ў «Крокус Сіці Холе»


Сілавікі затрымліваюць беларусаў за каментары, пакінутыя ў сацыяльных сетках з нагоды падзеяў, якія адбыліся ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». Толькі цягам 27 сакавіка вядома пра некалькі такіх затрыманняў.

Сёння раніцай стала вядома пра затрыманне мужчыны за «негатыўныя каментары» ў інстаграме пад навіной пра тэракт у Падмаскоўі. Вядома, што ён напісаў словазлучэнне «Разанскі цукар» (Гэты мем стаў вядомы пасля падзеяў 1999 года, калі ў Расеі адбылася серыя выбухаў у жылых дамах, падчас якіх загінула шмат людзей, пазней мяшкі з выбухоўкай і надпісам «Разанскі цукар» знайшлі яшчэ ў некалькіх дамах. Адна з версіяў – што за выбухамі стаіць ФСБ.)

Раман Якімянок, затрыманы за каментар.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мужчыну завуць Раман Якімянок, яму 44 гады. Яго таксама абвінавацілі ў адпраўцы паведамленняў у чат-бот канал «NEXTA».

Гарадзенца затрымалі за каментар «все чаще в РФ прилетает ответка» пад навіной пра трагедыю ў «Крокус Сіці Хол». Гэта сілавікі палічылі здзекам з ахвяраў тэракту, што стала падставай для затрыманняў. Мужчыну абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Ён нібыта таксама заклікаў украінцаў бамбіць расейскія гарады ў адказ.

Затрыманне гарадзенца за каментар.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Акрамя таго, у Гомельскай вобласці за каментары былі затрыманыя мінімум чатыры чалавекі. Гэтыя каментары сілавікі называюць «цынічнымі», што, на іх погляд, з’яўляецца падставай для затрымання.

Так, адзін з затрыманых напісаў наступнае:

«Ва Украіне кожны дзень кучы нявінных мірных жыхароў гінуць ад абстрэлаў расейцамі гарадоў. Дзе жалобы? Ці ўсе настолькі крывадушнікі?».

Затрыманая дзяўчына здзіўлялася ў каментарах: «Чаму нічога не адмяняюць, калі ва Украіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае».

Беларуска, затрыманая за каментар пад навіной пра падзеі ў «Крокус Сіці Холе»: «Чаму нічога не адмяняюць, калі ва Украіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае».
Фота: скрыншот з відэа ў тэлеграм-канале сілавікоў

Яшчэ адзін малады чалавек здзіўляўся таму, як тэрарысты маглі «тэлепартавацца» ў Бранскую вобласць за пяць гадзін у пятніцу, «калі коркі ў Маскве кіламетровыя»: «Ліха па вушах ездзяць, да нестыковачак шмат у людзей па гэтым сцэнары», – адзначыў мужчына.

Мужчына ў гадах, на «пакаяльным відэа» кажа, што напісаў нападпітку сваё меркаванне адносна тэракту. Ніжэй сілавікі прывялі ягоныя словы: «Трызненне… Прыдумалі б штосьці папрыгажэй». Так, відаць, затрыманы выказваў свой недавер афіцыйнай версіі расследавання тэракту. Але гэта, па ўсім відаць, не спадабалася беларускім сілавікам.

Нагадаем, што гэта далёка не першыя затрыманні за каментары з нагоды тэракту ў «Крокус Сіці Хол». Так, вядома, што 25 сакавіка затрымлівалі блогерку Жанну Волкаву, якая апублікавала відэа з рэцэптам сасісак у цесце, але пры гэтым пракаментавала, што з аднаго боку пару штук падгарэлі. «Магчыма, гэта прыляцеў бумеранг, бо шкада і ўкраінскіх дзяцей, праўда?», – пракаментавала гэта блогерка. Яе затрымалі і прымусілі прасіць прабачэння на камеру. Вядома, што пазней жанчыну адпусцілі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў