«ByPol» высветліў асобу «ціхара» з акцыі на Дзень Волі ў Вільні, але ён апынуўся іншым чалавекам


«ByPol» нібыта высветліў асобу мужчыны, які здымаў на відэа ўдзельнікаў акцыі на Дзень Волі ў Вільні. Аднак пазней высветлілася, што гэта не колішні міліцыянт Андрэй Трапашка, як першапачаткова заявілі ў «ByPol», а літоўскі журналіст Дарус Матайціс.

Дарус Матайціс (злева) і падазраваны беларускі сілавік (справа). Крыніца: 15min.lt

25 сакавіка на віленскай акцыі да Дня Волі заўважылі мужчыну, вельмі падобнага да ціхара, якіх заўсёды бачылі на апазіцыйных мітынгах у Беларусі. Ён, застаючыся з боку ад удзельнікаў свята, фіксаваў на відэакамеру тое, што адбываецца, паведаміла аб’яднанне «ByPol» у сваім Telegram-канале. Першапачаткова арганізацыя заявіла, што высветліла асобу мужчыны: нібыта гэта колішні супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы ДАІ Менскай вобласці Андрэй Трапашка.

Аднак пазней стала вядома, што гэта літоўскі журналіст Дарус Матайціс, прадстаўнік Scanpix Baltics у Літве.

Пасля высвятлення сапраўднай асобы мужчыны «ByPol» прынёс свае прабачэнні журналісту, а таксама беларусам, за прадстаўленую няправільную інфармацыю. «ByPol» патлумачыў, што памылка адбылася праз тое, што «дадзеныя людзі маюць вялікую ступень падабенства паміж сабой».

Сяргей Крот, Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў